Манітор на дуду

24 красавіка я здзейсніла культпаход, каб пачуць тое, чаго так даўно не чула — гіпнатычнага гуку белнарінструмента — дуды.



24 красавіка я здзейсніла культпаход, каб пачуць тое, чаго так даўно не чула — гіпнатычнага гуку белнарінструмента — дуды.

Усё маё студэнцтва 1999–2004 гадоў прайшло пад знакам сузіральнага захаплення беларускай мэдыявальнай культурай, якая акурат пачала актыўна развівацца. Калі ў 1990-х школьнікі, агалошаныя ісцінай гісторыяй свайго народу, якая раптоўна звалілася на нас з падручнікаў, тэлебачання, кніжак Вітаўта Чаропкі і Ўладзіміра Арлова, нарэшце пачалі запаўняць шматлікія рыцарскія клубы, стаўленне да равеснікаў я мела хутчэй скептычнае. Было неясна, што ж павырастае з гэтых рамантыкаў. Але вось павырастала і выявілася, што многія з іх вельмі нават спрытна перакавалі сваю рамантыку на прагматыку.

Інтарэсы натуральным чынам падзяліліся — у беларускай медыявалістыкі з’явіліся накірункі. Калі адны проста шыюць раскошныя ўборы Боны Сфорцы і Жыгімонта Аўгуста ды фатаграфуюцца з дзеткамі за грошы, іншыя зарабляюць коўкай зброі ды фібулаў па старой тэхналогіі. Трэція купілі замак і зарабляюць на рэстаўрацыю стылізаванымі пад старасвеччыну экскурсіямі. Непатрэбныя на полі бою дзяўчаты пачалі адраджаць сярэднявечныя танцы — і вучыць ім усіх ахвочых.

Але самым здольным рэструктурызатарам свайго патэнцыялу з усяго пакалення рыцараў-рамантыкаў выявіўся Зміцер Сасноўскі, а самым яскравым праектам усёй субкультуры — яго гурт “Стары Ольса. Цалкам верагодна, таму што музыка. І абсалютна дакладна, таму што дуда.


GOLDEN MEDIUM

Падыходзячы да клубу “Рэактар, я чакала пабачыць натоўп крызанутых маладых людзей у сярэднявечных строях ці, прынамсі, у нацыянальных вышываначках а ля пейзан. Нічога такога не было і блізка — цалкам верагодна, гэтыя свае апранахі сапраўдныя фэны дуды, лютні ды бубна збіраліся праветрыць на пленэры: я ішла ўсяго толькі на адкрыццё, а закрыццё фэсту планавалася на Радаўніцу, 28 красавіка ў Дудутках. Нацстроі калі і былі, то гэта былі зусім не еўрапейскія нацстроі — траплялася модна апранутая публіка ў фенечках азіяцкага паходжання. “Што ж, вельмі нават нью-эйджненька, — падумалася мне. Я яшчэ не здагадвалася, што заход публікі ў залу, які я назірала, быў трапным эпіграфам да таго, што я пабачыла пасля.

Гук дуды мае на мяне гіпнатычнае ўздзеянне, як я ўжо прызналася. Нягледзячы на гэта, я вельмі рэдка сустракаюся з дудою. І ўжо дакладна я вельмі даўно не спажывала дуду ў такіх вялікіх дозах. Уласна, з таго самага студэнцтва і не спажывала. Як выявілася, шмат што з таго часу паспела змяніцца, але нічога не змянілася нагэтулькі, каб немагчыма было прасачыць развіццё ролі дуды на беларускай альтэрнатыўнай сцэне.

