Майстар керамікі, які піша вершы і спявае песні

Сяргея Худзяева ў вёсцы Галынка Зэльвенскага раёна лічаць сапраўдным народным ўмельцам. Ён адзіны на Гродзеншчыне майстар па чорнадымленай кераміцы. За сваё майстэрства і аднаўленне старажытнага рамяства ён шмат разоў узнагароджваўся дыпломамі і медалямі на розных выставах і фестывалях Беларусі.



Сяргея Худзяева ў вёсцы Галынка Зэльвенскага раёна лічаць сапраўдным народным ўмельцам. Ён адзіны на Гродзеншчыне майстар па чорнадымленай кераміцы. За сваё майстэрства і аднаўленне старажытнага рамяства ён шмат разоў узнагароджваўся дыпломамі і медалямі на розных выставах і фестывалях Беларусі.

Сяргей Худзяеў — настаўнік працоўнага навучання і чарчэння ў вясковых школах суседняга з Галынкай Слонімскага раёна. Таму застаць дома майстра можна толькі ў выходныя. Але і тады ён не сядзіць без справы, а працуе з глінай. За працай я і заспеў Сяргея Худзяева, дзе за ганчарным кругам адбылася наша гутарка.

— Хто навучыў вас майстэрству чорнадымленай керамікі?

— Сам навучыўся, бо вельмі хацелася навучыцца таму майстэрству, чым у нас мала хто займаецца. І спыніўся я менавіта на чорнадымленай кераміцы, якою некалі вельмі актыўна займаліся народныя майстры з Ружанаў, Пружанаў. Гэта чорнадымленая кераміка ў свой час мела вялікі поспех у Польшчы. І я самастойна пачаў вывучаць усе друкаваныя матэрыялы, запісваць старых людзей, якія займаліся керамікай, збіраў іншыя звесткі, звязаныя з керамікай. І прыйшоў да высновы, што вырабляць керамічны посуд — гэта не так і складана. Галоўнае тут — умець рабіць абпал глінянага посуду. Я зрабіў спецыяльную печ для абпальвання. Потым пабудаваў яшчэ адну печ. Не ўсё атрымлівалася спачатку, было шмат браку. Але цяпер навучыўся гліняныя вырабы абпальваць цудоўна, амаль без браку. Перажыўшы апальванне ў агні, посуд накіроўваецца альбо ў спецыяльны адвар, і атрымліваецца прыгожы ўзор, альбо ў дым, калі печ пасля апальвання замазваецца глінай, каб паветра не праходзіла, і амаль суткі вырабы «даходзяць» — у выніку чаго і атрымліваецца чорнадымленая кераміка.

— Вы вырабляеце выключна посуд?

— Не толькі. Паводле свайго прызначэння кераміка падзяляецца на посуд, на рэчы мастацтва або культу, на будаўнічыя вырабы і г.д. Я займаюся посудам, а ў апошні час спрабую вырабляць і гліняныя цацкі. Дарэчы, гліняныя фігуркі ляпілі яшчэ ў першабытныя часы. Вучоныя-археолагі адкопваюць у старадаўніх курганах фігуркі коней, сабак і іншых свойскіх жывёлін, а таксама бразготкі ў выглядзе пустога шарыка з каменьчыкам усярэдзіне. Страсянеш — бразгаціць. На думку вучоных, свістулькі і бразготкі ўжываліся нашымі далёкімі продкамі не толькі як забаўкі: лічылася, што яны ахоўвалі ад «нячыстай сілы». Свіст нібыта адганяў злых духаў, аберагаў ад іх дзяцей. Таму я вырабляю і керамічныя свістулькі.

— Вы таксама ведзяце дзіцячыя гурткі?

— Хочацца, каб нашы дзеткі адчувалі прыгожае, вучыліся на добрых прыкладах і самі рабілі дабро. Край наш вельмі багаты на таленты, шмат творчых людзей выйшла з Зэльвеншчыны, Слонімшчыны, Дзятлаўшчыны. Дык мо калі і нашы гурткоўцы пра сябе скажуць — тым больш, што сярод іх нямала творчых, здольных асоб. І калі з іх хоць адзін юнак ці дзяўчына захопіцца керамікай у жыцці, то я буду вельмі рады і задаволены.

— А адкуль вашы здольнасці?


— Вельмі здольным быў мой дзед па маці Іскра Пётр Ульянавіч. Я добра памятаю яго. Ён быў мясцовым будаўніком. Дзіцячых садкоў раней у вёсцы не было, таму я часам з дзедам хадзіў у сталярку і глядзеў, што ён робіць. Дзед быў майстар на ўсе рукі. Ён рабіў вазы, розныя драўляныя цацкі дзецям, вучыў і мяне сталяраваць. А бацька мой пісаў вершы, добра спяваў і іграў.

— Ведаю, што і вы, акрамя керамікі, займаецеся і паэзіяй, добра іграеце на гітары, часам выступаеце як бард. Дый чытаў вашы вершы ў мясцовым друку, у калектыўных зборніках, у «ЛіМе». Магчыма, вершаў назбіралася ўжо на добрую кніжку і час выдаць іх асобным выданнем?

— У мяне іншая задума ёсць. Я хачу напісаць і выдаць кніжку пра гліну, пра кераміку. Гэта будзе не навуковая і даследчая кніга. Даследчыкаў керамікі ў Беларусі шмат. Найбольш вядомы і вопытны даследчык керамікі — наш сябра Яўген Сахута. А гэта будзе кніга пра тое, як я асабіста працую з глінай, займаюся керамікай. У гэтую кнігу планую ўключыць і свае вершы. І гэта павінна атрымацца такая керамічная-паэтычная кніга. У ёй я кераміку не пакрыўджу і для паэзіі месца знойдзецца.

-----------------------------------------------------------------------------------------

Даведка:

Сяргей Худзяеў нарадзіўся на Зэльвеншчыне ў вёсцы Пруд. Скончыў Брэсцкі політэхнічны інстытут. Працаваў прарабам, інжынерам, настаўнікам,

дырэктарам Зэльвенскага раённага Дома рамёстваў у вёсцы Галынка, дзе зараз жыве. Зараз працуе настаўнікам у Парэччы і ў Кастровічах. Акрамя ўрокаў, вядзе ганчарныя гурткі, а таксама гурткі выпілоўвання і выпальвання.


 

Каментаваць