“Магія шкла” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва

Вечарам 14 лістапада ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава літоўскіх мастакоў “Магія шкла”.



Творы Рэмігіуса Крукаса


У экспазіцыі з фондаў Галерэі шкла і керамікі “Vaiva” (Літва) прадстаўлена калекцыя з 17 кампазіцый майстроў Рэмігіуса Крукаса і Індрэ Стулгайтэ-Крукіене, якая, дарэчы, прачытала лекцыю па тэме “Вытокі студыйнага руху шкловытворчасці ў Літве”.

Як адзначае куратар выставы Алена Атрашкевіч, творчасць Рэмігіуса Крукаса і Індрэ Стулгайтэ-Крукіене ўяўляе сабою студыйны варыянт шкловытворчасці — найцікавейшага і высокатэхналагічнага працэсу вырабу шкла. Майстры дэманструюць творы ўласнай мастацкай студыі “Glasremis”, заснаванай ў 2000 годзе ў горадзе Паневежыс.

Паводле словаў мастацтвазнаўцы, з’ява інтэрнацыянальнага студыйнага руху шкловытворчасці склалася ў другой палове мінулага стагоддзя як рэакцыя на абязлічваючы дызайн і манапалізацыю гэтай галіны вытворчасці. Масавы адток мастакоў з вялікіх прадпрыемстваў па вырабу шкла ва ўласныя студыі суправаждаўся эксперыментальнымі пошукамі, свабоднай і незалежнай  творчасцю.

Шкляныя арт-аб’екты літоўскіх майстроў унікальным чынам прыміраюць ў сябе антытэзу “мастацтва ці рамяство?». Валодаючы бездакорнымі прафесійнымі якасцямі, Рэмігіус Крукас і Індрэ Стулгайтэ-Крукіене ствараюць магічна цудоўныя творы, у якіх злучаецца энергія свету, колеру і оптыкі.

Выстава працуе па 11 студзеня 2014 года.

Творы Рэмігіуса Крукаса 

Працы Індрэ Стулгайтэ-Крукіене 

Каментаваць