Міхалевіч падманвае гэбоўцаў: сачыце за жэстамі

Генеральная пракуратура Беларусі на прэс-канферэнцыі 4 красавіка прадэманстравала відэанарэзку пра Алеся Міхалевіча, знятую ў СІЗА КДБ схаванай камерай. Фільм, неахайна складзены з кавалкаў розных допытаў, мусіў даказаць, што кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч добраахвотна згадзіўся супрацоўнічаць з рэпрэсіўнай машынай, а ў ізалятары яго ніхто не катаваў.



Генеральная пракуратура Беларусі на прэс-канферэнцыі 4 красавіка прадэманстравала відэанарэзку пра Алеся Міхалевіча, знятую ў СІЗА КДБ схаванай камерай. Фільм, неахайна складзены з кавалкаў розных допытаў, мусіў даказаць, што кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч добраахвотна згадзіўся супрацоўнічаць з рэпрэсіўнай машынай, а ў ізалятары яго ніхто не катаваў.

У кадрах Міхалевіч налівае гарбату аператыўнаму супрацоўніку і кажа пра лаяльнасць да ўлады. Але ягоныя жэсты сведчаць пра адваротнае. Міхалевіч падманвае гэбоўцаў і ледзьве не ў адкрытую з іх кпіць.

Калі гэбовец сцвярджае: «Ёсць свае плюсы знаходжання ў Амерыканцы», Міхалевіч, вернуты ў ГБ з Валадарскай турмы, ухіліста згаджаецца: «У кожным выбары ёсць свае плюсы». Пры гэтым ён засланяе рот рукою. Такі жэст азначае нязгоду ці проста хлусню. Адпаведна, і наступныя — «заслоненыя» — фразы Міхалевіча пра «просты і вясёлы народ» таксама не сведчаць пра камфорт, хаця сказаныя яны з падкрэсленай бадзёрасцю.

Пасля лірычных разважанняў пра сняданкі і вячэры ў гэбоўскай турме, Міхалевіч гаворыць пра сваю законапаслухмянасць. Міхалевіч сядзіць у крэсле, адна рука на стале; цела часткова павернутая да суразмоўцы. Але ў цэлым, гэты жэст адкрыты: сапраўды, Міхалевіч — чалавек законапаслухмяны, сваю кампанію ён вёў без усялякіх радыкальных заклікаў, як і сцвярджаецца ў фразе.

Жэст Міхалевіча з наступнага мантажнага кавалку — ужо замкнёны. Кандыдат у прэзідэнты — на тым жа самым месцы, але абедзве рукі на стале, Міхалевіч праводзіць пальцамі па паверхні, кідае ўхілісты позірк долу. Пры гэтым Міхалевіч падкрэслена тэатральна кажа, што гатовы размаўляць па канкрэтных пытаннях і пра канкрэтных людзей, кажа пра ўласную адкрытасць і згоду дапамагчы, калі трэба.



А жэсты замыкаюцца ўсё болей — і ўжо цалкам супярэчаць ягоным словам. Словы пра адкрытасць — і рукі складзеныя разам, амаль счэпленыя ў ахоўны замок; стол ледзве маскуе абарончы жэст дый сам выступае заслонай ад ворага.

— Калі мяне вызваляць, для сустрэч я адкрыты! — абяцанка-цацанка, а дурню радасць.

— Вы абяцаеце выпіць са мной філіжанку моцнае кавы ці чаго мацней, — купляецца падмануты аператыўнік.

— Я запрашу вас на кальян за свае грошы!

— Вы ж ведаеце, я кінуў паліць, — здзіўлены такой ветлівасцю гэбовец, які так і не ўцяміў, што з яго ўжо тонка здзекуюцца.

— Добра, я буду паліць, калі вы не супраць займацца пасіўным паленнем (!), а вы вып’еце моцнай кавы ці гарбаты, — ідзе ў наступ Міхалевіч.



У мантажнай зрэзцы здзек працягваецца:

— Я ўпэўнены, што вы патрэбны, — залагоджвае Міхалевіч гэбоўца, — упэўнены, што ваша служба «и опасна, и трудна».

 Іранічная цытата — пазычаная з папулярнае расійскае кінапесні — гэтую «ўпэўненасць» цалкам касуе. Але гэбовец і блізка не заўважае, што гэта кплівая цытата:

— Тым і небяспечная, што складаная! — нават адмыслова зменены голас раздзімаецца ад уласнае пыхі.

Міхалевіч усміхаецца: нажыўка праглочаная. Гульня працягваецца: «Упэўнены, у нечым патэнцыяльна магу быць карысным», — ізноў вочы долу, рукі на стале, ізноў падман — і нат без канкрэтыкі.

«Я згодны дапамагаць, сітуацыя змяніліся, тое, што вы робіце, ідзе на карысць нацыянальным інтарэсам Беларусі», — наколькі можна зразумець з відэа, перакрытага тоўстай спінай супрацоўніка, у Міхалевіча нават рукі счэпленыя на грудзі (максімальная ахова і абарона). — Так што якая дапамога, якія «нацыянальныя інтарэсы Беларусі» гэбоўскага ведамства!?

І, нарэшце, кароннае: «Можаце разлічваць. Я чалавек, які пакуль нікога не кідаў і не падманваў», — Міхалевіч не проста апусціў вочы, але круціць у пальцах нейкую драбязу, — гэта візуальна ўвасобленыя падман і разводка. Вось так і «вакол пальца і абводзяць». А фразы з іншай мантажнай зрэзкі пра спыненне палітычнае дзейнасці, сказаныя падкрэслена гучна, выглядаюць завяршэннем падману.

У апошніх кадрах самотны Міхалевіч нервова смяецца і напявае шансон «Уладзімірскі цэнтрал». Лукашэнкаўскае агенцтва «Інтэрфакс» растлумачыла, што «пасля сыходу следчага з пакою… Міхалевіч выглядаў надзвычай задаволеным сабой і нават нешта маляваў пальцам на сцяне».

Але сам Міхалевіч распавёў, што следчы ў гэты час знаходзіўся ў пакоі, і казаць пра нейкую ненадзорнасць не даводзілася. Міхалевіч цярпець не можа шансон і нават у сваіх перадвыбарчых выступах прапаноўваў яго забараніць. Спеў ненавіснага шансону — апошняя здзеклівая цытата, чарговы абарончы жэст ва ўмовах гэбоўскае катавальні.

Па вызваленні з турмы КДБ Міхалевіч распавёў пра катаванні ў ізалятары — і што ён падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, каб з турмы выйсці і пра здзекі ў адкрытую абвясціць. Міхалевіч адразу разарваў пагадненне з ГБ — і даслаў запыты ў пракуратуру. Заявы Міхалевіча сталіся ўдарам для ведамства Дзяржынскага.

Наступным ударам сталася тое, што паднадзорны Міхалевіч з Беларусі ўцёк. Цяпер ён у Чэхіі і можа выступіць ключавым сведкам на лонданскім працэсе аб катаваннях у Беларусі, што пагражае Лукашэнку стратай дыпламатычнага імунітэту.

Відэа, прадэманстраванае генеральнай пракуратурай (Міхалевіч казаў, што з’явіцца «фільм» пра яго), — мусіць даказаць, што ніякіх здзекаў у ізалятары КДБ няма. Але лукашэнкаўскія ўлады выставілі сябе на чарговую ганьбу: яны не толькі прызналіся, што з дапамогай карніцкай службы вярбуюць кандыдатаў у прэзідэнты, але і распісаліся ў тым, што гэтая служба села ў глыбокую лужыну.
 

Каментаваць