Любоў па-шведску

Доўгі час, страціўшы старыя, «цэнтралізаваныя» стасункі з замежнымі выдавецтвамі, айчынныя не рашаліся на дыялог з калегамі з краін бліжэйшых і далёкіх.



Фота knafaim-ebraika.blogspot.com.by


Прычыны навідавоку: сціслае кола беларускамоўных чытачоў; кніжны рынак, запоўнены кнігамі перакладаў на рускую мову; нежаданне вялікіх выдавецтваў наладжваць стасункі з замежнымі партнёрамі; адсутнасць спецыялістаў, якія могуць весці прафесійны дыялог.

Хочацца засяродзіцца на шведскіх дзіцячых кнігах, якія ўсё часцей расквечваюць беларускую кнігавыдавецкую прастору, бо прыклад працы з беларускамоўнымі версіямі шведскіх дзіцячых кніг — яскравае сведчанне таго, як трэба працаваць дзеля папулярызацыі, рэкламы і прасоўвання прадукта (кнігі) на рынак.

Гісторыя перакладаў шведскіх кніг для дзяцей на беларускую мову пачынаецца з апавядання «Лота» (1995) і казачнай аповесці «Браты Львінае Сэрца» (1997) Астрыд Ліндгрэн (пераклад быў здзейснены з англійскай мовы С. Лузгіной і Т. Лукшай). Урэшце, у 2000 годзе ў Вільні выдаецца кніга «Усе нашы дзеці з Булербю», перакладзеная са шведскай Л. Баршчэўскім, а пасля — зноў жа непасрэдна з мовы арыгіналаў — «Малы і Карлсан-з-даху» (пераклад Ю. Жалезкі. — 2007) і «Піпі Доўгаяпанчоха» (пераклад Дз. Плакса. — 2008) — усе пералічаныя творы таксама належаць зорцы і шведскай, і сусветнай дзіцячай літаратуры Астрыд Ліндгрэн.

Але палова справы — падрыхтаваць і выдаць кнігу. Прэзентаваць яе свету, данесці да чытача, каб не пылілася яна маўклівым грузам на паліцах бібліятэк і ў кнігарнях — вось другая палова складніка, без якога немагчымы поспех найлепшага выдання.

Пасля выхаду «Піпі Доўгайпанчохі» па-беларуску ў Мінск прыехала дачка Астрыд Ліндгрэн Карын — тая самая, якой у маленстве маці расказвала на сон казкі і якая аднойчы прыдумала незвычайную гераіню. Спадарыню Карын віталі і ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (там, дзе на той момант ужо жыў Карлсан), і ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

А неўзабаве здарыўся цуд у маім асабістым жыцці. Я не магу абмінуць яго, не расказаўшы ў падрабязнасцях, бо гэта — яскравы прыклад фантастычнага прафесіяналізму, які злучае ў сабе і яснае разуменне пастаўленай мэты, і валоданне сітуацыяй, якое ёсць вынікам нястомнай аналітычнай работы, і здольнасць працаваць наўпрост, без пасярэднікаў… Аднойчы мне патэлефанаваў пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, з якім да той пары асабіста мы не былі знаёмыя, і запрасіў у амбасаду пагаварыць пра магчымасці выдання па-беларуску сучасных шведскіх аўтараў. «Я часта чую, як вы расказваеце пра дзіцячую літаратуру на радыё, — сказаў спадар Стэфан, — і бібліятэкары пацвердзілі, што ведаюць вас як апантанага дзіцячай кнігай чалавека. Акурат з такім мы ў амбасадзе і хацелі б пазнаёміцца!»

Пры сустрэчы мне прапанавалі ў складзе невялікай дэлегацыі ад Беларусі наведаць Швецыю, пабываць на цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Астрыд Ліндгрэн-2009, а таксама наведацца ў шэраг шведскіх выдавецтваў, каб — на свой густ — адабраць штосьці з кніг з перспектывай выдання па-беларуску. «Астрыд Ліндгрэн — гэта наша зорка, класік, але ў Швецыі шмат іншых цікавых аўтараў, хочацца пазнаёміць беларусаў з імі!» — наказаў спадар Эрыксан.

