Легенды і паданні нашага краю

У мінулым годзе нашы чытачы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з легендамі розных куткоў Беларусі. На гэты раз прапануем вашай увазе паданні Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласці, сабраныя мясцовым журналістам Барысам Вырвічам.

Юркаў Брод

На поўдзень ад вёскі Мяжонка раскінулася велізарнейшае балота. У старыя, яшчэ паганскія часы на месцы яго знаходзіліся лугі, пашы, лясы, палі. І стаяла тут вёска Броньсевічы, у якой жылі добрыя, працавітыя людцы. І быў сярод іх адзін хлопец. Юркам яго звалі.

У мінулым годзе нашы чытачы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з легендамі розных куткоў Беларусі. На гэты раз прапануем вашай увазе паданні Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласці, сабраныя мясцовым журналістам Барысам Вырвічам.

Юркаў Брод

На поўдзень ад вёскі Мяжонка раскінулася велізарнейшае балота. У старыя, яшчэ паганскія часы на месцы яго знаходзіліся лугі, пашы, лясы, палі. І стаяла тут вёска Броньсевічы, у якой жылі добрыя, працавітыя людцы. І быў сярод іх адзін хлопец. Юркам яго звалі.

Каля самае вёскі працякала невялікая рачулка. Задумалі аднойчы чэрці запрудзіць рэчку, павярнуць яе плынь з поўдня на поўнач, каб усю гэту прыгожую, квяцістую зямлю ператварыць у гнілое, смярдзючае балота і ладзіць потым у багнявішчы свае чартоўскія шабашы ды ігрышчы.

Нацягалі яны камення, дрэў панаварочвалі — стварылі-такі запруду і назвалі яе Чортавай грэбляй. І стала рэчка разлівацца па лясах, палях, агародах, пачалі забалочвацца палі ды сенажаці.

Бачаць людзі — дрэнна будзе, калі не даць рады гэтай навале. Думалі яны, думалі... І нарэшце Юрка прыдумаў. Ён прапанаваў аднавяскоўцам выкапаць глыбокае возера, каб уся вада збеглася туды.

Уся прырода пачала дапамагаць людзям: звяры рылі зямлю, а птушкі ў дзюбах адносілі яе далей ад яміны. Значна пазней на тым высокім месцы, куды зносілася зямля, вырас лес, які людзі назвалі Высокі Бор.

Праз некалькі гадоў цяжкай працы возера было выкапана, яно, як і казаў Юрка, запоўнілася вадой. Лішак яе адводзіўся па канаве, выкапанай у абход чортавай грэблі да старога рэчышча. З цягам часу канава паглыбілася, пашырылася ў берагах і ператварылася ў сапраўдную раку.

І зноў людзям стала добра. Балота больш не наступала, заквітнелі сады, зазелянелі лугі, ураджай на агародах пачаў вырастаць яшчэ лепшы за ранейшы.

Але не хацелі змірыцца з гэтым і чэрці — змарнавалася іх праца, людзі жывуць шчасліва і ў дастатку. Раззлавалася нячыстая сіла і надумалася звесці са свету Юрку. А за ім і ўсіх вяскоўцаў.

Аднойчы, калі юнак гуляў ля рэчкі са сваёй каханай, чэрці знянацку накінуліся на яго. Юрка быў хлопцам не слабым. Магчыма, ён і адужаў бы нечысць, але ж надта шмат яе было. Спаўзлася адусюль.

Ратуючы каханую, Юрка загінуў. Укінулі чэрці яго цела ў рачулку, завалілі ламаччам, а зверху яшчэ і цяжкімі дрэвамі прыціснулі.

Дзяўчына паспела дабегчы да возера ды ад гора і страху — бо пасля расправы над Юркам нячысцікі кінуліся ўслед за ёй — скокнула ў ваду і ўтапілася.

І адразу ж возера стала сінім-сінім — як напоўненыя слязамі блакітныя вочы дзяўчыны.

