Мармазяўр супраць Жабавока: Льюіс Кэрал па-беларуску

Гэтай восенню дзякуючы «пэўным звесткам з пэўных крыніц» мне стала вядома, што напрыканцы 2009-га — у пачатку 2010 года адначасова пабачаць свет дзве публікацыі, якія без перабольшання можна назваць канкурэнтнымі. Гаворка пра беларускія пераклады другой часткі сусветна вядомай «Алісіяны» — аповесці Льюіса Кэрала «Through the Looking-Glass, and What Alice Found There», напісанай у 1871 годзе.

Гэтай восенню дзякуючы «пэўным звесткам з пэўных крыніц» мне стала вядома, што напрыканцы 2009-га — у пачатку 2010 года адначасова пабачаць свет дзве публікацыі, якія без перабольшання можна назваць канкурэнтнымі. Гаворка пра беларускія пераклады другой часткі сусветна вядомай «Алісіяны» — аповесці Льюіса Кэрала «Through the Looking-Glass, and What Alice Found There», напісанай у 1871 годзе. Лішне казаць, на колькі моваў свету і па колькі разоў гэты твор, поруч са знакамітай першай часткай, перакладаўся, колькі ілюстрацый было намалявана, колькі пастаўлена п’есаў, знята фільмаў і мультфільмаў. І вось — беспрэцэдэнтная хваля абеларушчвання! У часопісе «ARCHE» мае выйсці аповесць «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ў перакладзе Веры Бурлак. У той жа час выдавецтва «Логвінаў» рыхтуе да друку дзіцячае выданне Льюіса Кэрала, дзе да перакладу Макса Шчура першай кнігі «Алесіны прыгоды ў Дзівоснай краіне» далучыцца ягоны ж пераклад другой кнігі — «На тым баку люстэрка, і што там напаткала Алесю».


Але хто б з выдаўцоў не вырваўся на паўкорпусу наперад, абодва гэтыя пераклады не будуць першымі беларускімі «Залюстроўямі». У інтэрнэце па адрасе http://opatryck.livejournal.com ужо год як змешчаны яшчэ адзін пераклад другой часткі (асабіста мне ён падаўся аматарскім). Яго аўтар — трыццацігадовы жыхар Віцебску Дзяніс Мускі — музыка, аранжыроўшчык паводле прафесіі. Узяўся за пераклад «ад няма чаго рабіць» ды з вялікай любові да Кэрала. Аднёс пераклад другой часткі ў «Мастацкую літаратуру», дзе Юрась Пацюпа прапанаваў для сіметрыі зрабіць першую частку, над якой («Аліса ў Цудакуце») таксама ідзе праца. Тлумачыць, што ў інтэрнэце змясціў адно чарнавік перакладу другой часткі «Алісы», які ў дадзены момант паляпшае. Ганарыцца тым, што яго пераклад верша «Жабавок» чыталі ля сценаў Крайст Чорч Коледжа ў Оксфардзе.
Вось жа, на дадзены момант у наяўнасці па-беларуску ёсць тры «залюстэркавыя» Алісы і адна «дзівосная»... Першая рэакцыя — святое абурэнне. Нівы перакладу знакавых твораў сусветнай культуры не араныя (Дзе Гамер? Дзе Мілтан?! Дзе Панятоўскі?!!) — а яны вожкаюцца з любіменькім — усё абы ўволю пакаламбурыць, прыкрыўшыся класікам, постмадэрністы клятыя! Але супакоіўшыся і прызнаўшы за літаратарамі права выбару, што і як перакладаць, можна заўважыць нечаканы парадокс: перакладаў другой, менш культавай часткі кэралаўскай «Алісы» па-беларуску ўтрая болей, чым перакладаў першай, культавай абсалютна. Для параўнання: у рускіх другая частка існуе ў шасці версіях, а першая мае больш за тузін перакладаў... Я вырашыла высветліць, ці мае цяга беларускіх творцаў да залюстэркавага свету містычны падтэкст, пагутарыўшы з Верай Бурлак і Максам Шчуром асабіста. Апроч таго, здабыўшы ўсім спектрам сродкаў — ад абаяння да шантажу — пірацкія версіі абодвух перакладаў, сутыкаю ілбамі перакладчыкаў, публікуючы розныя версіі ключавых вершаў другой часткі — па якіх зазвычай найяскравей бачна, хто і як даў сабе рады з фірмовым кэралаўскім абсурдам.