Як і шмат год таму, на фэсце — гурт “Стары Ольса, слуп актуальнай дударскай культуры. Няхай нейкія музыкі змяніліся, а бубнач Сяргей Тапчэўскі пагаліў хаер, бо сумленна служыць у войску, — “Стары Ольса, стаўшы свіннёй на сцэне, па-ранейшаму выдае ў залу неперадавальна чароўную класіку жанру і старыя мелодыі з “Полацкага сшытку. Як і раней, чуючы гэта, хочацца запусціць пустой піўной пляшкай у першага крыжака ці маскаля, а потым узяць поўную пляшку і зладзіць з яе дапамогай “келіх кола. “У карчмееее! У карчмееее! — крычалі фанаты назву самай вядомага (бо кліп) хіта “Ольсы. Зміцер Сасноўскі таленавіта абярнуў сітуацыю ў кампліменты кампаніі  “Будзьма!, што “Дударскі фэст падтрымала. Сумесь застольных кантаў і ваярскіх маршаў — тое, за што людзі закаханыя ў “Старога Ольсу.

“Ольсы выйшлі на сцэну залатой сярэдзінай. Усе іншыя, маладзейшыя гурты, такім чынам, выразна падзяліліся на “разагрэў і “хэдлайнераў. Хаця, па шчырасці, усё выглядала хутчэй як сцэна са знакамітага  кінафільму “Гукі музыкі, дзе палкоўнік фон Трап, натхнёны чароўнай нянькай Марыяй, спявае для сваіх госцяў разам з дзеткамі. Бо фактычна ўсе лідэры маладзейшых гуртоў фэсту або граюць у “Ольсе цяпер, або гралі ў ім калісьці. Паспрабую па парадку.


HEAT UP

Гурт з мутна-эзатэрычнай назвай “Кашлаты Вох калкам заканамерна быў запушчаны на сцэну першым. Nomen omen —  музыка і сапраўды выйшла нейкая ва ўсіх сэнсах ускудлачаная. Лідэр гурта ўвасобіў у сабе ўсе адмоўныя рысы сучаснага музыкі ў маім разуменні — даўгія бландыністыя валасы, выццё дурным голасам і дудачку. Не, не дуду — банальную жалейку (дуду мучыў іншы ўдзельнік гурта). Згодная трываць гэта ў сучасных музыках паасобку — або бландыністыя космы, або дурны голас, або дудачка, — але сабраныя разам элементы рабілі відовішча на сцэне невыносным. Але тут паверым прадбачлівасці Сасноўскага — раз запусцілі на сцэну, значыць з маладых музыкаў мае нешта вырасці.

Гурт “Rosalia абвесцілі як адзіны ў Беларусі жаночы медыявальны гурт. Ён быў заснаваны былой удзельніцай “Ольсы — тут і пачало праяўляцца “пупышкаванне, пра якое я згадвала. Сама ідэя дударкі — чароўнай паненкі, што займаецца падкрэслена нежаночай справай, —  вельмі мне імпанавала, але, магчыма, праз адсутнасць напору і імпэту, фэмінадударства мяне не асабліва ўразіла. Надта пяшчотна і лірычна гучаў улюбёны інструмент, амаль да непазнавальнасці змяніўшы хіт гурта “Scooter “How much is the fish. Да слова сказаць, хітоў, як заходніх, так і ўнутрыбеларускіх, на фэсце дудароў было кавернута нямала — самы час выдаваць адмысловую зборку.

Гурт “Келіх кола сам сябе называе на кельцка-скотскі манер — “Ceilidh Ceol. Таварышы граюць шатландскую традыцыйную музыку. Гурт заснаваны харызматычным Аляксандрам Чумаковым — хлопцам з даўгімі светлымі валасамі (але з прыгожым голасам і без дудачкі). Відаць, выступ гэтага гурта і абгрунтаваў камерцыйную падназоў ўсяго мерапрыемства — “фестываль валынкі. Маўляў, арганізатары не проста тлумачылі на афішах незразумелае слова “дуда насельніцтву, якое не так лёгка развітваецца з грашыма падчас крызісу, але і наладжвалі повязь культураў, прадстаўлялі ўвесь арэол дуды, а не толькі нашу традыцыю.


