«Міларусь» Лявона Вольскага

У серыі «Кнігарня пісьменніка» выйшла першая кніга прозы Лявона Вольскага пад назвай «Міларусь». Выданне кнігі было прымеркавана да 46-годдзя аўтара.



У серыі «Кнігарня пісьменніка» выйшла першая кніга прозы Лявона Вольскага пад назвай «Міларусь». Выданне кнігі было прымеркавана да 46-годдзя аўтара.

 «Міларусь» — зборнік празаічных твораў, якія былі напісаныя ў розны час, але большасць з іх убачылі свет у «ліхія 90-я». Чытаючы выданне, тое адчуваецца адразу — бруд, разборкі ў цёмных дварах, бандзюкаватыя наведнікі рэстаранаў і непаўторная атмасфера заняпаду. Але менавіта гэтыя акалічнасці задаюць настрой і нейкае пастаяннае захапленне падчас чытання.

Пэўная непрафесійнасць аўтара чырвонай ніткай цягнецца праз усю кнігу — амаль паўсюль сустракаюцца аднатыпныя апісанні, паўторы («Віталь падумаў…», «Віталь папаліў», «Віталь папіў…» і г.д.). Сюжэты апавяданняў не адрозніваюцца арыгінальнасцю, але гэтыя тыповыя сюжэты яскрава аздоблены мясцовай атмасферай, што не можа не радаваць — адразу адчуваецца, што кніга пра Беларусь і напісана беларусам. За гэта кнізе можна паставіць дадатковы плюс. Месцамі ствараецца ўражанне, што пэўныя элементы сюжэту спісаныя з жыцця самога аўтара. Але, тым не менш, кніга месцамі захапляе і ад пачатку да канца стварае ў розуме чытача сваю непаўторную атмасферу. Вердыкт можна вынесці толькі адзін — агулам творы, увайшоўшыя ў кнігу, сыраватыя, але, тым не менш, вартыя ўвагі. У выніку «Міларусь» пакідае ўражанне хутчэй творчасці пачаткоўца, чым зборніка апавяданняў сталага пісьменніка. Калі б не славутае імя аўтара, кніга наўрад ці прыцягнула б увагу шырокага кола чытачоў.

Варта адзначыць, што кнігу «Міларусь» нельга назваць літаратурным дэбютам Лявона Вольскага — раней ужо выйшлі два яго паэтычных зборніка: «Калідор» (1993) і «Фотаальбом» (2000). Акрамя гэтага яго апавяданне «Новая кватэра Казімера» выходзіла ў зборніку прозы «Паветраны шар» з бібліятэкі «Нашай Нівы», былі публікацыі ў часопісе «Тэксты» і ў самой «Нашай Ніве».

У продажы кніга з’явілася 21 верасня, якраз у той дзень, калі Лявон Вольскі правёў аўтограф-сесію ў кнігарні «Логвінаў», прымеркаваную да выхаду кнігі. Набыць кніжку і атрымаць аўтограф таксама можна будзе падчас двух «інтымных канцэртаў» 3 і 4 кастрычніка ў клубе «Графіці», якія будуць сумешчаны з афіцыйнай прэзентацыяй зборніка.
 

Каментаваць