Увага: каб не траўмаваць пяшчотныя натуры нашых творцаў і не заблытваць іх, у гутарках ужываюцца тыя варыянты імёнаў ды назваў, якія вынайшаў кожны з іх дзеля найвышэйшай мэты абеларушчвання старой добрай Alice.

---------------------------------------------

«Перакладчык — гэта Аліса»

Вера «Джэці» Бурлак — паэтка, перакладчыца, спявачка, перформерка. Нарадзілася ў 1977 годзе ў Кіеве. Выпускніца філфака БДУ. Кандыдат філалагічных навук (сфера даследавання — дзіцячая літаратура Срэбнага стагоддзя). Піша паэзію і прозу. Аўтарка некалькіх самвыдаўскіх зборнікаў, кнігі вершаў «За здаровы лад жыцця» (2003). З 1997 года з’яўляецца нязменным галоўным рэдактарам самвыдавецкага часопісу «Вясковыя могілкі». Перакладае паэзію і прозу з англійскай, рускай, украінскай моваў. Жыве ў Мінску.

— Чаму ты ўзялася за пераклад другой часткі знакамітага дыптыху, абмінуўшы першую? Ты не верыш у Краіну Дзіваў?

— Першую казку на той момант (каля 2 гадоў таму) Максім Шчур пераклаў, а другую — яшчэ не. Андрэй Хадановіч (рэдактар перакладу — М. М.) прапанаваў: а ці не перакласці?.. Напраўду, сама б я за гэты пераклад не ўзялася, бо лічыла, што гэта для мяне як стокілаграмовая штанга для дзетсадаўца. У Краіну Дзіваў веру напоўніцу, цяпер мару зрабіць пераклад і першай казкі — для калекцыі. Але гэта таксама штанга, а я змянілася мала.

— Што выклікала найбольшыя цяжкасці пры перакладзе? Якімі момантамі ты асабіста ганарышся?

— Вельмі доўга я не магла адчуць стыль «празаічнай» часткі. Напэўна, таму і зацягнула з перакладам два гады. Потым, здаецца, нешта адчула, ці ўдала — хай вырашаць чытачы. Былі асобныя моманты з цалкам неперакладальнымі рэаліямі. Напрыклад, «англа саксонскі» ганец Белага Караля, які ўвесь час прымае «англа саксонскія позы». Для сучаснага беларускага чытача, не абазнанага ў побыце віктарыянскай Англіі, гэта незразумела. Кэрал тут пацвяліў вучоных-сучаснікаў — аматараў моднай на той час англа саксонскай даўніны. У каментарах да рускага перакладу «Алісы ў Залюстроўі» Наталлі Дэмуравай прыводзяць тлумачэнні Хэры Моргана Эйрза, які ў сваёй кнізе «падае некаторыя выявы англасаксаў у розных строях і позах з англасаксонскага рукапісу, што захоўваецца ў Бадлеанскай бібліятэцы ў Оксфардзе, якімі, магчыма, карысталіся Кэрал і Тэніэл».

Я была разгубленая, думала рабіць спасылку з тлумачэннямі. Андрэй Хадановіч, рэдагуючы тэкст, прапанаваў варыянт: «першы англа саксонскі ганец з рысункамі» — па аналогіі з самарэкамендацыяй «Нашай нівы» — «першай беларускай газеты з рысункамі». І потым гэты ганец усё «рысуецца». Гэта, напэўна, быў адзіны тупік, з якога я зусім не магла выбрацца сама. Чым ганаруся? Мабыць, тым, што дарабіла гэту справу. А цягам працы скокамі самазахаплення суправаджалася кожная ўдалая знаходка. Запомніўся шосты раздзел, дзе Аліса вяслуе, а Авечка кажа: «Насядай!» (было неабходнае слова, якое б суадносілася і з вёсламі, і з фразеалагічна апрацаванымі хатнімі птушкамі, у маім выпадку — з наседкай). Ужо даўно пераклаўся верш «Jabberwocky», па-мойму, таксама нічога — ці гэта я так да яго прызвычаілася?

