Манументальная Шаўчэнкіяна

Колькі б, вы думалі, помнікаў Тарасу Шаўчэнку, украінскаму Кабзару, знаходзіцца ў розных краінах? Не толькі на радзіме, але і ў суседніх Польшчы, Беларусі, Расіі і Славакіі, у закаўказскіх краінах, у Францыі, Італіі, Канадзе? Не паверыце — каля тысячы.

(На здымку: Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Рыме. Скульптар У. Маццэі. 1973)



Колькі б, вы думалі, помнікаў Тарасу Шаўчэнку, украінскаму Кабзару, знаходзіцца ў розных краінах? Не толькі на радзіме, але і ў суседніх Польшчы, Беларусі, Расіі і Славакіі, у закаўказскіх краінах, у Францыі, Італіі, Канадзе? Не паверыце — каля тысячы.

(На здымку: Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Рыме. Скульптар У. Маццэі. 1973)


Украінцы пачалі клапаціцца пра памяць свайго вялікага паэта, увасобленую сродкамі скульптуры, яшчэ да 1917 года — адзін з першых манументаў стаіць у Будзілаве ў Івана-Франкоўскай вобласці. Скульптуры ўвасаблялі памяць і паэзіі, і высокага нацыянальнага духу.

Так і атрымалася, што вобраз Шаўчэнкі ў скульптуры — як амбасадар украінскай прысутнасці ў свеце. Можна было сцерагчыся, што выстава 120 фотаздымкаў манументальнай шаўчэнкіяны, адчыненая 18 снежня ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры ў Мінску, — фотаработы маладога фатографа Руслана Тэліпскага, — будзе глядзецца свайго роду афіцыёзным мемарыялам, увасабленнем палітычнага нацыянальна-прапагандысцкага праекту.

Але сама колькасць скульптур дазволіла аўтару прасачыць у манументах адбітак самых розных бачанняў мастацкай задачы. Шаўчэнка — паэт і змагар. Шаўчэнка, убачаны як сын свайго народу, малы хлопец, які выйшаў з натоўпу мільёнаў падобных. Шаўчэнка — штампаваны вобраз з арсеналу абліччаў тыповай «ленініяны», адрозны ад стандартнага Ільіча хіба што шыкоўнымі вусамі. І розныя лёсы твораў. Дзесьці шанаваныя як цэнтральныя мемарыялы гарадоў, да якіх, быццам у храм, прыходзяць маладыя падчас вяселля. Дзесьці — закінутыя ў старых дварах, часам ужо знішчаныя, гіпсавыя аднадзёнкі. Перапляценне лёсу вобраза з няпростым лёсам народа.

Тым і адметная выстава. У помніку 1973 года ў Рыме, працы італьянца У. Маццэі, Шаўчэнка паўстае ў абліччы рымскага патрыцыя, падманваючы, як знакаміты партрэт Скарыны ў дворыку Падуанскага універсітэта, сваёй «старажытнасцю».

У творы 1935 года ў Харкаве, работы М. Манізера і І. Лангбарда, — таленавітае дапасаванне да мастацкай тэмы канструктывісцкай эстэтыкі. Уласна тое, што робіць працу гэтых жа аўтараў, прысвечаную Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску, фактам мастацтва, а не толькі палітычнай маніфестацыяй. І што прыемна, паўсталыя ў Беларусі памяткі Шаўчэнку, у Мінску, Слуцку, Брэсце, Магілёве — з шэрагу адметных і творчых увасабленняў тэмы. Як тая вершаваная цытата па-ўкраінску на помніку ў Ромнах: «І оживу, і думку вольную на волю из домовини воззову».

Паэзія, прачытаная праз скульптуру і прааналізаваная дапытлівым поглядам фатографа, — цікавае відовішча, на якое музей запрашае па 10 студзеня.

Каментаваць