«Мае дзеці выраслі беларусамі»

У Кушлянах актыўна дзейнічае музей-сядзіба Францішка Багушэвіча, які шмат гадоў узначальвае беларускі літаратар, педагог, улюбёны ў родны край чалавек — Алесь Жамойцін.



Сола на дудцы ў выкананні Алеся Жамойціна, 2009 г.


 Спадар Алесь пагадзіўся пагутарыць са мной пра Кушляны, пра сваё жыццё-быццё і творчасць.

— Ваш першы паэтычны зборнік «Азірнуўшыся — не скамянею» быў вельмі прыхільна сустрэты чытачамі і станоўча ацэнены крытыкамі. Хто дапамагаў у выданні зборніка, як тады пісалася, друкавалася, адзначалася?

— Зборнік вершаў выйшаў у 1989 годзе. Ужо год мы шчыравалі над стварэннем годнага музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Пісалася тады і друкавалася на ўздыме. Час быў цікавы і насычаны падзеямі. Дапамог надрукаваць зборнік мне шаноўны мой настаўнік па ўніверсітэту і ў паэзіі Ніл Гілевіч. Большасць вершаў і паэмы былі напісаны ў Закарпацці ў час працы маёй на чыгунцы з 1985 па 1988 гады. Кожны месяц выпадала паездка на Украіну, а там сам Бог дыктаваў мне ў вушы паэму за сем дзён. Гэта была фантастычная прадуктыўнасць. Так інтэнсіўна мне не пісалася больш нідзе і ніколі. Вытлумачыць можна хіба толькі тым, што горы для паэтаў заўсёды былі паратункам на выхадзе з чалавечага балота…

Вельмі блізка ў той перыяд сышоўся і з беларусамі ў Вільні, якія групаваліся вакол Зоські Верас. Сёння ўспаміны пра тыя сустрэчы напаўняюць сэрца асаблівым цяплом і энтузіязмам у беларушчыне, нагадваюць пра той цяжар адказнасці, які ляжыць цяпер на нашых плячах. Яшчэ паспеў, працуючы ўжо ў Кушлянах, звазіць некалькі разоў смаргонскую інтэлігенцыю на сустрэчу з маімі віленскімі сябрамі. Экскурсію па Вільні ім праводзіў Лявон Луцкевіч. Перад домам, дзе жыў у свой час Сыракомля, нечакана для мяне самога, усплыла дадатковая інфармацыя пра тое, што падчас паўстання ў Сыракомлевай кватэры жылі Каліноўскі і Далеўскі, як яны вучылі дзяцей Сыракомлі рускай мове, рыхтуючы іх для паступлення ў гімназію. Шаноўны спадар Лявон падзякаваў за такое істотнае дапаўненне, а я яшчэ ўсцешыўся і тым, што інфармацыя мінулага арганічна ўвайшла дзейным чыннікам у сучаснае жыццё.

— У вас адкрывалася вялікая мажлівасць застацца ў Мінску, працаваць у якім-небудзь літаратурным выданні, а вы з’ехалі ў глыбінку. Чаму?

— Чаму з’ехаў у глыбінку? З маёй біяграфіі шырокаму колу невядомы другі бок маёй сціплай дзейнасці. З 1984 па 1989 гады я вучыўся ў аспірантуры ІМЭФ, даследаваў беларуска-польскія культурныя сувязі, а па сваёй ініцыятыве, — яшчэ і народна-вызваленчы рух ХІХ стагоддзя. Даволі шмат часу я правёў у архівах і бібліятэках Мінску, Вільні і Львова. Значная частка матэрыялаў апублікаваная, а яшчэ большая — карыстаецца пры экскурсійнай рабоце ў музеі і цяпер. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю сустрэчы і кансультацыі такіх шчыравальнікаў на гэтай ніве, як С. Александровіча, Г. Кісялёва, Г. Каханоўскага, І. Цішчанку, А. Ліса, Я. Янушкевіча. Была, сапраўды, тады магчымасць застацца ў Мінску і працаваць у Інстытуце літаратуры і г.д., але я па сваёй прыродзе — адзінотнік, мне трэба, каб пад нагамі ў мяне была жывая зямля, а не гарадская «шпакоўня». Вось гэта, у большай ступені, і прадыктавала мой выбар. І яшчэ, — у 1988 годзе мне ўжо добра была вядомая «кухня» і літаратурных выданняў, і навуковых устаноў. І яна мяне, мякка кажучы, не задавальняла. Сёння, праз 27 гадоў пасля прынятага тады рашэння, кажу ў поўнай яснасці розуму і без пантовасці: усё зрабіў я правільна — малайчына!