— Не сакрэт, што Кэрал кпіць з пэўных момантаў англійскай гісторыі, далёкіх нашаму чытачу. Ці не было спакусы дадаць у пераклад крыху «беларушчынкі»?


— Спакуса не толькі была, але нават была спатоленая. Прыклад з «англа саксонскімі ганцамі» даволі яскравы. Але і тут, і, спадзяюся, у іншых выпадках «беларушчынка» прысутнічае толькі як дадатковы сэнсавы складнік, намёк на знаёмае — пры спробе захаваць англійскі кампанент як асноўны. Чаму такі кампраміс? Бо твор будуць чытаць і дзеці, якім нецікава глядзець у спасылкі. «Беларусамі» сталі і Залюстэркавыя жамярынкі. Кэрал звязаў іх з добра знаёмымі дзецям рэчамі: драўляным конікам-гушкалкай, каляднай гульнёй у «Snap-dragon» і г.д. Пры перакладзе трэба было захоўваць не толькі сэнсавыя складнікі, але і прынцып словаў-партманэ, якія маюць агульную фанетычную або словаўтваральную частку (тут можна казаць пра нейкую «частковую» амафармію) і «зрастаюцца» ёю. У перакладзе даводзілася зноў шукаць кампрамісныя варыянты. «Snap-dragon», «Dragon-fly» і «Snap-Dragon-fly». Страказа (Dragon-fly) — жамярыца, Snap-dragon — рэалія, звязаная з Калядамі. Гэтыя кампаненты сэнсу (жамярыца і свята) я вырашыла захаваць, плюс «вогненную галаву» істоты, якая потым абгульваецца ў тэксце. Атрымалася «Зялёная Сёмуха» (з «зялёнай мухі»). Свята беларускае, але, па-мойму, гэта лепш, чым зноска на паўстаронкі з тлумачэннем, што такое Snap-dragon.

Нарэшце, ужо згаданы верш «Jabberwocky» таксама атрымаў беларускай крыві ў вены праз фанетыку і словаўтварэнне. Кэрал пісаў яго як напаўпарадыйную імітацыю архаічнага англа-саксонскага тэксту. Па-беларуску была непазбежнай адсылка да нейкай калі не беларускай архаікі, то да вытокаў самой мовы, зразуметай як нацыянальны міф. Я вырашыла не цытаваць, а імітаваць архаіку, зрабіўшы ўрачыстай фанетыку. Плюс улюбёныя кэралаўскія «словы-партманэ». Усё разам — урачыстая балада з абсурдова-камічным паслясмакам. І калі спараджальнай стыхіяй робіцца беларуская мова, што застаецца Jabberwock’y? Толькі стаць беларусам.

— «Скрозь люстэрка…» — дзіцячы твор?..

— Шматадрасны. Падзяляю гэтую думку. Сама я прачытала гэту казку, у расійскім перакладзе Дэмуравай, недзе ў 12 гадоў. Чытала, старанна атрымліваючы задавальненне. Усё ж, пры ўсіх безумоўных вартасцях, у гэтым перакладзе амаль няма свавольстваў, на якія так здатны Кэрал і якія так любяць дзеці (праўда, вельмі інтэлігентных, прыстойных, культурных свавольстваў). Да таго ж, уражанне ад «Алісы ў Краіне Дзіваў» на плытцы, вынесенае з пяцігадовага ўзросту, пераважвала ўсе тэксты, нават з малюнкамі. Арыгінал прачытала цяпер. У захапленні. Не ведаю, ці зразумела б я ўсё, што цяпер, у дзяцінстве. Казка складаная: тут не толькі слоўныя гульні, неймаверныя пераўтварэнні і г.д., але і лірызм, якога я, напэўна, не заўважыла б.