З таго часу і завецца места, дзе загінуў хлопец, Юркавым Бродам, а возера паміж вёскамі Мяжонка і Дулебы — Блакітным. А вось ад Чортавай грэблі і знаку не засталося. Захавалася ў памяці людзей толькі адна назва.

Гняздзін

У тыя пракаветныя часы Гняздзін быў зусім маленькай вёсачкай, і яе аблюбавалі буслы. А гэтае здарэнне надарылася яшчэ тады, калі буслы ў вырай не ляталі. Яны жылі з людзьмі і зімой, сябравалі з людзьмі.

А вораг роду людскога, чорт, не любіць, калі ўсё ідзе добрым ладам. Вось і вырашыў чорт пасварыць людзей з бусламі. І дабіўся, нячысцік, свайго. Сталі гняздзінцы злоснымі, нецярпімымі, крыўдзілі адзін аднаго, жывёл і птушак перасталі шанаваць.

Неяк увосень сабраліся ўсе буслы і пакінулі гэтых людзей. Засталіся на дрэвах толькі іхныя гнёзды. І так іх многа было, што саму вёску назвалі Гняздзін.

Праз некалькі гадоў буслы даравалі-такі людзям і вярнуліся па вясне на радзіму. Але зноў доўга вытрымаць цяжкога характару гняздзінцаў не змаглі і цяпер ужо назаўсёды пакінулі гэту вёску. А разам з імі зляцелі і многія іншыя птушкі.

Васількі

Даўным-даўно жыў тут чалавек. Зваўся ён Васілём. Вельмі любіў Васіль кветкі, а таму і сам вырошчваў іх. Новым кветкам даваў імёны.

Аднойчы ў яго садзе з’явілася новая кветачка. Была яна блакітнага колеру. Яна ўмела размаўляць і пры першым спатканні папрасіла Васіля, каб ён хутчэй даў ёй імя. Прыгожае, мілагучнае.

Доўга-доўга думаў Васіль і нарэшце разважыў, што назвы лепшай за Васілёк не прыдумаць.

Васіль з Васільком многа чаго не дагаварылі. Але аб новай кветачцы, якая да таго ж умее гаварыць, даведаўся туташні злосны пан. Ён і загадаў Васілю прынесці кветку да яго ў святліцу.

Пра гэтае няшчасце дачуўся і Васілёк. Ён таксама не хацеў жыць у злоснага чалавека і ператварыўся ў чырвоную нікім незаўважаную кветачку.

Азвярэлы пан люта пакараў Васіля, а напрыканцы мучэння загадаў укінуць яго цела ў рэчку. Так і загінуў Васіль, але кветачка — засталася. А людзі і перайменавалі сваё паселішча Васількамі — як памяць аб Васільку, Васілю і яго кветках.

Прыбарская крыніца

Жыў калісьці ў гэтай мясцовасці (паміж Цяхціном і Прыбарам) пан. І была ў таго пана дачка. Прыгожая і адзіная ў панскай сям’і. Ведама, бацька яе вельмі шкадаваў і шанаваў.

Усяму прыходзіць свой час. Пакахала панская дачка маладога хлопца. Бацьку дзяўчыны ён вельмі не спадабаўся. Забараніў пан строга ім сустракацца.

Але што для закаханых забарона? Калі кахаеш, усе перашкоды адолееш. Вось і вырашылі яны ўцячы, каб жыць-пажываць разам.

Калі пан даведаўся пра іх змову, дачка ўжо ехала ў карэце са сваім каханым.

Бацька пракляў сваю дачку. І ў гэты самы момант, калі ён прамаўляў апошнія словы праклёну, зямля расступілася, і карэта пайшла пад зямлю.

На тым месцы ўтварылася крыніца: паміж вёскамі Цяхцін і Прыбар, каля лесу на лузе. І колькі было непагадзі, засухі, але тая крыніца, як жывая, заўсёды б’е ключом.

