Марачкін пакажа «Час д’ябла» і творы Драздовіча, вучняў Кандзінскага і Малевіча

7 снежня ў мінскім Палацы мастацтва адбудзецца прэзентацыя выставы «Збор-1» аднаго з заснавальнікаў мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна, паведамляе «Радыё Свабода».

Як расказаў Аляксей Марачкін, будуць выстаўленыя ягоныя жывапісныя работы, датаваныя другой паловай ХХ і пачаткам ХХІ стагоддзя, а таксама карціны самабытных творцаў, колішніх студэнтаў Аляксея Марачкіна.

«Работ не дужа шмат, але паглядзець ёсць на што, — гаворыць суразмоўца. — З новых маіх твораў, як я лічу, самым прыкметным будзе „Час д’ябла“. Карціна прысвечана сталінскаму тэрору, трагедыі ў Курапатах. Фактычна адбудзецца яе прэм’ера.

Я неяк быў за мяжой і расказваў, што ў Беларусі мае творы часцяком здымаюць з выставаў, цэнзуру не праходзяць. На што калега з усмешкай адказаў, што хацеў бы, каб хоць раз гэта здарылася з ім. Нават гатовы быў заплаціць, бо гэта выдатная рэклама. Ну гэта жарт, зразумела, я на такое не здольны».

 

Афіша выставы

Наведнікам выставы будзе прапанавана багатая калекцыя ўзораў мастацтва, сабраная сям’ёй Марачкіных за апошнія гады. Гэта і палотны Язэпа Драздовіча, і творы Генрыха Ноя, вучня Васіля Кандзінскага, і Міколы Пашкевіча, якім апекаваўся Казімір Малевіч.

«Мастак трывала адчувае сябе толькі на падмурку мінуўшчыны свайго народу, — адзначае пра выставу Марачкіна мастацтвазнаўца Наталля Барсукова. — Бо якая б ні была трагічная і драматычная гісторыя, яна застаецца духоўным стрыжнем творчага аптымізму і дае вялікі імпульс у рэалізацыі задумаў. Мастак адчувае пульс сённяшняга часу. А гэты час насычаны ня толькі гармоніяй і прыгажосцю, але і дысгармоніяй існавання чалавека ў сацыяльным і палітычным жыцці».

Аляксей Марачкін кажа, што імпрэза «асвячоная» трыма магічнымі сямёркамі — 77-годдзем самога мастака і пачаткам працы выставы 7 снежня.

Аляксей Марачкін (творчы псеўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёна на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Саюзу мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня», сябра аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1989 годзе адмовіўся ад звання заслужанага мастака БССР.

 

Каментаваць