— А твой пераклад?

— Я хацела б, каб яго маглі чытаць і дзеці. І каб ім не было сумна. Але каб адначасова не адбылося «перапісвання» казкі, каб Кэрал застаўся Кэралам. Цяпер праверым, ці атрымалася.

— Якія героі Кэрала твае самыя любімыя? Чаму?

— Напэўна, самы любімы з герояў Кэрала — сам Кэрал. Геніяльны дзівак, якога цікавіць тое, пра што іншыя нават падумаць не здольныя. І Белы Рыцар — ён таксама такі.

Яшчэ — усе кэралаўскія нахабнікі — Жаўтун-Баўтун, Гутата і Гуляля, Каралевы і іншыя, дый з першай казкі таксама. Усе агулам. Гэта вонкавы свет — варожы, які не лічыцца з табой, але яго можна змесці адной рукой — як калоду карт або кучку шахматных фігурак.

І, канешне ж, Аліса. Бо, перакладаючы, я быццам адчувала сябе ёю. Інакш нічога не атрымалася б. Трэба было сябе кімсьці адчуць. І я быццам распавядала сабе казку Кэрала ад імя Кэрала.

— Дзівасвет ці Люстрасвет — дзе б ты хацела апынуцца?

— Паўсюль! Як Аліса. Перакладчык — гэта, па-мойму, Аліса. Уваходзіць у іншасвет (бо хіба не іншасвет спараджэнне іншай свядомасці?), спрабуе, як можа, жыць па яго правілах — і робіцца каралевай. Жарт, але калі перакладчыку нецікавыя пісьменніцкія «іншасветы», як жа яму працаваць? Мне яны падабаюцца, і я не супраць наведаць які-небудзь яшчэ.

---------------------------------------------

МАРМАЗЯЎР

Брылела… Слюткія джгуркі
Лацверна свердзілі ў наллі.
Мурнелі ў мэмзе бабукі
І снінкі-хатылі.

«Бяжы ад Мармазяўра, сын:
Кіпцісты ён, ікласты ён!
Ён горш, чым птах Дзюбдзюб і чым
Жахматы Гамазон!»

Але ў руцэ ўжо двостры меч
На вусціш ворагу звінеў.
Герой пад дрэвам Думдум прэч
Адкінуў сум і неў.

І пасярод вышэрных мар
Апёк яго агністы зрок.
Са свістам з лесу Мармазяўр
Вылётвае ўпрыскок.

І — раз! І — раз! І — бах! І — брамс!
І чыкільжыкнуў двостры меч!
Аёй! З варожай галавой
Герой кірзуе прэч!

«Ты Мармазяўра збіў і сцяў?
Ідзі ж, дзіця, у мой абдым!
Салоўная пара! Ура!» —
Пеў бацька, рады ў дым…

Брылела… Слюткія джгуркі
Лацверна свердзілі ў наллі.
Мурнелі ў мэмзе бабукі

З раздзелу «Гутата і Гуляля»

(«Tweedledum And Tweedledee»)
Раз Гуляля і Гутата
распачалі вайнушку,
бо Гутата у Гуляля
раструшчыў бразгатушку.

Але груган зляцеў з гары —
і каркнуў ім па карку!
І з жаху гора-змагары
забыліся на сварку!

З раздзелу «Жаўтун-Баўтун»

(«Humpty Dumpty»)
Жаўтун-Баўтун сядзеў на муры.
Жаўтун-Баўтун зваліўся згары.
І ўся Каралеўская конніца,
і ўсе ваяры Караля
Ніяк не маглі Жаўтуна-Баўтуна
сабраць па кавалку пасля!

