Мінская шляхта

Ці называлі вас калі-небудзь «мінскай шляхтай»? Мяне, прызнаюся, не раз. Відаць, тут сваю ролю адыгрывае мая беларуская мова, відавочна кніжнага паходжання.

Ці называлі вас калі-небудзь «мінскай шляхтай»? Мяне, прызнаюся, не раз. Відаць, тут сваю ролю адыгрывае мая беларуская мова, відавочна кніжнага паходжання.

«Мінская шляхта» — усё часцей прыходзіцца чуць гэту назву ў дачыненні да беларускамоўных інтэлігенцкіх колаў сталіцы. За сябе магу сказаць: адразу ўзвышае самаацэнку, уяўляеш сябе правадыром, як мінімум, паўстанцкага атраду, кіраўніком мужыкоў-бедалагаў, іх дабрадзеем і айцом. Аднойчы нават паспрабаваў паразмаўляць з вышыні свайго шляхецкага самаўяўлення на «ты» з адным дзядзькам-рабацягам. Выйшла сабе даражэй.

Да таго ж нядаўна пачуў інтэрв’ю Антонія Радзівіла, варшаўскага студэнта, калі ён прыязджаў разам са сваёй знакамітай «фаміліяй» у Мінск у рамках сямейнага візіту Радзівілаў на Беларусь. Ён сказаў, што на вакацыях падпрацоўвае прыбіральшчыкам у рэстаранах, каб потым на заробленыя грошы адпачыць; і гэта паважаецца ў яго сям’і, бо навучае з павагай ставіцца да працоўных людзей незалежна ад статусу іх працы.

Так я лішні раз упэўніўся, што шляхецкая годнасць дасягаецца не манерамі і выкшталцонай мовай. Не адукацыяй і эрудыцыяй. І не сцвярджэннем сваёй перавагі над тым, хто не мае гэтага. Адно толькі павагай да іншага чалавека незалежна ад яго сацыяльнага статусу. Уменнем быць простым з простымі і разумным з разумнымі, уменнем саступаць слабымі і не схіляцца перад моцнымі. «Хто са сваімі блізкімі паводзіць сябе як леў, — той будзе паводзіць сябе як авечка на полі бітвы», — гаворыць старадаўні выраз, верагодна, з рыцарскіх кодэксаў.

А яшчэ шляхце было ўласціва ўменне рызыкаваць дзеля высокай мэты. Менавіта ў гэтым адрозненне шляхты і сялян. Прыгадваецца руская казка пра мужыка, які ганіў цара на рынку, і тады сам цар, пачуўшы яго выбрыкі, запрасіў яго пажыць у палацы, але з умовай, што над яго ложкам заўжды будзе вісець меч. Мужык збаяўся і быў пасаромлены ў сваім нахабстве. Калі ўжо хтосьці і жадае нацягнуць на сябе гэтае прывабнае «шляхціц», то няхай навучыцца жыць пад гэтай навісаючай сякерай. Іначай — пра што размаўляць? І нашто крычаць пра «дурнога цара» ў сваім сяброўскім асяроддзі, дзе з гэтым ніхто не будзе спрачацца і ніколі не запатрабуе адказу?

Яшчэ адзін сур’ёзны недахоп нашай інтэлігенцыі па шляху да шляхецтва — адсутнасць грошай і ўлады. Таму не сустракаў я пакуль мінскай шляхты. У тых, да каго б можна было прымяніць гэта званне, заўжды не хапае якогасьці аднаго складніку: напрыклад, моцны, ідэйны, але без «беларушчыны» альбо бізнесовец, ды не змагар.

Хаця нядаўна сустрэў дырэктарку адной фірмы. Здаецца, па ўсіх параметрах падыходзіць. А рыцары ж дзе? Зноў, недарэчнасць нейкая.

Так хочацца адрадзіцца і выпрастацца. Давайце шукаць разам, найперш, у саміх сабе. Мо’ і знойдзем, ажывім і вырасцім у сабе таго, хто не забыўся на сваіх сялянскіх продкаў і іх мову з традыцыямі, і разам з тым прыдбаў высокую культуру і адукацыю, магчымасці для шырокай грамадскай дзейнасці. І не баіцца гэта ўсё страціць, бо гонар, свой і краіны сваёй — даражэй.

Каментаваць