Людзі і павукі

У сусветным кінапракаце з’явілася стужка «Новы Чалавек-павук». 50 гадоў таму комікс пра юнака з ліпкімі далонямі ўвёў новы стандарт героя-падлетка. Сёлетняя стужка працягвае культурніцкія мутацыі.



Сірату Пітэра Паркера, якога гадуюць дзядзька і цётка, пакусаў павук. Хлопец пачаў выкідаць павуціну, гайдацца на хмарачосах, прыдбаў чырвона-сіні касцюм і пераўтварыўся ў ворага гарадской злачыннасці. Пра надзвычайныя здольнасці марыць і аднарукі доктар Конар, які пераўтвараецца ў аграмаднага зялёнага паўзуна з мярзотнымі звычкамі і кепскім характарам. Чалавек-павук Пітэр Паркер ратуе горад ад Звераяшчара.

Карціна Марка Уэба — павучыны атракцыён-драма, дзе на першы план выходзяць эмоцыі падлетка. Не столькі бойкі — хаця яны ёсць, не столькі палёты па горадзе — хаця і іх дастаткова, не столькі касцюмныя карасканні — іх таксама ўдосталь, але пакуты падлетка, які сталее і не ведае, што з гэтаю сталасцю рабіць. Пры гэтым акцёр Эндру Гарфілд часцей на экране без маскі, чым у фірмовым павучыным касцюмчыку. А калі гэты касцюм апрануты — маска почасту зрываецца.

Паказальна, што стужка з’явілася, калі не паспеў яшчэ сцішыцца розгалас ад папярэдняй экранізацыі: трылогіі Сэма Рэймі пра Чалавека-павука (першая фільм з’явіўся ў 2002 годзе, апошні — у 2007). Такая ўпартасць, падмацаваная някепскімі касавымі зборамі, сведчыць, што вобраз юнака-мутанта значна большы за штукарскую вынаходку з кампутарнымі эфектамі.

Людзі, здольныя пераўтварацца ў звяроў ці, прынамсі, мець іхнія якасці — сталыя персанажы чароўных казак. Царэвіч, які становіцца шчупаком ці птушкай, царэўна-жаба, асілкі, народжаныя ў незвычайных абставінах, — водгулле забытага татэмізму, калі людзі лічылі жывёл продкамі і апраналі іхнія маскі. Маскі чалавека-кажана і нават Зора гэтую традыцыю працягваюць, але павучыная маска — гэта нешта іншае для гарадскіх джунгляў.

Па-першае, павук, у якога пераўтвараецца герой, — гэта істота, непрыемная нават у жывёльным царстве. Калі Стэн Лі і Стыў Дзітко ў 1962 годзе выпусцілі першыя коміксавыя прыгоды Чалавека-павука, гэта выклікала насцярожанасць у выдаўцоў, якія не верылі, што нехта купіцца на «Павука».

Але іншы чыннік павучыных прыгодаў важнейшы. Герой не проста сірата, але цалкам самадастатковы падлетак, які цешыцца нованабытай сілай. Героі казак — з татэмным радаводам — былі дакладна ўлучаныя ў грамадства, хаця і мелі экстравагантныя здольнасці. У ранніх гарадскіх коміксах падлеткі толькі дапамагалі дарослым ці мелі настаўнікаў.

Чалавек-павук усё заблытаў. Ён сам па сабе. Ён сам сябе стварае, змяняе, сам вучыцца лётаць, караскацца і караць ворагаў. Трыумф індывідуалізму — і павучыная маска на галаве. Усе повязі з традыцыяй перарваныя: любыя мутацыі на ваш густ. Духоўныя сваякі Чалавека-павука — Людзі Х — цвеляць аслабелых дарослых, а японскі «Акіра» — падлеткавы постапакаліпсіс, які быў бы немагчымы без павучынай затраўкі.

У павучыных прыгодах на першы план найчасцей выходзіць трук. Мультыплікацыйны серыял 1967 года, японскі серыял 1978 года з робатамі і машынамі, папулярная серыйная анімацыя 1994 года, і асабліва фільмы Сэма Рэймі, не забывалі пра гэтыя трукі.

Фільм Марка Уэба (ці не ўзялі яго ў праект толькі дзеля прозвішча) — падказвае, якія сацыяльныя і псіхалагічныя чыннікі спрыяюць павучыным мутацыям. Радасна хуліганіць Чалавек-павук, закідвае ліпкую сетку Эндру Гарфілд.

«Ды ён проста анархіст!» — крычыць адзін з персанажаў, дый абураецца падлеткавай інфантыльнасці. Але чаго абурацца? Сецевы анархізм з навюткімі гаджэтамі — апошняя стадыя імперыялізму.

Каментаваць