З раздзелу «Леў і Андарог»


(«The Lion and the Unicorn»)
Леў з Аднарогам утрапёна сышліся біцца за карону.
Леў Аднарога калаціў, нягледзячы
на супраціў.
І злосна кажучы «курняў!»,
яго па горадзе ганяў.
І белы хлеб даваў ім хтосьці, і чорны хтосьці, хтосьці ж — косці,
А хтосьці — сьлівавы пірог —
і бамсь абодвух за парог!

Пераклала Вера Бурлак

----------------------------------------------

«У арыгінале гераіню завуць Эліс»

Макс Шчур — паэт, празаік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Брэсце. У Мінску ў лінгвістычным універсітэце вывучаў іспанскую мову. З 1998 года — палітуцякач у Чэхіі. Аўтар п’есы «Смерць тырана» (Мінск, 1997), паэтычных зборнікаў «Амфітэатар» (Прага—Гданьск, 1999), «Ранні збор» (Стакгольм, 2006). За непублікаваны раман 600-старонкавага сатырычна-палітычнага раману «Там, дзе нас няма» атрымаў прэмію Янкі Юхнаўца (2004). Заснавальнік інтэрнэт-часопісу www.niamiesta.se, у якім публікуе найперш уласныя тэксты і свае пераклады замежных аўтараў на беларускую. Перакладае з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моваў. Паслядоўны перакладчык англійскай літаратуры абсурду: на сайце knihi.com публікаваўся яго пераклад «Кнігі бязглузду» Эдварда Ліра. Жыве пад Прагай.

— Усяго адзін пераклад «Дзівоснай краіны» на беларускую (твой) — і аж тры «Залюстроўі»! Як ты думаеш, чаму беларускага перакладчыка вабіць менавіта гэты твор?

— У часе майго навучання ў Мінскім лінгвістычным універсітэце адзін з маіх землякоў-берасцейцаў пераклаў першую частку «Алесі» на беларускую ў якасці дыпломнай працы, таму існуе прынамсі яшчэ адзін пераклад. На жаль, я пра яго ўсяго толькі чуў — але так часта бывае з нашым культурным даробкам: ён папросту не даходзіць да адрасата. У іншым выпадку кніжку маглі б прачытаць на пару гадоў раней...

Я не ўспрымаю першую і другую часткі «Алесі» як розныя творы. Прынамсі, я перакладаў яго як адзін твор: выклікам самому сабе тады, у 2001 годзе, было зрабіць менавіта абедзве часткі. Тады ж я прапаноўваў надрукаваць твор цалкам, але выдаўцоў чамусьці вабіла менавіта і выключна першая. Праўда, я вельмі рады гэтаму і спадзяюся, што праз гэта другая частка будзе больш «кэралаўская» за першую — ужо таму, што на яе дапрацоўку ў мяне было непараўнальна больш часу.

— Самае асноўнае пытанне да цябе — гэта, канешне, імя гераіні. Чаму Алеся? Хоць крыху абазнаны чытач, адкажа табе: адрасаткі абедзвюх частак — канкрэтныя англійскія Alices, што рэальна існавалі…

— Ведаеце, вакол гэтай кнігі столькі міфаў... «Аліса», «Залюстроўе», ці Вінні «Пух» альбо «Пэпі» Доўгаяпанчоха — гэта ўсё вельмі прыгожыя вынаходніцтвы рускіх перакладчыкаў, і яны зрабілі слушна, узняўшы чужы матэрыял да такога ўзроўню асваення, што ніхто і не падумае пацікавіцца, а як там у арыгінале... Галоўнае, што Шэрлак Холмс — гэта Ліванаў, а Баярскі — Д’Артаньян. А ў арыгінале гераіню кніжкі Кэрала завуць, вядома, Эліс — імя, якое па-руску перадаецца як Аліса, мае старагерманскае паходжанне і па-рознаму гучыць у розных еўрапейскіх мовах: Аліс, Алісья, Алічэ і г.д. Да нас яно магло прыйсці ці з усходу ў форме «Аліса», ці з захаду ў форме «Аліцыя».