О, гэта была задача дык задача! Калі ты апынаешся ў краіне, дзе статыстыка аджывае і лічба ў 1300-1500 выдадзеных штогод кніг для дзяцей візуалізуецца і прапануецца як магчымасці перакладу ў сябе на радзіме, галава кругам ідзе! Вось выдавецтва, якое спецыялізуецца на пазнавальных кнігах для дзяцей — і ты не ведаеш, за што хапацца: кнігі пра зямлю і зоркі, жывую прыроду і нежывыя прадметы… Вось кнігі, якія маляўніча апавядаюць пра тое, як працуе пабытовая тэхніка — пыласос, тэлевізар… І ўсё так яскрава і даходліва, што, начытаўшыся, экзамен на рамонтніка можна пайсці здаваць… Вось выдавецтва, дзе працавала сама Астрыд Ліндгрэн — яны гатовыя да супрацы, прапануюць і класіку, і сучасных аўтараў… Вось яшчэ і яшчэ выдавецтвы з рознай спецыялізацыяй, арыентаваныя на розныя ўзроставыя групы дзяцей…

Хочацца — усё! Але ўрэшце абіраю кнігі Юі і Томаса Вісландэраў для самых маленькіх — «Малы і Мядзведзік» і «Малы і Білан» у выдавецтве «Natur och Kultur». Разлік просты: беларускія дзяржаўныя выдавецтвы, якія адвыклі ад перакладной літаратуры, будзе прасцей угаварыць на выданне кніжачак са сціплымі нешматлікімі лінейнымі малюнкамі… Кнігі пра Маму Му і Крумкача Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста меліся на ўвазе на перспектыву праз тое, што гэта паўнаколерныя кніжкі-карцінкі, дарагія ў выданні…

На момант, пра які я апавядаю, найважнейшай задачай у Беларусі было знайсці выдаўца на гэтыя кнігі. Беларускія выдавецтвы друкавалі беларускіх аўтараў альбо тых замежных, якія даўно адышлі ў іншы свет і правы на іх творы ўжо былі міжнароднымі. Дзеля кантактавання з замежжам патрабаваліся спецыялісты, якія разбіраюцца і ў аўтарскім праве, і мову замежную ведаюць — а яны аказаліся ў дэфіцыце.

Аднак пры спрыянні амбасады Швецыі ў Беларусі і Шведскага інстытута ў Стакгольме выданне спачатку «Малога і Мядзведзіка», а пасля «Малога і Білана» стала магчымым — кнігі выйшлі ў 2011 і 2012 гадах адпаведна (пераклад Н. Кандрусевіч).

У Беларусь прыязджае Юя Вісландэр. Я ладзіла прэзентацыю кніг на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Запрошаным прапаноўвалася прыйсці з мядзведзікамі, цацкамі свайго дзяцінства… Быў на ёй і мядзведзь адной з супрацоўніц Нацыянальнай бібліятэкі, якому за шэсцьдзясят гадоў. І спадар Стэфан быў з мядзведзікам — улюбёнай цацкай свайго сына! Было хораша, весела. Шмат пра кнігі і прэзентацыю напісалі беларускія СМІ…

А вось першая з серыі кніжак-карцінак пра Маму Му — «Мама Му чытае» — выйшла ў 2012 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Штораз мяне скараў прыклад Стэфана Эрыксана, які асабіста апекаваўся лёсам шведскіх выданняў для дзяцей па-беларуску.

Кнігі гэтыя — а іх на сённяшні дзень шэсць! — бяруць у палон сэрцы беларускіх чытачоў не толькі праз лаканічнасць і захапляльнасць аповеду, не толькі праз майстэрства мастака-ілюстратара Свэна Нурдквіста, але і дзякуючы яскраваму дзейству, якое вакол кнігі стварае тэатрык «Лямцавая батлейка» Веранікі Фаміной (першы спектаклік ладзіўся пры ўдзеле акторкі і рэжысёра Святланы Бень). «Нараджэнне» тэатрыка таксама падтрымала амбасада Швецыі, і вось пастаноўка «Мама Му чытае» дэманструецца падчас другога прыезду Юі Вісландэр у Беларусь. Пасля амбасада Швецыі падтрымае і шэраг гастрольных паездак тэатрыка па Беларусі, і пастаноўку спектакляў па наступных кнігах…

Творы, вакол якіх ствараецца цікавае дзейства, цяжка не любіць! І можна толькі пазайздросціць шведскім аўтарам, якім надаецца столькі ўвагі і аказваецца такая магутная падтрымка! У выніку ёсць і моцная шведская дзіцячая літаратура, і асобы, аўтары.

Гэтыя традыцыі клапатліва пераняў Саюз беларускіх пісьменнікаў. З 2010 года ён ладзіць шэраг майстр-класаў са шведскімі дзіцячымі пісьменнікамі і мастакамі. Прыязджалі да нас і выбітны крытык шведскай дзіцячай літаратуры прафесар Яніна Арлов, і пісьменнік Ульф Старк — прэзентаваць выдадзеную кнігу «Дыктатар»… У серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў пачынаюць выдавацца наступныя цікавыя кнігі сучасных шведскіх аўтараў: «Снежны чалавек» Эвы Сусы і «Найлепшы спявак у свеце» Ульфа Нільсана (у перакладзе А. Башарымавай), «Віта Белая Крэска» Сары Лундберг, «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» і «Блінны торт» Свэна Нурдквіста (у перакладзе Н. Кандрусевіч).

