«Малевіч для дзяцей»: праз кнігу, мультфільм і песню Вольскага

«Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі «Ў» выдалі кнігу «Малевіч для дзяцей». Але вырашылі не спыняцца на гэтым і запусцілі краудфандынгавую кампанію для стварэння мультфільма і запісу дзіцячай песні пра Малевіча, якую адмыслова для кнігі напісаў Лявон Вольскі.


Праца над кнігай ішла ўвесь 2017 год. Яна цалкам прысвечаная Казіміру Малевічу — такому складанаму для дарослых і такому блізкаму для дзяцей. Трэба толькі даць магчымасць супрыматызму дагукацца да сэрцаў і расказаць пра сябе простай, даступнай мовай гульняў і казак (а іх у кнізе вельмі шмат!).

Кніга разлічана на дашкалят, вучняў малодшых класаў. Аўтары ўпэўненыя, што яна будзе цікавай таксама бацькам, бо ў дарослым жыцці так не стае простага тлумачэння складаных філасофскіх рэчаў, каб кожны «Чорны квадрат» стаў на сваё месца, а мастацтва стала бліжэйшым у разуменні і прыняцці.


Сафія Садоўская, мастацтвазнаўца праекта і мама чатырохгадовай Евы:

«З самага нараджэння мы спазнаем свет. Гэта складаны шлях, які кожны праходзіць па-свойму. Але прастора гэтага пазнання мае істотнае значэнне. Важная яго шырыня і разнастайнасць. Менавіта гэта ўжо ў дарослым узросце дапамагае чалавеку знаходзіць апірышча ў навакольным свеце, супастаўляць яго з сабой і будаваць масты да разумення складаных канцэпцый сучаснага мастацтва. Даючы дзецям разуменне разнастайнасці формаў мастацтва, мы фармуем базавае прыняцце незразумелага / іншага. Пасля гэтага дзіця ідзе далей - даследуе гэтае незразумелае, задаецца пытаннямі, знаходзіць адказы, а не спыняецца на фазе «я таксама так магу». Малевіч здзейсніў рэвалюцыю ў мастацтве і мы да гэтага часу бачым, як яго ідэі ўплываюць на нашу штодзённасць, на нашу візуальную культуру і як плённа сучасныя мастакі працуюць з вобразамі Малевіча, выбудоўваючы свае ўласныя дыялогі з яго працамі».

Наклад кнігі прыехаў з літоўскай друкарні яшчэ ў сярэдзіне снежня. Але ён не з'явіцца ў бліжэйшы час на паліцах кніжных крамаў. Кнігу можна атрымаць толькі ў якасці падарунка за падтрымку краўдфандынгавай кампаніі. Большая частка грошай пойдзе на запіс песні і стварэнне мультыплiкацыйнага кліпа.

Песню адмыслова для кнігі «Малевіч для дзяцей»напісаў Лявон Вольскі. У кліпе яе будуць спяваць дзеці. А мультфільм разам з дзеткамі намалюе чалавек-Сусвет Bazinato.

Падтрымаць кампанію можна тут. Аўтары праекта абяцаюць падарункі.

***
«Дзiцячыя творчыя майстэрні» — праект Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», створаны з мэтай знаёміць дзяцей з сучасным мастацтвам, дапамагаць рэалізоўваць свой творчы патэнцыял і развіваць культуру мыслення.

Майстэрні — гэта лекцыі і майстар-класы для дзяцей, якія ладзяцца ў Галерэі «Ў» штонядзелю на працягу навучальнага года, таксама штогадовыя тэматычныя фестывалі, сацыальныя і адукацыйныя праекты для бацькоў і педагогаў, а зараз і выданне кніг пра беларускіх мастакоў!

Папярэдняя краўд-кампанія «майстэрняў» завершылася выхадам мінулай вясной кнігі для дзяцей «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя: Віцебская школа».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць