Мая вышыванка

У маім жыцці да гэтага часу было ўсяго дзве вышыванкі. Адна — у маленстве, другая — у сталым веку, у адраджэнскія дзевяностыя гады. Пра першую магла ўжо і забыцца, ды толькі памяць пра яе захавалі даўнія фотаздымкі. На іх я, чатырохгадовая, у прыгожым касцюмчыку з вышытых белай кашулькі і гарсэціка ды спаднічкі, аздобленай стужкамі.

(На здымку: Святлана Багданкевіч)



У маім жыцці да гэтага часу было ўсяго дзве вышыванкі. Адна — у маленстве, другая — у сталым веку, у адраджэнскія дзевяностыя гады. Пра першую магла ўжо і забыцца, ды толькі памяць пра яе захавалі даўнія фотаздымкі. На іх я, чатырохгадовая, у прыгожым касцюмчыку з вышытых белай кашулькі і гарсэціка ды спаднічкі, аздобленай стужкамі.

(На здымку: Святлана Багданкевіч)


Адкуль дзіцячы строй, нібыта нацыянальны (ці то беларускі, ці то ўкраінскі) мог з’явіцца ў той бедны, аскетычны пасляваенны час, хто яго выдумляў ды ствараў і чаму, навошта, па якіх узорах, дзе браліся тыя ж ніткі? Штосьці ўсё ж я ведаю, пра нешта магу здагадвацца…

Мая мама, чыё дзяцінства і юнацтва прайшло ў Віцебску, а ваенныя гады — у Арэнбургу, адразу пасля вайны ўладкавалася на настаўніцкую працу ў Рубяжэвічах (яна скончыла педвучылішча). Там сустрэлася з маім татам, таксама маладым настаўнікам. Яны пабраліся шлюбам, і ў Рубяжэвічах я нарадзілася. Праз нейкі час бацькі знайшлі для сябе працу ў школе ў адной з бліжніх вёсак — Гуменаўшчыне, дзе прайшлі першыя гады майго жыцця. Там мяне і апраналі ў той святочны касцюмчык, які стаўся вынікам сумеснай творчасці мамы і яе сяброўкі — Ганны Слышчанкі.

Прыгожыя дзіцячыя строі яны сумесна шылі і вышывалі для сваіх дачушак. Мабыць, жанчынам, якія на той час апынуліся ва ўмовах беднага і прымітыўнага побыту вёскі, хацелася неяк аздобіць, прыхарашыць сваё жыццё яркімі фарбамі, мастацкімі прыдумкамі. Сам Слышчанка захапляўся фатаграфіяй, дзякуючы яму засталіся здымкі з дзяцінства — майго і ягонай Алачкі, у тым ліку і гэты, у вышыванцы.

Дарэчы, Слышчанка быў украінцам, пазней яго сям’я з’ехала на сталае жыхарства на Украіну. Ды і мы жылі ў Гуменаўшчыне нядоўга, некалькі разоў пераязджалі ў межах Стаўбцоўскага раёна, калі бацька, Мікалай Багданкевіч, прызначаўся дырэктарам вясковых школаў у Трылес, пасля ў Залужжа і, нарэшце, загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі ў Стоўбцах. Гуменаўшчына разам з людзьмі і падзеямі таго часу аддалілася, сцерлася з памяці, здавалася б, назаўсёды.

Але лёс неспадзявана вярнуў мяне ў тыя блаславёныя мясціны, дзе пачыналася маё жыццё, калі нам з мужам пашчасціла набыць сядзібу ў суседняй з Гуменаўшчынай вёсцы — Астравах. Цяпер я бываю там кожнае лета, дыхаючы паветрам свайго маленства. Люблю размаўляць з вясковымі людзьмі, нашымі суседзямі. Ад іх даведалася пра шмат якія падзеі далёкага і блізкага мінулага гэтых мясцінаў, пра лёсы людзей.

Света Багданкевіч у сваёй першай
вышыванцы



Аднойчы давялося, як ні дзіўна, і пра сябе пачуць штось цікавае. Наша суседка, спадарыня Марыя Явід, жанчына немаладога ўжо веку, сапраўды інтэлігентная, каталічка, аднойчы распавяла мне, як калісьці ў маладосці яна з сяброўкамі хадзіла ў суседнюю Гуменаўшчыну — за паўтара кіламетры ад Астравоў — на школьны канцэрт. На зваротным шляху дзяўчаты абмяркоўвалі ўсё, што бачылі там і чулі: якія былі выступы, спевы ды танцы, а таксама касцюмы, уборы. “Але ж лепей за ўсіх была апранута настаўнікава дачка, што спявала і танцавала, — вызначыла адна з сябровак, і ўсе засмяяліся, але пагадзіліся з такім меркаваннем.

