«Лістапад-2015» пройдзе пад дэвізам «Асалода для вачэй»

22-ты Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 6 па 13 лістапада 2015 года пад слоганам «Асалода для вачэй».



«У лепшых фільмах галоўныя сэнсы хаваюцца не столькі ў рэпліках герояў, колькі ў мізансцэне кадра, гульні святла і цені, драматургіі колеру, мантажных прыёмах. Здольнасць БАЧЫЦЬ фільм, раскрываць яго таямніцы праз выяўленчыя нюансы і дэталі, гатоўнасць атрымліваць асалоду ад сінтаксіса і пунктуацыі кінамовы, з якіх складваецца мелодыя фільма — вось што такое сапраўднае задавальненне. Асалода для вачэй», — тлумачыць задуму канцэпцыі дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ "Лістапад" Ігар Сукманаў.

Кожны год фестываль выступае з новай канцэпцыяй, візуальным выразам якой служыць постэр. Аўтарам постэраў ММКФ "Лістапад" ужо не першы год выступае мастак Аляксандр Камянец.
Светла-сіні колер постера 22-га ММКФ «Лістапад» сімвалізуе колер экрана, неба, касмічнай прасторы, паведамляецца ў прэс-рэлізы арганізатараў фестывалю. 

Штогод ММКФ «Лістапад» паказвае фільмы знакамітых аўтараў і модных маладых рэжысёраў, жанравае і аўтарскае кіно, гульнявыя і дакументальныя стужкі. На 21-м ММКФ «Лістапад» гледачы глядзелі «Такое рознае кіно»; у гэтым годзе сярод разнастайнага фестывальнага кіно глядач дакладна здолее знайсці карціну, якая стане сапраўднай асалодай.

22-і кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 6 па 13 лістапада 2014 года ў Мінску.  Заснавальнікі фестывалю — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Каментаваць