Я мог бы доўга вагацца ў выбары «слушнага» імені для гэтага дзіцяці, калі б малады паэт Антон Тарас не падказаў мне простага і вельмі беларускага выйсця — «Алеся», з якім я адразу ж і цалкам пагадзіўся: вось, думаю, у такіх рэчах трэба прыслухоўвацца да патэнцыйнага чытача... Ніколі б не падумаў, што давядзецца потым столькі тлумачыць гэтую дэталь таму ж самаму чытачу, які чамусьці ставіцца да гэтага беларускага імені з такім падазорам... Мне гэта не зразумела. Па-чэшску, напрыклад, гераіню кнігі завуць Аленка... Чаму, ёсць жа Аліцэ? А вось таму: так пастанавіў перакладчык і такая склалася традыцыя. Для мяне дзіўна, што разрыў з рускай традыцыяй перажываецца нашымі чытачамі так балюча. З гэтай жа прычыны назву фільма «Pulp Fiction» выдаўцы фактычна адмовіліся падаць у перакладзе, бо ён залішне адрозніваўся ад рускага — адсюль і ў нас з’явілася скалькаванае «Крымінальнае чытво».

— Чаму гэта ўвогуле важна — абеларушчваць Кэралаўскія англійскія рэаліі?

— Абеларушваць іх варта для таго, каб, парадаксальным чынам, падкрэсліць «англійскасць» тэксту і аўтара. Бо так, як іранізуе аўтар над нацыянальнымі звычкамі брытанцаў, беларусы з сабе не іранізуюць. Прыклад: у арыгінале першай часткі Кэрал распавядае падручнікавую гісторыю Вільгельма Заваёўніка і называе яе «найсушэйшай гісторыяй у свеце». Пры перакладзе я паспрабаваў быў замяніць яе на гісторыю неадбытай каранацыі Вітаўта, якую «спісаў» з «Кароткага нарысу гісторыі Беларусі» У. Ігнатоўскага — аднак рэдактар (Юрась Пацюпа — М. М.), відавочна, пабаяўся такой самаіроніі ды вярнуў у тэкст Вільгельма. Для беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак абодва гэтыя імёны — аднолькавы «цёмны лес», але ёсць адна дэталь: нарманская заваёва, як вядома, для англічан — гэта адмысловы «адпраўны» пункт гісторыі нацыі, і менавіта з залішняга акадэмічнага «піетэту» ў стаўленні да гісторыі і кпіць Кэрал. Каб гэта перадаць, варта было (на маю думку) прыблізіць рэаліі да ўласнай сітуацыі, але рэдактар палічыў іначай.

Вядома, падобнае абеларушванне непазбежна будзе ўспрымацца як залішне смелае, «адвольнае» развязанне, таму не варта ім злоўжываць без патрэбы. А патрэбаў можа быць некалькі: спрашчэнне (чужых імёнаў перадусім), тлумачэнне чужой рэаліі, якая ў нас адсутная (у падручніках па гісторыі дзецям не сустрэнецца сухі і доўгі аповед пра Вільгельма Заваёўніка, але пра Вітаўта — бадай, так), ці простая неабходнасць — у выпадку моўных гульняў. Калі я ўжо самой назвай стаў на шлях «беларусізацыі», то стараўся трымацца яго і ў тэксце, але пры найноўшай рэдактуры другой часткі мы з Юрасём Бушляковым (рэдактар, які рыхтуе «Алесяў» для выдавецтва «Логвінаў» — М. М.) імкнуліся пазбягаць «злоўжыванняў». Прыкладам «беларусізацыі» можа быць «Жабавокі» — але і ён будзе хутчэй за ўсё ўспрыняты бальшынёй як «злоўжыванне» ў кантэксце ведання рускага перакладу і няведання, як ствараўся арыгінал.

— Што выклікала найбольшыя цяжкасці пры перакладзе? Якімі момантамі ты асабліва ганарышся?