Так суседка падаравала мне свой успамін пра тое, як я выступала на школьным канцэрце ў прыгожым вышываным строі (мо для гэтага яго і пашылі?), які засяродзіў на сабе ўвагу вясковых дзяўчат.

Чаму ў такім малым узросце мяне выпускалі на сцэну спяваць і таньчыць? Відаць, гэта ўсіх забаўляла, тым больш, што я выступала ахвотна, рухалася свабодна, нязмушана і зусім не баялася. Але сама я ўжо не памятаю тагачасных сваіх выступаў, таму запыталася ў суседкі: “А што я тады спявала, можа быць, вы памятаеце? І тут спадарыня Марыя зусім нечакана (бо аж праз шэсцьдзесят гадоў) праспявала мне тую забытую мною песеньку, і паказала ўсе тыя рухі, з якімі яна выконвалася.

“Пайшоў каток у лясок
Шукаць Свецін паясок.
Паяска ён не знайшоў,
Павярнуўся і пайшоў.
А Светачка чакае,
Што ёй каток шукае.


З той першай сваёй вышыванкі я вельмі хутка вырасла, а другую надзела ўжо дарослай жанчынай, амаль праз сорак гадоў. Было гэта на мяжы васьмідзесятых і дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, у час імклівых пераменаў, незабыўных падзеяў, пераацэнкі каштоўнасцяў і вяртання цікавасці да ўсяго роднага, нацыянальнага, свайго спрадвечнага.

Адзін з маіх добрых знаёмых Мікола Сасноўскі (дарэчы, сябра легендарнай “Майстроўні, а таксама фотааматар, прысутны на ўсіх тагачасных сустрэчах ды імпрэзах, каб усё фіксаваць і тым часам ствараць своеасаблівы летапіс), неяк прапанаваў мне ўзяць удзел у святкаванні Купалля, якое ладзіла наша адраджэнская моладзь у Вязынцы. Што і казаць, трапіць туды мне вельмі хацелася, тым больш, што мелася сабрацца асаблівая публіка, “чужыя не дапускаліся. Не так усё проста — трэба было адпавядаць.

Мікола мусіў атрымаць дазвол арганізатараў, каб мяне запрасіць. На той падставе, відаць, што і я адпавядала асноўным патрабаванням: размаўляла па-беларуску, ведала шмат якія купальскія песні. Але для ўдзелу ў свяце быў патрэбен беларускі нацыянальны строй, як мінімум, кашуля-вышыванка. Я адправілася шукаць яе па крамах, узяўшы з сабою Міколу як эксперта, бо ён цудоўна разбіраўся ў асаблівасцях нацыянальнага адзення.

Трэба сказаць, вялікага выбару мінскія крамы не прапаноўваюць і да сёння. Усё ж я знайшла штось для сябе прымальнае ў мастацкім салоне, што ў Траецкім прадмесці. Тут мяне чакала адзіная майго памеру блузка з тонкага ільну, аздобленая ў беларускім нацыянальным стылі далікатнай вышыўкай і мярэжкамі. Пакрой быў крыху фантазійны, з пышнымі ўверсе і завужанымі ўнізе рукавамі. “Не надта каб аўтэнтычная, — ацаніў яе Мікола. — Але прыгожая і вам падыходзіць! Так з’явілася другая ў маім жыцці вышыванка. Я падабрала адпаведную спаднічку, саламяныя ды бурштынавыя аздобы, і атрымаўся святочны строй, у якім можна было з’явіцца не толькі на Купаллі, але і ў іншых месцах ды сітуацыях.

Вядома, гэта быў зусім не той поўны аўтэнтычны беларускі народны касцюм, які некаторыя дзяўчаты і хлопцы атрымалі ў спадчыну ад сваіх дзядуляў і бабуляў, каб фарсіць у ім на розных імпрэзах. У мяне ж атрымаўся хутчэй нейкі эклектычны вобраз, стылізацыя сучаснага пад народнае. Але, варта зазначыць, у дзевяностыя гады, калі ў людзей абудзілася цікавасць да ўсяго нацыянальнага, такая стылізацыя была досыць папулярная, можна сказаць, увайшла ў моду. Кожны мог ствараць штосьці сваё, фантазіраваць адпаведна з уласным густам і магчымасцямі.

Вышыты беларускім арнаментам каўнерык сучаснай блузкі, плецены пояс або гальштук, вырабленыя з бісеру аздобы ў беларускім стылі, саламяныя абручыкі, каралі, завушніцы — усё гэта стварае патрэбны эфект, дапаўняючы сучасны вобраз нацыянальным каларытам. Пры гэтым нацыянальная дэталь на сучасным касцюме выконвае не толькі эстэтычную, але і сігнальную, інфарматыўную функцыю, як значок з выявай сцяга, герба ці якой эмблемы. І чытаецца яна як пэўны тэкст, сведчыць пра далучанасць, прыналежнасць, заангажаванасць.

