Легендарныя «Навінкі» вяртаюцца?

Пачаў працу сайт Navinki.Today. І ўжо нават адзначыўся ў сацсетках вірусным відэа «Гімн дэнамінацыі».
З'яўленне сайта не пакінула абыякавымі тых, хто добра памятае папулярную напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў сатырычна-палітычную газету «Навінкі». Апошнім часам жыццё падкідвае занадта многа вар'яцкіх інфармацыйных нагод, адрэагаваць на якія належным чынам няма каму.

Паўлюк Канавальчык, былы галоўны рэдактар газеты «Навінкі», з гэтым пагаджаецца:

Апошнія пару гадоў да мяне пастаянна звярталіся чытачы газеты «Навінкі»: «А вось каб была зараз газета «Навінкі»...» Бо сапраўды шыза ў краіне не адпускае, і  часам вельмі карцела на яе нейкім чынам рэагаваць. Таму цягам апошняга года пачала круціцца ідэя, зрабіць інтэрнэт-праект у навінкаўскім духу. Так і аформілася канцэпцыя Navinki.Today — калектыўнага блогу штодзённага рэагавання на нашу «вясёлую» рэчаіснасць.

Адразу адзначу, што гэта варта разглядаць не як адраджэнне газеты «Навінкі», а як новы мультымедыйны праект, каб працягнуць наш эксперымент у галіне прыкладной парапсіхатэрапіі беларускага грамадства.
 
Па словах Канавальчыка, «Navinki.Today» стартуюць у «ветэранскім» складзе.

— Ужо на першых этапах да запуску сталі падцягвацца як былыя аўтары і чытачы, гэтак і новыя людзі, — адзначае Канавальчык. — Усе гэтыя гады мы займаліся хто чым, і цяпер у нас неяк адначасова ўзнікла жаданне зноў сабрацца разам. У нас ёсць агульнае адчуванне, што акурат такога праекту як Navinki.Today не хапае нашыму грамадству, і асабіва нам самім.

Якая канцэпцыя сайта? Ці адрозніваецца яна ад газеты «Навінкі»?

— З часу закрыцця газеты «Навінкі» мінула ўжо больш за 10 гадоў. Дакладна можна сказаць, што Navinki.Today будзе развівацца ў духу газеты «Навінкі», аднак у іншай форме і будзе апераваць іншымі інструментамі, якія не былі даступны для газетнага фармату. Напрыклад, з’явілася магчымасць для эксперыментаў у розных жанрах, найперш мультымедыйных, на чым мы будзем рабіць акцэнт у першую чаргу. Калі ў двух словах акрэсліць канцэпцыю Navinki.Today, то гэта шматжанравая пляцоўка, спецыялізаваная на сацыяльна-палітычнай сатыры, здзеку і сарказме.
 
Газета «Навінкі» ўвесь свой час існавала ў, так бы мовіць, аналагавую эпоху, калі людзі спажывалі інфармацыю пераважна з газет і ТБ. Інтэрнэт-сфера яшчэ толькі развівалася ў той час, і ўсе нашыя спробы рабіць свой сайт абмяжоўваліся збольшага дубляваннем газеты. Цяпер жа можна канстатаваць, што сегмент масавых друкаваных СМІ аб’ектыўна адмірае, людзі штодзённа чэрпаюць інфармацыю найперш з сеціва. Да таго ж аграмадную ролю сёння адыгрываюць сацыяльныя сеткі. Менавіта ўсе гэтыя акалічнасці зрабілі магчымым з’яўленне праекта, і моцна ўплываюць на канцэпцыю Navinki.Today, на тое, як яна будзе развівацца ў будучыні.
 
Navinki.Today — гэта адкрытая пляцоўка для ўдзелу ўсіх жадаючых. Калі вам ёсць што сказаць свету, вы можаце падзяліцца навіной праз адмысловую форму на сайце Navinki.Today.



Каментаваць