HEADLINERS

Пасля  цэнтравога “Старога Ольсы на сцэну выйшла ўсё тое, што было анансавана музаглядальнікам “НЧ Анатолем Мяльгуем як “дэманстрацыя магчымасці дуды ў сучасных сугуччах. На сцэну выйшаў гурт “Esprit, які выдаваў даволі фарматны  рачок — адно што вакалістка была апранутая ў старадаўнюю сукенку яўна з чужога пляча, а побач з ёй на сцэне прытуліўся валасаты дудар, старанны і юны. Гучала здорава, хоць крыху неарганічна — як мне потым патлумачылі, гурт “Esprit вядомы як — будзьма паліткарэктнымі — эстрадны калектыў, што безупынку эксперыментуе з рэпертуарам і стылямі, і мімікраваць пад этніку ім было як дзве палачкі аб барабан.


Як выявілася, гэта таксама быў разагрэў — перад самай галоўнай падзеяй вечара. Менавіта ў чаканні гэтай падзеі ўсе ўдала замаскаваныя пад аматараў этнікі панкі Менска нецярпліва цярэбілі даўгія валасы — цяпер яны змогуць удосталь намахацца імі. На сцэну выходзіў малады бэйбус сям’і Сасноўскага — Андрэй Апановіч,  каб прэзентаваць дэбютны альбом гурта “Litvintroll — “Rock&Troll.

Ува ўсёй чароўнасці самага размаітага па стылях гучання дуды, што агарнула мяне, бракавала толькі аднаго — блаславення аксакалаў. Адзін з распачынальнікаў дударскай традыцыі ў Беларусі і ва Усходняй Еўропе, славуты дудар-майстар Тодар Кашкурэвіч быў у залі, але сумна паказваў нядаўна парэзаныя падушачкі пальцаў і запрашаў на вальс. Заінтрыгаваная прапановай патанчыць вальс пад нешта, што называецца “Літвінтроль, я пабегла да століка аддаць сумачку, але спатыкнулася і, паляцеўшы праз дзве прыступкі, пакалечыла нагу. Цяпер мы з Кашкурэвічам складалі гарманічную пару, але танчыць вальс пад хэдлайнера вечарыны ў нас усё адно б не атрымалася.

Не магу сказаць, што у наступныя хвіліны прагучала мая музыка, але мушу пагадзіцца: са сцэны прагучала добрая музыка. Добрая ў тым плане, што, стварыўшы ўласны праект, Андрэй Апановіч і Сяргей Тапчэўскі пайшлі далей за сваю этнічную школу, спалучыўшы яе з тым стылем, які ім яўна вельмі імпануе. Але без дударскай школы Сасноўскага не было б і гурта “Літвінтроль. Андрэй Апановіч выў дурным голасам, але яго даўгія валасы не былі бландыністымі — і ніякай дудачкі. Самая сапраўдная дуда.


У пятым класе на ўроку спеваў у школе мы развучвалі беларускую народную песню “Саўка ды Грышка ладзілі дуду —  класічную дударскую распеўку, як тлумачыў мне праз шмат год знаёмы музыка. Побач з тэкстам у падручніках былі намаляваныя два хлопцы са здаравеннай дудачкай — гібрыдам жалейкі і габоя. Гледзячы на малюнак, я ніяк не магла зразумець, як можна настройваць кавалак дрэва з дзірачкамі, у якім нідзе нічога не падкручваецца… Настаўнік акампаніраваў нам на акардэоне. З таго часу па Нёмане, Прыпяці і іншых артэрыях краіны сплыло шмат саўковага глею.

Нядаўна, уключыўшы тэлевізар, пабачыла папсовы канцэрт народных калектываў. Танцоры былі апранутыя не ў кіч-версіі народных строяў, як гэта павялося з савецкіх часоў, а ў кіч-версіі шляхецкіх. На сцэне побач з танцорамі пад фанеру наярваў дудар. Дуда вярнулася і паціху атабарваецца ў масавай свядомасці. Такімі тэмпамі — хутка я зноў палюблдю цымбалы і гармонік. Але не цяпер. “Гукар, дай манітор на інструменты! — крычаў Сасноўскі ў запале. За той час, што я назіраю за гэтым таленавітым прадзюсэрам, я здолела пераканацца: ён ніколі не кажа лішніх словаў. Вось і цяпер адной фразай ён патлумачыў увогуле ўсё: лютня ды гуслі, падключаныя да канцэртнага манітору — традыцыя і сучаснасць у дзеянні.

Каментаваць