— Ну, вядома, самымі цяжкімі момантамі і ганаруся. Напрыклад, у англійскай мове адсутнічае двайное адмаўленне — каб захаваць сэнс цэлага абзацу, давялося такіх канструкцыяў павышукваць... Аўтар любіць ствараць двухсэнсавасць з дапамогай шматзначных словаў — напрыклад, «crab» азначае не толькі «краба», але (сярод мноства іншага) і «адхіленне ад курсу», а выраз «to catch a crab» апісвае яшчэ і спосаб веславання... Прыйшлося выдумляць рэчы кшталту «Спыні тут, дзяўчо, відно ж крабаў. — Спыні тут, дзе човен дно шкрабаў»... Хаця можна было адмовіцца ад перадачы слоўнай гульні, але менавіта такія сітуацыі для перакладчыка самыя цікавыя. Наколькі ўдала атрымалася іх развязаць — тут можа быць сто меркаванняў (іх заўжды больш, чым варыянтаў перакладу). Я ганаруся тым, што ўсё-ткі атрымалася.

— Якія героі Кэрала твае самыя любімыя? Чаму?

— Калі казаць пра першую «Алесю», то мне сімпатычны і Белы Трус, і абодва шаленцы, Заяц і Шапавал, якія выступаюць у абедзвюх частках, сімпатычны Чашырскі кот (я назваў яго Добрускім, ад Добрушу — прыклад яшчэ аднаго адкінутага «злоўжывання абеларушваннем»), Морж і Цясляр з другой часткі... Але самы любімы — бадай, Вусень з першай часткі (хаця ён спісаны з нейкага адстаўнога ваякі, я чамусьці зусім яго так не ўспрымаю)... Чаму? «Алеся абагаўляе зайца за тое, што заяц — зухаваты...» (цытата з Сёмага раздзела другой часткі «Леў і Аднарог» — М. М.) Відаць, таму, што ён лаканічны, у адрозненне ад мяне.

— Дзівосная краіна — ці Люстраная краіна — дзе хацелася б апынуцца?

— У абедзвюх адначасова, вядома. Хаця апынуцца — не праблема, праблема звычайна адтуль вярнуцца.

----------------------------------------------

ЖАБАВОКІ

Упоўдне рысы барзюкі
Свярбяху а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ва горбех верашчаху.

«Хавайся, сыне, Жабавок,
Звышнедачалавек!
Час, дабы з піхваў ты валок
Жлухлівы крывасек!»

Узяўшы ў пясць вяшчарны меч,
Ваяр, змяюку зрэўшы,
Акі Баян, пачаўша цеч
Размысляю па дрэўцы.

Се распярэджан ён стаяў,
А тут не ў знакі — скок!
З дубровы сам сябе із’яў
Пачмурны Жабавок!

Іду на вы! Галоў далоў
Жалудны меч стрыгаша!
Страхот гатоў — і стрымгалоў
Дамоў асілак бяша.

«Дзе Жабавокі? Убіен?
Падзі да рук мая!
О, жарсны дзень! О, гласны дзень!»
 Зрадзіцель успяяў.

Упоўдне рысы барзюкі
Свярбяху а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ва горбех верашчаху.

З раздзелу «Цімтарам і Тамтарам» («Tweedledum And Tweedledee»)

Раз Цімтарама Тамтарам
Гукаў на бой зацята,
Бо разламаў той напалам
Бразготку свайго брата.

Тут з неба рынуўся крумкач —
Злякаліся героі
І пачалі ўцякаць наўскач,
Забыўшы аб двубоі.

З раздзелу «Шурык-Дурык»

(«Humpty Dumpty»)
Шурык-Дурык сядзеў на муры,
Шурык-Дурык кульнуўся згары.
Каралеўскае пешае й коннае рушанне
Ўзняць Шурыка-Дурыка ўсёй грамадою
не дужае.

З раздзелу «Леў і Андарог»

 («The Lion and the Unicorn»)
Леў з Аднарогам вёў двубой
за княжую карону,
Леў Аднарога перамог і кінуўся
ў пагоню.
Паднеслі ім і соль, і хлеб
(разынкі клалі ў цеста),
Пасля чаго пад бубнаў гром
іх вытурылі з места.

Пераклаў Макс Шчур

Каментаваць