Лёс нацыянальных праектаў у перспектыве глабалізацыі свету

Публічная лекцыя Валянціна Акудовіча "Лёс нацыянальных праектаў у перспектыве глабалізацыі свету" адбудзецца 25 студзеня па адрасе: Віцебск, вул. Белабародава, 5, вялікая заля Музею “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.



ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ МІЖНАРОДНЫ і КАНСОРЦЫУМ “ЕЎРАБЕЛАРУСЬ” прадстаўляюць:

ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ “URBI ET ORBI” Ў ВІЦЕБСКУ

25  студзеня, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, 15.00

Нацыя — феномен эпохі мадэрну. З гэтага шмат чаго вынікае, але найперш тое, што ва ўсе папярэднія часы чалавецтва ўпарадкоўвала сваё жыццё без апірышча на нацыянальны канструкт. Разам з тым гэта азначае, што ў нейкія наступныя эпохі нацыяў зноў не будзе. Але нават калі ад іх нешта і застанецца (хай сабе і шмат застанецца), дык амаль напэўна, што тады роля нацыянальнага перастане быць вызначальнай як для функцыянавання грамадскіх супольнасцяў, так і для жыцця асобнага чалавека.

Абрысы такой бліжэйшай перамены ўжо трохі бачныя - мы называем гэта татальнай глабалізацыяй свету. Сярод асноўных праяваў гэтай новай эпохі той факт, што ўжо сёння прастора не столькі раз’ядноўвае чалавецтва на асобныя супольнасці, колькі аб’ядноўвае яго ў адно ўніверсальнае цэлае. І не падобна, што гэты трэнд да гаманізацыі ўсяго людства ў нейкую татальную еднасць (як найменей, інфармацыйна-камунікатыўную) неўзабаве запыніцца.

Над гістарычнай рэтраспектывай нацыянальнага і над яго футурыстычнымі перспектывамі запрашае супольна паразважаць вядомы беларускі філосаф Валянцін Акудовіч. У бліжэйшую суботу, 25 студзеня, ён выступіць у Віцебску з публічнай прамовай "Лёс нацыянальных праектаў у перспектыве глабалізацыі свету". Лекцыя ладзіцца ў межах цыкла “Urbi et Orbi”, якія праводзяць у Віцебску Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”.

Наколькі жыццяздольнасць нацыі пад пагрозай таго няўхіснага працэсу, які завецца глабалізацыяй свету і імкнецца да татальнага яднання чалавецтва? Якія перспектывы чакаюць беларускі нацыянальны праект? Пра гэта і не толькі — гутарка на публічнай лекцыі Валянціна Акудовіча. Лектар, у сваю чаргу, чакае ад віцебскіх слухачоў фармулявання ўласнай візіі месца нацыі і нацыянальнага чалавека ў глабальным бязмежжы.

Усіх, хто вольны выказаць сваё меркаванне ці проста паслухаць іншыя, усіх, хто цікавіцца нацыянальнай праблематыкай і думае Беларусь ці імкнецца да гэтага, запрашаем!

Пачатак а15-й гадзіне.

Уваход вольны!

Каментаваць