Мінск: двайны агент сталінскай імперыі

Расійскі кіналубок «Шпіён» пра барацьбу савецкіх чэкістаў з абверам пастаўлены ў незвычайных дэкарацыях.

На сталічных экранах з’явілася стужка, краявіды якой выглядаюць да падазронасці знаёмымі. Мінчукі заўважаюць набярэжную Свіслачы, у кадры гмырыцца будынак дзяржаўнай бяспекі. Завітушкі сталінскага ампіру, якімі славіцца Мінск, амаль навязліва мільгаюць то там, то сям.



Расійскі кіналубок «Шпіён» пра барацьбу савецкіх чэкістаў з абверам пастаўлены ў незвычайных дэкарацыях.

На сталічных экранах з’явілася стужка, краявіды якой выглядаюць да падазронасці знаёмымі. Мінчукі заўважаюць набярэжную Свіслачы, у кадры гмырыцца будынак дзяржаўнай бяспекі. Завітушкі сталінскага ампіру, якімі славіцца Мінск, амаль навязліва мільгаюць то там, то сям.

Карціна «Шпіён» Аляксея Андрыянава — маскоўскі прадукт. Рускія здаўна выкарыстоўвалі Мінск як сваю кінапляцоўку. Іхнімі намаганнямі Траецкае прадмесце пераўтваралася ў цэнтр мястэчка з забойствамі (серыял «Каменская»), на прывакзальнай вежы шчыраваў маньяк (стужка «Паклоннік» Лебедзева), а маскоўскія «Стылягі» шпацыравалі па галоўным праспекце.

Але «Шпіён» — не проста выкарыстанне зручнай пляцоўкі з паслухмянымі працаўнікамі і таннымі, па расійскіх мерках, коштамі. Гэта — урачыстая імперская стылізацыя. І ейная вітрына — паваенны Мінск з шырокім сталінскім гасцінцам, грувастка-карункавымі фасадамі і вычышчанай тэрыторыяй. Здзейсненая ўтопія, завершаны «Горад сонца» — стаецца фантастычнай Масквой, дзе ўсе мары Сталіна ўвасобленыя.

У небе завісаюць аграмадныя дырыжаблі, двухпавярховыя тралейбусы — згодна з адмысловай аперацыяй — валяцца з мосту ў раку, Сталін любуецца чыстым горадам з даху велічэзнага Палаца Саветаў (у рэальнасці — не пабудаванага: цяпер на ягоным месцы — адноўлены храм Хрыста-Збаўцы).

Малады спартовец Дорын пад кіраўніцтвам маёра Акцябрскага мусіць адшукаць у Маскве агента Васэра, на якога Гітлер наконадні вайны ўсклаў вялікія надзеі. У савецкіх парках замаскаваныя відэакамеры збіраюць на грамадзян дасье, чэкісты ў бліскучай форме катуюць ворагаў па правілах сучаснае біяхіміі (і з улікам досведу Джэймса Бонда), а Гітлер пырскае слінай у акенца пузатага тэлевізара.

«Шпіён» — расійскі комікс, а дакладней, лубок — з умоўнай прасторай і ганаровымі звышгероямі.

Гадоў дзесяць Расія спрабуе прыстасаваць слынны амерыканскі жанр коміксу пад свае гісторыі. Была няўцямная стужка «Чорная маланка», былі «Дазоры» Бекмамбетава, што болей нагадвалі рэкламныя ролікі, але спраўных коміксаў не атрымлівалася.

«Шпіён» — комікс стылёва завершаны. Усе ягоныя складнікі вытрыманыя: дынамічныя бойкі, зухавата-кардонавыя персанажы і штучная прастора для іхніх подзвігаў.

 Але, у адрозненні ад амерыканскіх коміксаў, расійскі лубок бессардэчны і мёртвы (хаця героі б’юць кулакамі з размаху, мілуюцца з прыгажунямі і нават круцяць танга). Амерыканскія бэтмэны, жалезныя чалавекі і спайдэрмэны — гэта прыватныя маленькія людзі, якія абараняюцца ад нягод маскамі і касцюмамі звышгерояў. Яны на свой страх і рызыку аднаўляюць справядлівасць — дзеля звычайных людзей, пазбаўленых чароўнага рыштунку.

Героі «Шпіёна» — гэта, найперш, жаўнеры імперыі. Моц сваю яны чэрпаюць з імперскіх загадаў, іхняя справядлівасць — імперская веліч, а шараговыя людзі — расходны матэрыял, на які трэба і не зважаць.

Федзя Бандарчук у звыклай ролі чэкісцкага паслугача (бліжэйшая інкарнацыя — пракурор з «Населенай выспы») — дэманструе непахіснасць, жалезныя нервы і лысагаловы мачызм.

Сяргей Газараў у ролі Берыі — сама мудрасць, хітрасць і савецкі патрыятызм. І нават нехлямяжная агентка, замаскаваная пад апошнюю хлюндру, ніколі не кіне гэбоўскіх звычак.

Спартовец Дорын — сваяк не толькі акунінскага Фандорына, але і піянераў-герояў, чые апакрыфічныя подзвігі яскрава маляваліся ў брашурках для савецкіх школьнікаў.

Паказальна, што Барыс Акунін, які нядаўна праявіў сябе як дэмакрат, што дамагаецца свабодных выбараў, у сваёй кнізе — імперац паняволі, зачараваны сталінскім стылем. Масавая расійская свядомасць, траўмаваная камуністычнай катастрофай, дасюль патрабуе анестэзіі. На імперскую анестэзію працаваў і «Турэцкі гамбіт» паводле Акуніна, але экранізацыя ягонага «Шпіёнскага раману» — выкшталцонае апраўданне сталіншчыны.

Сталінізм — гэта фальшыва-напышлівы стыль (што было ўсвядомлена яшчэ ў перабудовачнай карціне «Прорва»). Але «Шпіён» — гэта радасны сталінізм з дапушчальнай дыскрэдытацыяй самога Сталіна (як у апошніх стужках Міхалкова). У маральным плане — гэта ўсё роўна, як у Нямеччыне паставіць фільм пра сумленных (прыгожых) эсэсаўцаў, якім замінае неразумны Гітлер.

Фільм выпушчаны студыяй Міхалкова, што адчуваецца. І як «Стацкі дарадца» Міхалкова — гэта фільм пра імперскія трупы, выданыя за жывых. У некаторыя моманты цяжка пазбавіцца пачуцця невыноснай духоўнай млосці. Так, герой Бандарчука каецца ў бязбожнасці — з падкрэслена гламурнай паказушнасцю. Дзяўчына нясе свянцонку з царквы — і аддаецца герою ў Велікодную ноч; над ложкам дзяўчыны — партрэцік Сталіна.

Фільм замілоўваецца сталінскім ампірам, галоўнае ў карціне — нават не дзеянні герояў, а «духоўнасць імперыі».

І Мінск — краевугольны камень гэтай імперыі.

Цяпер засталося яго прыбраць.

Каментаваць