«Ліхтарыкаў» Георгія Ліхтаровіча ўжо набралася на два тамы

Вечарам 29 верасня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прэзентавалі двухтомнік выбітнага беларускага мастака і літаратара Георгія Ліхтаровіча «Ліхтарыкі».

Двухтомнік “ліхтарыкаў”


У 2005 годзе ў сталічным выдавецтве «Юніпак» выйшла першая кніжка вершаў пад назвай, сугучнай прозвішчу аўтара, — «Ліхтарыкі», дзе ў чатырохрадкоўях паэт выказвае сваё стаўленне да людзей і падзей. Гэты зборнік быў добра прыняты чытачамі, бо прасякнуты тонкім пачуццём гумару і самаіроніяй, пераканаўча даказвае, што сапраўдная паэзія можа быць афарыстычнай, дасканалай па форме і глыбокай па думцы.

 

Сёлета ў мінскім выдавецтве Змітра Коласа выйшаў двухтомнік «ліхтарыкаў». У 320-старонкавае выданне ўвайшло больш за 600 паэтычных мініяцюр, прыгожа аздобленых вядомым беларускім графікам Сяргеем Стэльмашонкам.

 

Георгія Ліхтаровіча віталі яго сябры і калегі — знаныя постаці айчыннай культуры, а таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.


Ларыса Фінкельштэйн

 

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн зазначыла, што Георгій Ліхтаровіч адзін з нямногіх беларускіх творцаў, хто надзелены адразу двума талентамі — добрага паэта і добрага мастака, які ў сваіх «ліхтарыках» стварае вялікія вобразы, як у тэатры, бо творца адначасова і кадр бачыць і словам валодае.  

 

Мастак Алесь Мара (Аляксей Марачкін) падарыў свайму сябру «свежаспечаны» фаліянт, прысвечаны гісторыі суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.


Алесь Мара і Георгій Ліхтаровіч


Кнігавыдаўца і паэт Валер Дубоўскі падкрэсліў, што ягоны сябра валодае тонкім талентам пранікнення ў сэнс беларускі — краявіду Бацькаўшчыны і душы тых людзей, што сустракаў па жыцці.


  Валер Дубоўскі


 

Рок-музыка Андрэй Плясанаў праспяваў песні на вершы Георгія Ліхаровіча. Які, у сваю чаргу, аддзячыў двухтомнікам Уладзімера Джэйгалу, дзякуючы падтрымцы якога выданне і пабачыла свет.

 

Затым усе ахвочыя чыталі па аднаму «ліхтарыку» — аўтографу паэта, якія ён падараваў кожнаму ўдзельніку сустрэчы. Дарэчы, адзначалася, што змест «ліхтарыкаў» з большага пасуе лёсам чытачоў.

 


Вось адна з такіх мініяцюр:

 

«Верым прымхам, варажбе,

 Ды спрадвеку так вядзецца,

 Казку, што жыццём завецца,

 Кожны піша сам сабе».  


Георгій Ліхтаровіч
     

 

У інтэр’ю НЧ Георгій Ліхтаровіч распавёў: чатырохрадкоўі нараджаліся неяк адвольна, як і іншыя паэтычныя творы, што меркавалася ўключыць у першы аўтарскі зборнік «Агульны сшытак», які выйшаў у 2002 годзе. Аднак выдавец Вячаслаў Лукашык прапанаваў выдаць чатырохрадкоўі асобным зборнікам, які пабачыў свет толькі праз тры гады. А назву кароткіх вершаў падказалі знакамітыя «гарыкі» Ігара Губермана і собскае прозвішча.

 

Георгій Ліхтаровіч у першую чаргу вядомы сваімі творамі ў галіне фотамастацтва. Ён працаваў над фаліянтамі, што прэзентуюць шэдэўры беларускага мастацтва: «Драўлянае дойлідства Палесся», «Беларуская кафля», «Веткаўскі музей», «Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў», «Пластыка Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў», «Іканапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў», «Пляценне з саломкі», «Повязь часоў — беларускі ручнік» і «Слуцкія поясы».


 

Адметным для спадара Георгія стаў 2000 год, калі мастак дадаў да фатаграфій свае вершы, якія атрымалі станоўчую ацэнку народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Менавіта тады фотаальбом «Добры дзень, Беларусь» быў прызнаны «Лепшай кнігай года» на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі».

 

У 2001–2006 гадах творца браў удзел у акцыях памяці Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і працягваў пісаць. Аўтар зборніку паэзіі «Агульны сшытак», дэтэктыўнага рамана «Газ», удзельнічаў у выданні дыска беларускіх песень Галіны і Барыса Вайханскіх «Вяртанне». 




Каментаваць