Маё беларускае «Я» (Зацемкі падчас чытання Акудовіча)

Найлепшыя філосафы сучаснасці болей не шукаюць ісціны, іх кнігі працуюць хутчэй на дэфармацыю свядомасці чытача. На навучэнне яго хадзіць па лабірынтах, пракладзеных у рэальнасці іх тэкстамі.


Бадрыяр не прыдумаў панятку «сімулякр», ён навучыў бачыць платонаўскія сімулякры па-свойму. Лакан ці Жыжак цікавыя нам менавіта гэтым мастацтвам ператварэння чытача ў маленечкіх карузлікавых Лаканаў ды Жыжкаў, якія спараджаюць бясконцыя аднолькавыя тэксты, што інтэрпрэтуюць сэксуальнасць, мову ці масавую культуру так, як гэта робіць  «буйны Лакан» ці «буйны Жыжак».

Такім чынам, сёння філосаф — гэта вірус.

І найлепшая пашана філосафу — распаўсюд мікробу ягонай думкі па верасовых пустках уласных тэкстаў.

Таму я не буду рэагаваць на цудоўную кнігу Валянціна Акудовіча «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» напісаннем чарговай рэцэнзіі. Я вазьму эсэ «Нідзе і Ніхто» з гэтай кнігі і прайду крышачку далей па гасцінцы, на адным з паваротаў якога пад зорамі выштукаваў цяпельца ды застаўся на перакур «буйны Акудовіч». Пры гэтым я ўсведамляю, што гэты тэкст напісаны хутчэй няісным Акудовічам, чым яго сімуляваным (а таму яшчэ больш няісным) Марціновічам.

Асноўнае дапушчэнне «Нідзе і Ніхто» — пастулат пра тое, што культура — гэта падзеі часу, трывала зафіксаваныя ў прасторы. І, паколькі новая паўсюдная медыйнасць знішчае прастору, набліжае ўсіх да ўсіх, мы пачынаем жыць у Нідзе, бо ў плане няіснасці «Нідзе» і «Усюды» — паняткі тоесныя хаця б у вымярэнні ўласнай недасяжнасці. Без прасторавай адлегласці знакі іншых культур набліжаюцца да нас і робяцца такімі ж блізкімі, як знакі ўласнай культуры, без фіксавання ў прасторы атрыбуты культуры страчваюць укаранёную прыналежнасць і перакідваюцца ў калейдаскоп. Так, Брэтонаў «выбух камунікацыяў» спараджае «татальны крызіс культуры» (вылучана італікам).

Усе павароты Акудовічавага лабірынту выглядаюць адзіна магчымымі, ды і сценка ў канцы нашага шляху цяміцца вусцішна непрабіўнай. У Нідзе жыве адно прыстасаванае для яго Ніхто — асоба без культуры, без ідэнтычнасці, без «Я», а сэнс вытворчасці культурных тэкстаў губляецца ці зводзіцца да напісання рамана ў тысячу старонак адно для таго, каб пра яго двойчы згадалі ў медыях.

Але гэтая сучасная інтэрпрэтацыя прасторы і культурнай вытворчасці інструментаваная старой і больш не актуальнай анталогіяй.

Мы зыходзім з таго, што слова «жыць» ці тэрмін «быццё» ў рэальнасці, у якой мы бачым членаў брытанскай каралеўскай сям’і часцей, чым уласных стрыечных братоў, тоесны вызначэнням тэрміна «быццё», пададзенаму ў ХІХ стагоддзі. Я не буду падрабязна спыняцца на медыйнай анталогіі, на тым, чым дыгітальны суб’ект ці аватар, у які мы ўсе ператварыліся пад уздзеяннем сацыяльных медыяў, адрозніваецца ад жывой істоты, унутраны свет і матывацыі якой апісвалася Шэкспірам.

Я скажу толькі некалькі словаў пра самога гэтага суб’екта. Сапраўды, нашае «Я» сёння — гэта не мадэрнае «Я» колішняга жыхара вялікага горада, які ў кожны момант часу ўсвядомліваў сябе лонданцам, насельнікам імперыі, кансерватарам, манархістам, і сацыяльна-медыйнае атачэнне дапамагала яму заставацца ва ўласнай культурнай апрычонасці.

Цяпер «Я» штохвіліны праходзіць выпрабаванне трыма фактарамі, што стала на яго ўздзейнічаюць: медыйнасцю, глабалізацыяй, спажываннем. Медыйнасць робіць Букінгемскі палац гэтаксама блізкім да нашай канапы, як і Мірскі замак — бо пра абедзве з’явы нам кажуць па ТБ. Глабалізацыя вымушае нас спрашчаць жаданні і ўкладаць іх у загатаваныя фрэймы, нівелюючы нашую выбітнасць. Спажыванне падмяняе нашае «Я» прыдумкамі ідэалогій брэндаў, якія над намі ўладараць. У гэтым сэнсе «Я» чалавека, які прысмактаўся да пляшкі «Хайнэкена» і не здольны адарваць вочы ад канала Расія24, дзе Кісялёў паведамляе праўду пра Нідэрланды, — гэта вельмі цікавы мікс супярэчнасцяў.

Але менавіта расколатасць гэтага суб’екта, апасродкаванасць ягоных стасункаў са знешнім, няўлоўнасць ягонага «быцця» ў параўнанні з быццём у ХІХ стагоддзі і пакідае шанец. Гэткі прытоены садок, у якім расквітаюць культура і ідэнтычнасць.

