Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Магілёўскае цунамі, надпісы па-нямецку і сэлфі з коцікам

А вы ведаеце, чым Магілёў падобны да Вены? А што большасць помнікаў горада была зруйнаваная пасля вайны? Запрашаем наведаць фотавыставу «Невядомы Магілёў. Вяртанне», прысвечаную 750-годдзю горада.


На выставе — фота часоў Другой сусветнай вайны, у асноўным зробленыя нямецкімі салдатамі, з фондаў музея гісторыі Магілёва і прыватных збораў Давіда Алега Лісоўскага (арыгіналы і павялічаныя копіі). Некаторыя здымкі ўжо экспанаваліся ўвесну.

Як распавядае дырэктар музея Аляксей Бацюкоў, на цяперашняй выставе — каля траціны новага матэрыялу. Для магілёўцаў старэйшага ўзросту гэта магчымасць узгадаць горад свайго маленства, для маладзейшых жыхароў — далучыцца да гісторыі.


Адзін з наведвальнікаў, фатограф Васіль Цітоў, падзяліўся ўражаннямі: “Гляджу на выявы, зробленныя на Быхаўскім кірмашы, на партрэт старога, заснятага там... Падобны да майго дзядулі. Той у вайну наведваў кірмаш у горадзе, прыязджаў з-пад Магілёва па соль...


Што адчувалі партызаны і падпольшчыкі за хвіліну да смяротнага пакарання? Дзякуючы здымку невядомага можна паглядзець у іх твары.

Як выглядалі магілёўскія храмы, ужо паўразбураныя, але яшчэ велічныя, да таго, як іх канчаткова разбурылі бальшавікі?

Як праходзілі баі на Буйніцкім полі ў ліпені 1941-га? Імі так уразіўся пісьменнік, а тады ваенны журналіст Канстанцін Сіманаў (той самы, які пісаў “Жди меня, и я вернусь, только очень жди...”), што па завеце ў 1979-м па Буйніцкім полі быў развеяны яго прах. Абарона Магілёва адлюстраваная ў рамане Сіманава “Жывыя і мёртвыя” і ў дзённіку “Розныя дні вайны”, імём пісьменніка названая адна з вуліц горада.


А як разлілася Дубравенка ўвесну 1942-га? Вада па самыя вокны драўляных хатак, крытых гонтай. Тую красавіцкую паводку нават звалі “магілёўскім цунамі”.

Такія знаёмыя кінатэатры “Радзіма” і “Чырвоная зорка”, з нязвычнымі надпісамі па-нямецку і ў атачэнні старых дамоў ды рэтрааўтамабіляў. Першыя паказы кіно ў Магілёве прайшлі яшчэ да Першай сусветнай, у 1903-м годзе. У 1930-м пабудаваны кінатэатр “Чырвоная зорка”, у архітэктуры якога выкарыстаны элементы канструктывізму.

Кінатэатр Радзіма, 1942 г.


Праз 8 гадоў узведзена “Радзіма”, адзін з першых у беларускім савецкім дойлідстве будынак з класічнымі формамі і дэкорам. Па здымках можна ацаніць якасць аднаўлення архітэктурных помнікаў і блізкасць цяперашніх пабудоў да першапачатковых. Абодва кінатэатра перажылі вайну амаль без пашкоджанняў. і патрабавалі ў асноўным касметычнага рэмонту.

Дом Саветаў


Дом саветаў (праект архітэктара Лангбарда), амаль копія мінскага, пасярод ваеннай разрухі і з нямецкім салдатам на матацыкле на пярэднім плане. Перад далучэннем Заходняй Беларусі да БССР у Магілёў збіраліся перанесці сталіцу рэспублікі, для чаго і пабудавалі копію мінскага Дома ўраду. Маўляў, Мінск знаходзіўся занадта блізка ад заходняй мяжы, усяго за 30 кіламетраў.

Беларуска-расійскі ўніверсітэт (школа НКУС), 1941 г.


Ад таго ўладкавання Магілёва “пад сталіцу” застаўся яшчэ будынак Беларуска-расійскага ўніверсітэта (у 1938-м — школа НКУС). Планавалася, што горад “ачысцяць” ад помнікаў мінулага: ратушы, дамоў губернатара, губернскага праўлення, архіерэйскага палаца, Багаяўленскага і Спаскага сабораў, Трохсвяціцельскай, Мікалаеўскай і Васкрасенскай царквы, касцёл святога Антонія... 

Аднак, у 1938-м годзе пазбавіліся толькі ад Іосіфаўскага сабора, што быў узведзены ў гонар сустрэчы імператрыцы Кацярыны ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ у 1780-м. Доўгі час у Магілёве бытавала гарадская легенда, быццам бы копія Іосіфаўскага сабора, Кацярынінская царква, ёсць у Вене. Аднак, гэта няпраўда. Дзякуючы нядаўна знойдзенаму і перакладзенаму з польскай апісанню горада 1822 года знайшлі копію Іосіфаўскага сабора, бо легенда памылілася толькі з горадам.

