Лех Валенса — на сусветных экранах

Прэм’ерныя паказы новага фільма Анджэя Вайды “Валенса. Чалавек з надзеі” адбыліся ў Венецыі, Таронта і Варшаве. Дваццаць чатыры гады пасля слыннай прамовы ў Кангрэсе ЗША кангрэсменаў чакае чарговае спатканне з Лехам Валенсам, ролю якога выконвае Роберт Вёнцкевіч. Вытворца фільму “Валенса. Чалавек з надзеі” паведаміў, што адзін з замежных паказаў запланаваны ў Вашынгтоне.



Лех Валенса і Анджэй Вайда


У аўторак ў Варшаве адбылася прэсавая канферэнцыя пасля перадпрэм’ернай дэманстрацыі фільма ў Варшаве. Пасля паказаў у Венецыі і Таронта гэта быў трэці афіцыйны прагляд фільма. На абодвух фестывалях фільм пра лідара “Салідарнасці” атрымаў вялікую зацікаўленасць дыстрыб’ютараў з Еўропы і Амерыкі.

Падзеі ў фільме разгортваюцца з 1970 года і завяршаюцца 15 лістапада 1989 года прамовай Леха Валенсы ў Кангрэсе Злучаных Штатаў Амерыкі. Ён распачынае яе словамі: “Мы — народ!”

— Мы хацелі паказаць, як з простага чалавека нарадзіўся лідар, — паведаміў на прэсавай канферэнцыі аўтар сцэнару Януш Главацкі. — Мы стараліся спалучаць драматызм падзей з іроніяй, гратэск з сур’ёзнымі рэчамі.

— Гэта народны герой, — дадаў Анджэй Вайда,— які ў вялікай ступені карыстаўся павагай інтэлігенцыі, ён давёў развіццё падзей ў краіне да перамогі без праліцця крыві.

Стваральнікі фільму ўзгадалі сусветную прэм’еру “Валенсы” на фестывалі ў Венецыі 5 верасня. Воплескамі сустрэлі гледачы Анджэя Вайду і Леха Валесу, які прыехаў на фестываль разам з жонкай Данутай. Анджэя Вайду вітаў дырэктар фестывалю Альберта Барбера.

— Гэта было 15 хвілін авацый, — узгадвае Януш Главацкі. — Ян Павел II і Лех Валенса — гэта палякі, якія ў ХХ стагоддзі запісаны на скрыжалях гісторыі. Постаць Валенсы ўздымала вялізны энтузіязм. Свет ацаніў тое, што ён зрабіў. А у нас — ёсць як ёсць.

— Справа рэжысёра — выдатная лекцыя кіно і лекцыя гісторыі, убачанай не з боку ўладаў, а звычайных людзей, якія неслі яе цяжар, страйкавалі і мелі надзею. Вайда стварыў непаўторныя стужкі, такія, як “Канал”, “Попел і дыямент”, “Чалавек з мармуру”, “Чалавек з жалеза”. Ён атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — “Залатога Льва” ў Венецыі за выбітную творчасць і “Оскара”.

— Для мяне было вельмі важным ,— адзначыў Анджэй Вайда,— каб “Валенса” меў сусветную прэм’еру тут, у Венецыі. З Венецыі ўсе шляхі вядуць у свет. У тым я пераканаўся 55 гадоў таму, калі “Попел і дыямент” атрымаў ўзнагароду крытыкі. Я б хацеў, каб мой апошні фільм таксама распаўсюджваўся па свеце. Лех Валенса з’яўляецца нашым героем, які стварыў новую сітуацыю ў Польшчы і Еўропе.

Анджэю Вайдзе зараз 87 гадоў. Ён здымае выдатныя аўтарскія стужкі з 1954 года, гэта ягоны 38-ы фільм. У яго карцінах здымаліся такія акцёры, як Багуслаў Лінда, Збігнеў Гмахоўскі, Анджэй Севярын, Ежы Штур, Хрысціна Янда і іншыя.

З 6 кастрычніка фільм “Валенса. Чалавек з надзеі” пойдзе ў польскіх кінатэатрах.

Каментаваць