— Дый у горадзе і ў вёсцы вельмі розныя, як кажуць рытмы жыцця…

Музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах

— У горадзе і ў вёсцы сапраўды розныя рытмы жыцця: у горадзе — джазавы, у вёсцы — вальсавы. Жыццё чалавека выбудоўваецца ў пастаянным імкненні падладжваць свой рытм у сугучча Зямлі і Сусвету. Калі гэта атрымліваецца, — чалавек становіцца паспяховым. Я прыехаў у Кушляны з сям’ёю 33-гадовым дзяцюком (як казаў бы наш Кастусь Каліноўскі) і арганічна ўвайшоў у вясковае жыццё. Хадзіць за плугам, сеяць, касіць, упраўляцца з коньмі, — гэтаму быў навучаны змалку. Для мяне — гэта вялікая рамантыка і паэзія рассеяць самому зярняты на сваю ніву. Ні з якімі выгодамі гарадскімі не параўнаеш гэтае ўпэўненае пачуванне гаспадаром. Праз пару гадоў жыцця ў Кушлянах у мяне спрацавала родавая памяць на некаторыя рэчы і практыкі. Мне аднойчы стала вельмі лёгка па прыкметах заходзячага сонца вызначаць надвор’е на наступны дзень ці прадбачыць надвор’е амаль на тыдзень наперад. Стаў практыкаваць і агучваць. Гэтым сярод мужыкоў і старэйшых людзей займеў высокі аўтарытэт. Асабліва актуальна гэта стала ў касавіцу. Прыкладам, падыходзіць сусед і пытае: «Алесь, як там заўтра з надвор’ем, копкі раскідваць смела, ці пачакаць?..» Трэба адзначыць, што ворагаў сабе гэтымі парадамі я, дзякуй Богу і продкам, не нажыў…

— Я чуў што вы вельмі любіце коней...

— Асобная тэма напоўненасці чалавека рытмам і паэзіяй — гэта коні. Іх пастаянная прысутнасць у тваім жыцці. Адно, калі ты бачыш каня, які пасецца на сенажаці, і зусім іншае, калі гэта — твой конь. І ён — частка твайго жыцця. Памятаю, аб’язджаў свайго маладога каня пад сядлом ужо глыбокай восенню. Выбіраў дарогу па полі, каля лесу, на гару, з гары, каб прывыкаў да рознага спосабу язды і хады, ну і каб мне, у выпадку наравістасці, мякчэй было шмякнуцца на зямлю. Але шмякнуцца давялося па другой прычыне і вельмі нечакана. Аборць была новая, фабрычная, у кутках конскага роту намокла і… развязалася. Я пацягнуў правай рукой павярнуць каня з гары ўніз і зваліўся каню пад ногі. Конь спудлаваўся, трохі адскочыў убок і стаў паскубваць траву. Я падняўся, падышоў да яго, спакойна завязаў аборць і раптам — у вялікіх, прыгожых коневых вачах злавіў гарэзлівую ўсмешку, засмяяўся сам і прытуліў даверлівую галаву да сябе ў знак замірэння. Такое не прыдумаеш — яго можна толькі перажыць. Гэта толькі некалькі аргументаў на карысць вясковага жыцця. А самае галоўнае, што мае дзеці выраслі беларускамі ў беларускім асяродку.

— Пра што сёння думаецца паэту ў правінцыі, пра што марыцца?