Рэч у тым, што мы навучыліся годна і стала існаваць без цела. Прычым непатрэбнасць цела не ператварыла нас у Нішто. Наадварот, мы зрабіліся па-ніцшэанску ўсёмагутнымі, бо можам перажываць вопыт быцця ў радзіме, знаходзячыся фізічна далёка за яе межамі. Слова «жыць» цяпер азначае электронную актыўнасць, якая разгортваецца з аблічбаваным агентам, што ўвасабляе нашую самасць. Дыханне, сон і нават ежа ўсё больш успрымаюцца другаснымі аперацыямі, кшталту сілкавання батарэі ў дэвайса.

Вандроўны філосаф украінскага паходжання Анатоль Ульянаў выдаў не так даўно назіранне пра тое, што, праз пастаянную змену месцаў жыхарства, здымных кватэр ды краін, у якія яго заносіць, ягоны дом сёння — гэта прастора сеціўных шутараў. І пачуццё пазнавання наваколля, унутранае цяпло, якое ён у сувязі з гэтым адчувае, завязаныя не на фізічнае вяртанне дадому, якое ў ягоным выпадку немагчымае, а з праходжаннем адной вельмі дакладнай мапы ва ўсталяванай на ягоным лэптопе камп’ютарнай гульні.

Кожны вандроўны перажываў гэты тып быцця — калі табе самотна і ты пераглядаеш улюбёны фільм ці пускаеш па трэцім коле серыял, які некалі вымушаў смяяцца. Дыгітальная настальгія як і дыгітальная «прота-радзіма» — вельмі цікавыя з’явы.

Дык вось, пры ўсім гэтым нават за мяжой, нават праз вялікі час мы чамусьці працягваем чытаць пра Беларусь. Статыстыка пераходаў на беларускамоўныя сайты з-за межаў нашай краіны — вельмі грунтоўнае апірышча для тэзаў, выказаных вышэй. Раней чалавек ад’язджаў назаўсёды і хутка рваў сувязі з сусветам, дзе выгадаваўся. Цяпер ён жыве адначасова ў Вільні, у Мінску і ў фільме, які глядзіць у цягніку паміж Вільняй і Мінскам.

Ты можаш выкшталтаваць веды чэшскай мовы і весці курс у Пецярбургскім універсітэце, то можаш распусціцца дашчэнту ў велізарнай Маскве, але ў тваім «Я» будзе жыць маленькае цудоўнае «але». Укаранёнае ў прадонне ўзаемадзеянняў тваіх аватараў у медыйнай сацыяльнасці, гэтае «але» будзе ўвесь час нагадваць пра твае сапраўднае апірышча — пра твае, не стрымаюся, падваліны — пра той код, з якога ты паходзіш.

І вось Ульянаў — той самы Ульянаў, які ўхваляе настальгію да мапаў у сеціўных шутараў, зноў і зноў вяртаецца да нататак пра Украіну (днямі ён зацята крытыкаваў яе «казацкую адукацыю»). Здавалася б, нашто Ульянаву праз столькі гадоў вандровак па зямной кулі ды сеціўных абшарах украінская адукацыя? І Украіна? Гэта ўсё праз ужо згаданыя «але». Ты сядзіш у нью-ёркскім метро, ты гаворыш па-англійску з дзяўчынай побач, ты амаль забыўся, хто ты насамрэч, і тут на тэлефон звальваецца паведамленне пра нечы камент да твайго статусу, і гэты камент прысвечаны рэформе адукацыі на іншым кантыненце, дзе ты даўно не быў, і дзе, тым не менш… Ну і панеслася! Ты стаіш у заторы ў Маскве, ты бачыш трыкалорчык на нумарной шыльдзе суседняга аўто, і гэтае медыя, гэты маленькі сцяжок раптам нагадвае табе пра тое, што ты — не тутэйшы. Цудоўная рэч гэтае ўнутранае «але»!

Раней трэба было рабіць высілкі, каб заставацца ў Беларусі па-за яе межамі. Цяпер табе трэба прыкладаць высілкі, каб захінуцца ад яе навін, ад яе татальнасці. Радзіма цяпер усюды. Як і культура.

Выбух камунікацыі, спажыванне і глабалізацыя не знішчаць культуру і не нівелююць ідэнтычнасць. Таму што чалавек без цела рэагуе на іх не-цялесна: праз медыатызацыю настальгіі ён увесь час лічбава не вылазіць з родных месцаў, праз спажыванне ён робіцца суддзёй на спаборніцтве эйдатычных адлюстраванняў рэкламных праекцый (а што ёсць культура, як не канкурэнцыя логасаў?). Праз глабалізацыю ён увесь час заахвочаны падкрэсліваць уласную выбітнасць, і родная мова — у гэтым найлепшы памагаты.

Татальнага крызісу культуры, нават не вылучанага італікам, няма. Ёсць змяненне культуры праз змяненне чалавека і форм ягонага быцця. Калі медыйная анталогія складзецца нарэшце ў распрацаваную навуку, быццё па-за целам больш не будзе нікога палохаць.

Мы не страчваем Беларусь. Яна ў нас усталяваная, бы Windows 10. І якой бы глючнай, надакучлівай ці аўтарытарнай ні была Windows 10, без яе мы проста не загрузімся.
 


Нагадваем, што сёння выдавецтва “Логвінаў” і “Беларускі калегіум” прэзентуюць свежую кнігу Валянціна Акудовіча “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”. Галерэя “Ў “і кнігарня “Логвінаў” (Незалежнасці 37а).Пачатак а 19-й. Уваход — вольны!

budzma.by


Каментаваць