Найбольш пашыраная завядзёнка — насіць вышыванку пад сучасны жакет або гарнітур. Што і казаць, зручны, універсальны, агульнадаступны прыём. У такім убранні ў тыя лепшыя часы можна было ўбачыць на розных урачыстасцях і мерапрыемствах шмат каго з нашых літаратараў, дзеячаў мастацтва, палітыкаў, нават чыноўнікаў. Так, да прыкладу, былыя міністры Краўчанка і Ягораў мелі ў сваім гардэробе вышытыя кашулі, у чым народ мог упэўніцца падчас некаторых імпрэзаў.

Вось жа і мая, набытая так своечасова, вышыванка не залежвалася ў шафе ў такі цікавы, рамантычны, насычаны падзеямі час, як пачатак дзевяностых гадоў мінулага ўжо стагоддзя. Гэты стылізаваны пад народны касцюм выручаў мяне ў самых розных сітуацыях, калі было “няма чаго надзець (самая вострая жаночая праблема). Думаеш, што надзець — ёсць жа вышыванка! І будзеш выглядаць і адчуваць сябе адмыслова.

Мая вышыванка і я ў ёй часта апыналіся ў гушчы самых розных падзей — на святкаваннях, урачыстасцях, вечарынах, канцэртах, сустрэчах, з’ездах, канферэнцыях, масавых акцыях… У ёй надаралася нават чытаць свае вершы на мітынгах і розных імпрэзах. У гэтым нацыянальным строі, разам з іншымі сябрамі Народнага Фронту, я сустракала ля ўваходу ў оперны тэатр гасцей Першага з’езда беларусаў свету. Вышыванка надавала мне ўпэўненасці, калі мне выпаў гонар выступаць вядоўцай разам з спадаром Хадыкам на юбілейнай вечарыне Рыгора Барадуліна ў сядзібе БНФ. Яна была на мне і падчас святкавання Калядаў на кватэры ў Васіля Быкава, памяць пра якое захоўваюць дарагія мне здымкі.

У вышыванцы — Алена Анісім, намеснік старшыні ТБМ



Сярод усіх гэтых яскравых падзеяў асобнае месца займае самая вялікая падзея, што адбылася 25 жніўня 1991 года. Мне пашчасціла быць у гэтыя дні, калі ішло пасяджэнне Вярхоўнага Савета, на Плошчы сярод людзей, якія сваёй прысутнасцю паўплывалі на прыняцце незалежнасці Беларусі.

Памятаю, як на другі дзень работы Вярхоўнага Савета я забегла на гадзіну дадому, каб штосьці перакусіць, адпачыць і пераапрануцца для вечаровага стаяння на плошчы, якое магло зацягнуцца дапазна. Усведамляючы гэта, я ўсё ж, насуперак усялякай логіцы, замест нейкіх цяплейшых рэчаў надзела сваю вышыванку. І сёння не ведаю, чаму так зрабіла, магчыма, тут спрацавала жаночая інтуіцыя. І яна не падманула! Бо ўвечары мой нацыянальны строй як найлепей адпавядаў той святочнай атмасферы, якая запанавала на плошчы, калі адбылося лёсавызначальнае галасаванне, і да нас прыйшлі нашы дэпутаты, каб раздзяліць з людзьмі радасць перамогі. І як мая вышыванка аказалася дарэчы, калі я разам з іншымі жанчынамі дарыла кветкі нашым дэпутатам!

Гэтыя памятныя падзеі — амаль дваццацігадовай даўнасці. Сёння вышыванку на кімсьці ўбачыш нячаста — не тая атмасфера, не той стыль, не той настрой. Здаецца, што запанаваў нейкі змрок, таму і бел-чырвона-белы сцяг забараняецца, нібы якая крамола. Можа, каб не развеяў гэты змрок сваім нябесным святлом? А вышыванкі, калі і можна дзе ўбачыць, то хіба што на сцэне ці на выставе, ці на цудоўнай танцавальнай вечарыне ў “Жар-птушцы. У большасці сваёй яны ляжаць, прыхаваныя ў шафах. Але яны ёсць, як і бел-чырвона-белыя сцягі, папросту яны чакаюць свайго. І так хочацца верыць, што прыйдзе час, і мы яго дачакаемся, калі ўся гэтая цемра згіне, развеецца змрок, і ўсю беларускую краіну залье мора яскравага, зыркага святла ад нашых бел-чырвона-белых сцягоў і святочных вышыванак!

Падрыхтавана Таццянай Трубач, адным з куратараў праекта “Чалавек у вышыванцы

Чакаем вашых допісаў пра гісторыю вашых вышыванак на адрас сядзібы ТБМ

Святлана Багданкевіч

Каментаваць