Лекцыя Валянціна Акудовіча пра спадчыну Ігната Абдзіраловіча ў Магілёве

30 студзеня ў межах цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, філосаф Валянцін Акудовіч прамовіць у Магілёве. Лекцыя адбудзецца па адрасе: завулак Чкалава, 16 (“Кола сяброў”), пачатак а 15.00.
 



Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” працягвае цыкл лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча.

Разважаючы над ідэямі, прамоўленымі ў эсэ “Адвечным шляхам”, сучасныя філосафы наноў актуалізуюць іх у прасторы сённяшняй Беларусі — тым самым падштурхоўваючы і нас да рэфлексіі нашага жыцця, жыцця нашай краіны паводле створанай Абдзіраловічам сістэмы каштоўнасцей.

 У  Гродна і Гомелі сваімі думкамі дзяліліся філосафы Павел Баркоўскі і Ігар Бабкоў.

Валянцін Акудовіч. Творачы зруйнуем

 “Творачы зруйнуем”, — гэтыя словы канцуюць эсэ Ігната Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”. Хаця на іх звычайна не звяртаюць увагі, альбо спалохана спяшаюцца забыць. Як жа так! У школках заўсёды вучылі, што кожны творчы акт a priori  ёсць цудам, якое адно вялічыць прыўкрасу жыцця, а тут…

Толькі не будзем спехам залічваць нашага хлопца (лічы падлетка) у нігілісты. Бо хаця ў гэтым эсэ яго геніяльным суаўтарам ужо была смерць, прамаўляючы “Творачы зруйнуем”, ён прамаўляў адну з самых жыццялюбных ідэй, якія я хоць ад каго чуў.

Эсэ пабачыла свет у 1921 годзе (праз два гады Ігнат памрэ). На тую пару  Еўропа і Расійская імперыя апынуліся згамаванымі да астачы сусветнай вайной і шматлікімі рэвалюцыямі. Усюды бяда, смерць ды енк. І ўсё гэта нарабілі самі людзі, каб вызваліцца ад даўно спарахнелых формаў жыцця дзеля ўжо сапраўды “светлай явы”…

Менавіта тады Ігнат, які і сам добра хапануў той калатнечы, кажа: не гарматамі ды нянавісцю трэба руйнаваць аджылае, якое хапае за ногі жывых. Яго трэба руйнаваць ствараючы новае. Тварыць і тварыць, без стомы, як без стомы цячэ рэчка. Адно ў такім разе, магчыма,  збыткоўнымі стануцца войны ды рэвалюцыі…

Выглядае быццам і наіўна, але…

Лекцыя Валянціна Акудовіча “Творачы зруйнуем” адбудзецца 30 студзеня а 15.00 па адрасе: завулак Чкалава, 16 (“Кола сяброў”). Запрашаем усіх зацікаўленых — уваход вольны!

Пра іншыя лекцыі гэтага цыкла чытайце на сайце Лятучага ўніверсітэта і на старонцы ў facebook

www.fly-uni.org

www.facebook.com/liatuchy

                                                                                                    

Каментаваць