Кожны раз выхад шведскай кнігі для дзяцей па-беларуску — незабыўнае, яскравае свята. Традыцыя, закладзеная ў дачыненні да прэзентацыі шведскіх дзіцячых кніг, працуе безадказна. Штораз выхад кнігі суправаджаецца прыездам у Беларусь аўтара. Ладзяцца сустрэчы ў школах, круглыя сталы па пытаннях сучаснай дзіцячай літаратуры, майстар-класы, творы шведскіх пісьменнікаў на імпрэзах чытаюць папулярныя акторы…

І ўсё ж ёсць адно «але», якое вельмі часта азмрачае настрой на такіх святах. Гэтае «але» аніяк не тычыцца шведаў — яны малайцы: далікатныя інтэлегентныя людзі, таленавітыя творцы, якіх падтрымлівае ўласная краіна, а па-за яе межамі — амбасады ды выдавецтвы, якія прасоўваюць сваіх аўтараў і свае кнігі на сусветны рынак.

У мяне ўзнікаюць пытанні да нас, беларусаў. Паралельна з ушанаваннем шведскіх кніг і шведскіх аўтараў у нас паўстае і трывалая традыцыя павальнага шальмавання свайго. «Беларускія пісьменнікі» наогул і «беларускія дзіцячыя пісьменнікі» ў прыватнасці, як і само словазлучэнне «беларуская дзіцячая літаратура», часта гучаць як лаянка ўжо падчас саміх прэзентацый і сустрэч са шведскімі аўтарамі. Даходзіць да таго, што запрашаюць на прэс-канферэнцыю са шведскім калегам беларускіх пісьменнікаў, каб патлумачыць ім, якія яны замшэлыя і адсталыя.

Працытую Эву Сусу пасля яе спатканняў з Беларуссю і беларускімі літаратарамі на сустрэчах і майстр-класах: «Мне бачыцца, таленавітых творцаў у вас шмат. Але беларускія дзіцячыя пісьменнікі жывуць у значна больш складаных умовах, чым мы, і няма той свабоды, якую я маю ў сваёй прафесійнай дзейнасці ў Швецыі. Уражанне, што апроч усяго іншага, ёсць праблемы і з мэтавай групай — усё менш і менш дзяцей гавораць па-беларуску. Да ўсяго, выконваць задачы стварэння і пошуку мэтавай аўдыторыі — гэта вельмі шмат для пісьменніка. Калі я прыязджаю сюды, я стараюся сябе паставіць на месца беларускіх пісьменнікаў і аналізую сваё становішча ў Швецыі — які б лёс быў бы ў мяне, калі б ад мяне чакалася так многа? Я думаю, што дзейнасць пісьменніка найперш палягае ў жаданні і магчымасці праз мастацкае слова данесці сваё адчуванне і ўспрыяцце свету, жыцця... Гэта ўжо — шмат. А яшчэ стаяць на барыкадах, мець нейкую грамадсказначную задачу… Гэта занадта і — дзве розныя рэчы».

Дык вось згадваючы, якімі намаганнямі і з якімі матэрыяльнымі ўкладаннямі, на якім высокім узроўні з боку шведаў замацоўваліся і працягваюць замацоўвацца пазіцыі дзіцячай шведскай кнігі на беларускай прасторы, хачу заўважыць, што нам варта вучыцца любіць не толькі  і не столькі іх кнігі, іх літаратуру: не дужа складаны занятак любіць прызнанае, шанаванае, тое, у што ўкладаюцца не малыя сілы і сродкі. Такая любоў — суцэльная асалода!

А вось разумець і бачыць, колькі працы і намаганняў патрабуецца для лакальнай «раскруткі» нават добра вядомых сваіх імёнаў і твораў — варта. Вучыцца ў шведаў прафесійнаму падыходу ў дробязях, стратэгічнаму мысленню, паслядоўнасці ў дзеяннях — і праецыраваць гэта на сваю прастору, на сваю літаратуру. Глядзіш, можа і адшукаецца ў ёй тое, што не сорамна і шведам, і ўсяму свету паказаць.

Вучыцца любові па-шведску, якая вымагае тытанічнай працы, веры ў сілы і поспех таго, чаму служыш.

Каментаваць