Каменны Брод

Захацеў аднаго разу вішоўскі чорт перабрацца ў Нежкаў. Але на ягоным зламысным шляху паўстала рэчка. А чэрці, як усім вядома, не любяць рачной вады. Таму і вырашыў вішоўскі чорт загаціць Вабіч. Ён прывалок воз камення, але калі скідваў яго ў ваду, сам затапіўся.

І цяпер, кажуць вяскоўцы, калі хто будзе ісці праз Каменны Брод ноччу, дык пачуе, як крычыць з таго свету вішоўскі чорт.

Чаму знікла рэчка Цех?

Даўным-даўно праз месца, дзе сёння стаіць Цяхцін, працякала рачулка Цех. Абапал яе берагоў раслі вербалозы, галіны якіх, нізка схіляючыся, купаліся ў вадзе. Па рэчцы плавалі белыя гарлачыкі, у ёй любілі купацца дзеці і дарослыя. І трэба ж было аднойчы такому здарыцца: купаючыся ў рэчцы Цех, утапіўся сын вядзьмаркі.

З гора яна пракляла раку і ў знак свайго пракляцця кінула ў Цех камень. З таго часу знікла рэчка, але ходзіць пагалоска сярод старых людзей: калі знайсці і выкапаць той камень з зямлі, Цех зноў стане ракой.

Асавец

Гэта здарылася вельмі даўно, калі не было яшчэ самой вёскі, а на месцы яе стаяў хутар. Належаў ён маладому і вельмі прыгожаму пану. А на панскай гаспадарцы працавала няпісанай прыгажосці дзяўчына Ася.

Малады паніч, якога звалі Вацлаў, і Ася пакахалі адзін аднаго. Ды бацькі Вацлава не дазволілі ім пабрацца шлюбам. І маладыя вырашылі: лепей памерці разам, чым жыць не сумесна.

Аднойчы на світанні, калі сонейка толькі-толькі пачало ўзыходзіць, яны, узяўшыся за рукі, пайшлі няведама куды. Болей іх ніхто не бачыў і нічога пра іх не чуў.

Мясцовыя людзі вельмі любілі іх, часта ўспаміналі пра іх нешчаслівую долю. Каб ушанаваць памяць пра закаханых, склалі разам іх імёны — Асавец — і далі найменне сваёй вёсцы.

Княгіня

Праз вёску Каліноўка працякае невялічкая рачулка, якая называецца Княгіня. Старыя людзі апавядалі, што ў пракаветныя часы тут жыла вельмі прыгожая дзяўчына. Настолькі прыгожая, што ўсе называлі яе Княгіняй, хоць яна нарадзілася ў простай, беднай сям’і. Дзяўчыну гэту вельмі любілі. Любілі і за яе прыгажосць, і за сціпласць, працавітасць ды ўважлівасць.

Аднойчы ў вёсцы здарылася няшчасце — дзяўчына-прыгажуня ўтапілася. Чаму — ніхто тое не ведаў і не ведае. І вось у гонар яе і празвалі людцы рэчку тую Княгіняй.

Домса

Жыла некалі ў Малым Кудзіне вядзьмарка са сваёй дачкой. Звалі яе Домсай.

Аднаго разу Домса пайшла купацца і… ўтапілася. Маці вельмі плакала-гаравала і выкляла рэчку.

З таго часу і стала рэчка мялець.

Крыкуны

За вёскай Малы Кудзін, побач з шашой, што вядзе ў бок старажытнага Галоўчына, з левага боку размешчаны могілкі. А насупраць іх знаходзіцца паселішча Крыкуны.

Паходзіць найменне яго ад слова крычаць. А чаму крычалі людзі? Ды так, што ажно крык той іхні захаваўся ў памяці — у найменні паселішча?

Пасля рэвалюцыі, калі людзі дзялілі панскую зямлю, жыхары паселішча вельмі крычалі. Іх лямант і разносіўся на ўсё наваколле. Крычалі. Крыкуны, ды і толькі.

Каментаваць