Частка помнікаў магілёўскай архітэктуры, што ацалелі дзякуючы пачатку Другой сусветнай, была зруйнаваная ўжо ў пасляваенныя гады. Але гэта іншая і вельмі сумная гісторыя.

Спальваецца частка Магілёва, што ляжыць пад высокім берагам. Снежань 1943 г.


Ахвочыя да інтэрактыву могуць атрымаць яго па поўнай праграме нават без экскурсавода: счытаць смартфонам QR-код, выйсці на сайт выставы, паглядзець віртуальную экскурсію з параўнаннем старых і сучасных фота Магілёва (ці прайсці яе ў рэале, кіруючыся падказкамі). Дасяжны таксама тэст “Ці пазнаеш Магілёў на фота ваеннага часу?”

Ну, а самыя зацікаўленыя могуць прайсці квэст ад Давіда Алега Лісоўскага. Ён пачынаецца з задання адшукаць на выставе фота, што не адпавядае ёй тэматычна, зрабіць з ім сэлфі, і выслаць Лісоўскаму.


Увага, зараз будзе спойлер! Спачатку я падумала: “Ну, што можа быць больш “левым” на гістарычнай выставе за выяву коціка?” і засэлфілася з ёй. Але потым адшукалася фота 1918-га году, што не адпавядае асноўнай канцэпцыі гістарычна. Перыяду Першай сусетнай вайны будзе прысвечаны наступны супольны праект Музея гісторыі Магілёва і спадара Лісоўскага ў наступным, зноў-ткі ў пэўным сэнсе юбілейным, годзе.

Давід Алег Лісоўскі нарадзіўся ў Магілёве, цяпер жыве ў Германіі. Купляе на тамашніх аўкцыёнах старыя выявы роднага горада і шчодра дзеліцца набыткамі з беларусамі. “У нас добра наладжанае супрацоўніцтва, — кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. — Алег скануе тое, што знаходзіць, і перасылае нам, мы таксама дзелімся адшуканым у архівах. Для горада гэтая выстава — вялікая падзея. Можа нават падацца, што сёлета юбіляр-Мінск быў абскаканы юбілярам-Магілёвам, але гэта не зусім так. Падобныя праекты праходзілі і ў Мінску, проста засталіся не заўважанымі, бо  прыпалі на Дзень горада, які сёлета апынуўся трохі ў ценю фэсту Lidbeer”. 

Вуліца Першамайская, лета 1941 г.


Трэба сказаць, што ў адрозненні ад Мінска, у Магілёве пра юбілей горада на працягу ўсяго года нагадваюць адпаведныя надпісы. Да таго ж у самых нечаканых месцах: над вакенцам рэгістратуры зубной паліклінікі, на дзвярах прадуктовай крамы, у вакне кавярні...

Скрыжаваньне Першамайскай і Ціміразеўскай, 1942 г.


Алег Давід Лісоўскі займаецца таксама перакладам гістарычных крыніц, што ўтрымліваюць звесткі пра Магілёў. Неўзабаве выйдзе кніга са зборам гэтых тэкстаў, яе можна замовіць вось тут. Акрамя таго, спадар Алег піша гістарычна-прыгодніцкі раман з дзеяннем у Магілёве і мае канал на Youtube, таксама прысвечаны гісторыі Магілёва.

Фотавыставу можна паглядзець у Магілёве да 3 снежня ў выставачнай зале па вуліцы Болдзіна, 1.

Фота аўтара


Усё пра Магілёў, яго гісторыю, фота відэа можна пабачыць на адмысловай старонцы, створанай Давідам Алегам Лісоўскім:  Архіў гісторыі Магілёва 

Абмеркаванне:

  • Змітрок
  • 2017-10-19 22:22:57
Сэлфі з коцікам выглядае, канешне, цынічна, улічваючы, што і на ім, і на кані побач, толькі косткі бачныя праз голад. .... І вось навошта пісаць пра фотку, калі яна фактычна і з'яўляецца пачаткам квэсту, я таксама не зразумеў
  • Давід
  • 2017-10-19 23:36:55
Коцік ані якім бокам да квэсту не адносіцца, што ў тэксьце і сказана : )
Ды і ўступнае заданьне не сакрэт : )

P.S> коцік зусім не схуднеў, даволі так ня плоха выглядае:
https://vk.com/photo-77860529_456239149
  • Алена Ляшкевіч
  • 2017-10-25 10:53:43
Значыць, недарма коцік вісіць на выставе) Заўсёдная каціная місія - выклікаць эмоцыі - выкананая)

Каментаваць