Маладзёжны тэатр закрыў сезон прэм'ерай — "Сном у летнюю ноч" (фота)

Пастаноўкай паводле камедыі Уільяма Шэкспіра "Сон у летнюю ноч" Маладзёжны тэатр завяршыў сезон. Спектакль паставіў рускі рэжысёр Іскандэр Сакаеў. 



"Небяспечная п'еса" — так вызначаны жанр новай пастаноўкі Шэкспіра. Іскандэр Сакаеў увасабляе на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатру ўжо трэцюю п'есу. У мінулым годзе пабачылі свет прыпавесць "Казіны востраў" паводле Уга Бэці і эксперыментальная пастаноўка "Чэхаў. Камедыя. Чайка" паводле знакамітай п'есы А.П. Чэхава. 

Спецыфічны стан сну быў самой прыродай дадзены чалавеку ў якасці прыкладу свету, арганізаванага па іншых законах, чым свет рэчаісны, і ва ўсе часы быў той сферай, да якой творцы звярталіся ў пошуках новых выяўленчых сродкаў, новай мовы мастацтва. У пераўвасобленым "Сне ў летнюю ноч" на сцэне Маладзёжнага тэатра, як пазначана ў афішы, "акторы гуляюць не п'есу, а ў п'есу".

У спектаклі заняты 21 акцёр — напэўна, гэта адна з самых маштабных пастановак тэатра. Афармленне сцэны мінімалістычнае, і адсутнасць на ёй бутафорскага ўбранства быццам падкрэслівае хісткасць мяжы паміж гледачамі і сцэнай, сном і рэальнасцю. Гэта адчуванне яшчэ больш акцэнтуе цікавая дэталь — тэатральная заслона была яшчэ да пачатку спектаклю паднятай і такі не апусцілася ў фінале. "Жыццё ёсць сон", як давёў іспанскі сучаснік Шэкспіра Кальдэрон дэ ла Барка.

І хоць "Сон у летнюю ноч" на сцэне Маладзёжнага адбываецца амаль без дэкарацый, аднак мінімалізм убранства засяроджвае ўвагу на тэатральнай дзеі і падкрэслівае ўдалую гульню актораў. А чорная сцэна служыць фонам для цікавых і разнастайных светлавых эфектаў.

Спектакль атрымаўся цікавы, наватарскі і, безумоўна, варты ўвагі гледачоў.

Каментаваць