Масавыя чары Гільерма дэль Тора

Майстар філасофскіх хорараў і дзіўных коміксавых прыгодаў Гільерма дэль Тора паставіў высокабюджэтны бомба-фільм «Ціхаакіянская мяжа». З глыбакаводнай расшчыліны, што адкрывае ўваход у іншае вымярэнне, прыйшлі марскія пачвары Кайдзю — і атакавалі Зямлю.



«Ціхаакіянская мяжа»


Людзі адбілі першы наступ захопнікаў, стварыўшы аграмадных робатаў — Егераў, якія кіруюцца двума пілотамі. Але істоты ўдасканаліліся — і чалавецтва церпіць паразу. Адстаўны герой, які згубіў у баі свайго брата, разам з прыгажуняй-практыканткай вядзе на апошнюю мяжу праверанага ў войнах Егера…

У новай відовішчнай стужкі сюжэт не складанейшы за кампутарную бойку Трансформераў і Гадзілаў. Персанажы — ясныя і простыя: забыты герой, які мусіць перамагчы (і знайсці сваё амурнае шчасце), пекная японка, якая помсціць за растаптанае драпежнымі лапамі дзяцінства, суворы капітан базы. Але за рэжысёрскім штурвалам — чараўнік Гільерма дэль Тора, які кепскага кіно не здымае.

Мексіканец дэль Тора ўварваўся ў сусветную кіналігу з «Хронасам» (1993) — змрочна-паэтычнай гісторыяй пра неўміручасць. Перабраўшыся ў Злучаныя Штаты, пасля таго, як ягонага бацьку схапілі і трымалі ў закладніках, дэль Тора зняў палахлівую стужку «Мутанты» пра разумных інсэктаў і аўтарска-містычныя шэдэўры пра грамадзянскую вайну ў Іспаніі «Хрыбет д’ябла» і «Лабірынт Фаўна».

Паставіўшы два дасціпна-стылёвыя кінакоміксы «Хеллбой» — пра ахрышчанага чарцяку, які змагаецца супраць нацыстаў і акультыстаў, — дэль Тора ўдала прадусаваў фільмы калегаў (сярод стужак — «Прытулак», «Хімера»), збіраўся паставіць «Хобіта» і экранізаваць Лаўкрафта. Але выпуск «Хобіта» зацягнуўся — і стужка адышла Пітэру Джэксану, а доўгачаканая экранізацыя Лаўкрафта была адкладзеная пасля таго, як Рыдлі Скот выпусціў перадгісторыю знакамітых «Чужых».

У такіх умовах зварот да студыйнай індустрыі — рызыкоўны крок творцы, які мае свой почырк. Нямногія рэжысёры праходзілі блакбастэрную мясакрутку: адны выпускалі нешта няўцямнае, другія цалкам гублялі твар, а найбольш упартых — адхілялі. Дэль Тора трымаў штурвал да пераможнага фінішу.

Хаця цэнтральныя персанажы стужкі са сваімі нескладанымі эмоцыямі — таварышы збольшага індустрыяльныя, дэль Тора пад завязку накачаў карціну візуальнымі дзівосамі і напоўніцу адыграўся на перыферыйна-гратэскных героях. Два звар’яцелыя навукоўцы — адзін другога варты — гэта каскад трукаў і адмысловага гумару. Падключэнне да мозгу Кайдзю, матэматыка і татуіроўкі, пошукі кантрабанды парадуюць і зацятага кінагурмана. А любімы акцёр дэль Тора Рон Перлман у ролі ганконгскага мафіёзі парве на часткі любую пачвару (абавязкова дачакайцеся канца цітраў!).

Дэль Тора бездакорна выкарыстоўвае ў простай бомба-карціне нуараўскі дождж з «Бегуна па лязу брытвы» — і крыкі Гадзілы, раскланьваецца Таркоўскаму (расійскія пілоты ў фільме маюць Сталкераўскае прозвішча — Кайданоўскія) і пераводзіць глыбакаводна-авангаровыя эксперыменты з колерамі на мову, зразумелую любому падлетку.

У сполахах і грымотах ідуць праз акіян аграмадныя жалезныя людзі, выплываюць з бездані сучасныя дыназаўры: казачным цмокам цяпер не рубяць галовы — іх душаць рукамі. Аб’ёмнае відовішча, вартае таго, каб на дзве гадзіны вярнуцца ў дзяцінства.

Каментаваць