— Дзякуй Богу, і пішацца, і марыцца, і дзеіцца. А паняцце «правінцыя» нам засталося ў спадчыну ад імперыі. На гэты конт нашы продкі адказвалі жартам: «Круці жорны пільна — тутай будзе Вільня!». Кожны на любімым кавалку роднай зямлі павінен ствараць сваю творчую рэальнасць як працяг гармоніі продкаў: ці будзе гэта напісаны верш, ці прыгожая карціна, ці складаная машына, — абы гэта прыдалося для развіцця твайго народу і тваёй Радзімы. Сёння я не распыляю сілы бяздумна, а стараюся сфакусіравацца на самым галоўным і істотным у маім жыцці. Давесці да ладу свае песні, напісаныя за апошнія 27 гадоў, і закончыць працу па мове.

— Вы з’яўляецеся дырэктарам музея-сядзібы Францішка Багушэвіча. Ці ведае моладзь пра Багушэвіча? Як часта бываюць экскурсіі?

— Не магу сказаць, што моладзь (як нам таго хочацца) ведае пра Францішка Багушэвіча. Пасля экскурсій прызнаюць, што слаба ведаюць і пра Багушэвіча, і гісторыю — наогул. Ды выказваюць жаданне глыбей спасцігнуць усё гэта. І турысты, і экскурсіі на сядзібе бываюць часта. Па рэйтынгу музей уваходзіць у адзін з пяці асноўных турыстычных маршрутаў Беларусі.

Дарэчы, самыя цікавыя экспанаты трапілі да нас з Польшчы ад нашчадкаў роднай сястры Францішка Ганны. Гэта два родавыя медальёны з мошчамі святых. Адзін з іх вядзе сваю гісторыю з канца 18 стагоддзя і да нашых дзён. Медальёны ахоўныя і вельмі пазітыўна праменяць. Таксама рэчы, якія Ганна сваімі рукамі выштукавала ў казематах на Лукішках з восені 1863 года па восень 1864 года, самаробны абраз, футляр да яго, вышыты драбнюткім бісерам.

— Якое значэнне, на вашу думку, мае творчасць Францішка Багушэвіча ў лёсе беларусаў, у нашай гісторыі і ў нашым сённяшнім жыцці?

— Перакананы, што сёння настаў час, калі кожнаму беларусу неабходна ясна і цвёрда абазначыць сваю нацыянальную пазіцыю — і, як ніколі, у мове. Камунікацыя паміж самімі беларусамі на рускай мове пагражае стаць асноваю для стварэння пятай калоны на карысць чужой дзяржавы. Прыклад для нагляднасці ёсць у жывой прыродзе. Салавей заліваецца пералівамі ў садзе, а мы захапляемся — во, салавей спявае. На самай справе, салавей такім чынам дэманструе ўсяму свету, што тут яго тэрыторыя, і ён — са-ла-вей, а не варона. Так і беларусам, каб не зблыталі з варонаю — трэба спяваць сваім голасам; тады і пазнаюць, і прызнаюць. І ў гэтым плане вельмі актуальна гучыць голас Ф.Багушэвіча: «Кожны чалавек павінен любіць свой народ, шанаваць сваю мову і працаваць для свайго Краю!»

Багушэвіча я зразумеў напоўніцу, калі пасядзеў у архівах і пачытаў дзённікі паўстанцаў 1863 года. Вось тады завучаныя ў школе прозвішчы: Сыракомля, Каліноўскі, Багушэвіч раптам да болю асязальна паўсталі каля мяне жывымі постацямі і напоўнілі мяне Сутнасцю. З новым пачуццём адказнасці і ўдзячнасці я панёс жывыя кветкі на Лукішскі пляц. Багушэвіч для мяне — асоба, якая творыць сваю рэальнасць у бесперспектыўных, на першы погляд, варунках. Сярэдні розум у такой сітуацыі выдаў бы «мудрасць» да дзеяння: «Чаго там трапятацца — усё роўна нічога не пераробіш…»

Але Багушэвіч, Каліноўскі і ім падобныя мелі сілу духа з апораю на продкаў і на Бога; у такой звязцы — колькасць ворагаў не мае значэння…

Каментаваць