Маці Божая Валадарка азёраў

Марыя! Праз Цябе і ў Табе Бог да нас прамаўляе.
Адкрый нашыя сэрцы на Слова Божае і Яго святую волю.



Марыя! Праз Цябе і ў Табе Бог да нас прамаўляе.
Адкрый нашыя сэрцы на Слова Божае і Яго святую волю.

(З малітвы да Маці Божай, апякункі Браслаўскага краю)

Ніколі не браў удзелу ў свяце каранавання абраза. Але тут збеглася некалькі акалічнасцяў. Мая грэка-каталіцкая суполка святога Язэпа ладзіла пілігрымку ў Браслаў і Полацак. У Браславе ў суботу 22 жніўня на абраз «Маці Божай Браслаўскай» архіепіскап мітрапаліт Кёльна Ёахім Майснер, асабісты сябар Папы Бенедыкта XVI, павінны быў ускласці залатыя кароны. А ў нядзелю ў Полацку епіскап Ужгарадскі Мілан Шашык рукапакладаў новага уніяцкага святара Аляксандра, які заменіць айца Андрэя Абламейку, што ад’язджае на навуку ў Аўстрыю. Да таго ж хадзілі чуткі, што абраз Божай Маці Браслаўскай быў раней уніяцкім, і мне карцела ў гэтым пераканацца.

Мы ад’ехалі а палове першай ночы ў суботу і каля пятай гадзіны раніцы былі ў Браславе. На пад’ездзе да касцёла аўтобус спыніла застава, і маладыя хлопцы сурова спыталіся, ці ёсць у нас пропуск. Пропуска не было. Але як першы прыбылы з Мінска аўтобус нас прапусцілі. Палаткі з гарачай гарбатай і кавай і іншымі прысмакамі яшчэ свяціліся электрычным святлом, а над горадам ужо разгараўся новы дзень. Першыя дзве гадзіны пайшлі на знаёмства з касцёлам і замчышчам. З вяршыні замкавай гары, якая, па-мойму, больш высокая і крутая за Гедымінаву гару ў Вільні, адкрывалася шыкоўная панарама мірнага гарадка, абкружанага з усіх бакоў азёрамі. Над вадой павольна раставаў ружовы туман. Над гарызонтам ляніва ўздымалася чырвонае сонца і залаціла вежу касцёла.

На замчышчы бачныя высілкі мясцовай улады адрадзіць гістарычную памяць насельнікаў і прыцягнуць турыстаў. І хаця яе магчымасці абмежаваныя, тое, што зроблена, зроблена добра. Стэнд у выглядзе трох пялёсткаў коратка апавядае гісторыю браслаўскага замка і наіўную легенду пра паходжанне назвы горада і азёраў, што яго атачаюць. Шэсць вялікіх драўляных скульптур ілюструюць гэту легенду. Сціплае ўбранства на месцы калісьці магутнага замка дапаўняе помнік, не знесены ў савецкія часы, доктару Станіславу Нарбуту, які быў пастаўлены ў 1920-х гадах мінулага стагоддзя ўдзячнымі жыхарамі Браслава. Можна толькі заўважыць, што назва горада паходзіць не ад імя князя, які перамог у трагічным змаганні за руку прыгажуні князёўны, а ад імя полацкага князя Брачыслава, які і заклаў замак на заходняй мяжы княства ў XI стагоддзі.

Браслаўскі касцёл адносна новы. Сучасны выгляд набыў толькі ў 1906 годзе. Але паданне адносіць яго заснаванне да часу Вялікага князя Вітаўта. Праўда, драўляны касцёл быў спалены падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Зразумела, не паўстанцамі, а расійскімі войскамі генералісімуса Суворава. Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і цэглы ў неараманскім стылі. За яго магутнымі сценамі ўзвышалася фантасмагарычная канструкцыя, што нагадвала будыйскую пагаду. Пазней высветлілася, што навес над вынасным алтаром наўмысна пабудаваны ў выглядзе ладдзі. Яе мачта — крыж з контурам распятага Хрыста. Контур зроблены з дроту і стварае ўражанне прывіду распяцця. Добра б было да з’яўлення неабходных для рэстаўрацыі грошай выкарыстаць гэткі ж прыём на наваградскім замку, акантурыўшы яго магутныя, але разбураныя вежы жалезнымі палоскамі.

Неўзабаве ў прасторным трохнефавым памяшканні касцёла пачалася ранішняя служба. Яе вёў біскуп Блін — галава віцебскай дыяцэзіі. Потым праз гадзінны перапынак пачаліся асноўныя мерапрыемствы каранацыі, якая адбывалася на адкрытым паветры. Яна цягнулася тры гадзіны і пакінула незабыўныя ўражанні.

Натоўп з 9–10 тысяч чалавек размясціўся на прасторным пляцы ў падножжы ўзгорку, на якім знаходзіўся вынасны алтар. Над ім плыла ў паветры ладзя-навес з міражом распяцця і аб’ёмнай скульптурай Божай Маці. Велічна выглядала працэсія святароў і архірэяў, якія сабраліся з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы, што падымалася да алтара. Цудоўна гучаў акафіст — хвалебныя спевы ў гонар Багародзіцы. Асляпляльна ззялі залатыя кароны на абразе. У разгар святкавання людзі пачалі падымаць галовы і глядзець на сонца, вакол якога з’явіліся радужныя кругі — гало. Не дзіўна, бо блакітнае неба было амаль чыстае. Толькі лёгкія празрыстыя перыстыя хмаркі, якія не кідалі ніякага ценю. Яны і сталі прычынаю гало і першага цуда каранаванага абраза.

Ён быў у цэнтры ўвагі ўвесь час. Мілавідны аб’ёмна намаляваны твар, няпэўны жэст правай рукі, крыху павернуты корпус Божай Маці выключалі версію, агучаную па БТ, аб праваслаўным паходжанні абраза. Так не пісалі іконы ў XVI стагоддзі, калі каралева польская і вялікая княгіня Алена, жонка караля Аляксандра і дачка Вялікага князя маскоўскага Івана Трэцяга і Сафіі Палеалог заснавала ў Браславе праваслаўны манастыр. Тым больш, так не пісалі ў ранейшыя часы. Гэта характэрныя рысы уніяцкага жывапісу другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Абраз пазбаўлены і халоднай рытарычнасці і дыдактычнасці касцельнага мастацтва. Ён поўны мяккай пяшчоты і глыбокага мацярынскага смутку, зразумелага з чалавечага пункту гледжання. Тое, што абраз паспяхова прыжыўся ў асяродку беларускіх рымакаталікоў і стаў цудатворным, сведчыць пра ўплыў уніяцкага абразапісання на мастацкія густы нашых каталікоў, многія з якіх — нашчадкі былых уніятаў. Відавочна, і сёння, у чым пераконвалі і ўрачыстасці каранацыі, абраз працягвае выконваць сваю высакародную гуманістычную місію яднання хрысціян розных канфесій.

Каментаваць