Мастацкая выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Купалы і Коласа.

17 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.



Час аддаляе падзеі жыцця песняроў ад сучаснасці, пераводзіць іх у ранг гістарычных рэалій, вартых увекавечання. Але сённяшні дзень і нашы адносіны да спадчыны ўносяць новую нотку ў асэнсаванне коласаўска-купалаўскай тэматыкі. Мастакі наноў разглядаюць жыццёвы шлях паэтаў – больш складаны і трагічны, чым падавалася раней, расстаўляюць іншыя акцэнты ў напісаных імі радках, абапіраюцца на дакладнасць гістарычных дэталяў, ілюстраванне тых літаратурных твораў, якія па розных прычынах былі абыйдзеныя ўвагаю, падыходзяць да тэматыкі праз уласнае бачанне і нечаканую пластыку. У жывапісных палотнах, графічных лістах, творах скульптуры і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, прадстаўленых у экспазіцыі, ёсць цікавыя вобразныя параўнанні, складаныя асацыятыўныя рашэнні.

У экспазіцыі дэманструецца больш за сто твораў выяўленчага мастацтва з фондаў Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Свае творы прэзентавалі як сучасныя беларускія мастакі старэйшага пакалення, так і студэнцкая моладзь.



Як адзначыў першы намеснік старшыні Беларускага саюзу мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца, сёлетні год вельмі важны для беларускай культуры і справы фармавання нацыянальнай свядомасці, бо беларусы святкуюць 130-годдзе з дня нараджэння нацыянальных геніяў – Янкі Купалы і Якуба Коласа, роўных Ёгану Вольфгангу Гётэ, Фрыдэрыку Шапену, Вольфгангу Амадэю Моцарту і Адаму Міцкевічу. Таму, ладзячы гэтую выставу, -- падкрэсліў спадар Сітніца, -- мы разумелі, што яна – толькі сціплае нашае паднашэнне да слаўнай гадавіны. Бо колькі б мы не спрычыняліся да ўвасобленых постацей песняроў, мы толькі набліжаемся да разумення іх сапраўднай велічы. Так, мы яшчэ не падышлі да ўсведамлення  Купалы, як найтрагічнейшай і найахвярнейшай асобы айчыннай гісторыі, укрыжаванай за свой народ і за сваю Бацькаўшчыну. Купалу можна параноўваць толькі з Хрыстом. Таму я супраць любых спроб перагледзець творчую спадчыну Купалы. Падыходзіць час, калі мы павінны на новым філасофскім і пластычным узроўні паказаць вобразы нашых геніяў беларусам і цэламу свету.  
   
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Уродніч выказаў шкадаванне, што дзяржаўны апарат не праявіў належнага клопату пра арганізацыю выставы, прысвечанаю духоўным правадырам нацыі.    

На думку мастака і грамадскага дзеяча Аляксея Марачкіна, тое, што БСМ зладзіў гэтую выставу без дапамогі Міністэрства культуры, сведчыць пра самадастатковасць творчага аб’яднання. “Выстава сведчыць, што гістарычная памяць жыве сярод мастакоў. І колькі будзе жыць беларускі народ, а я лічу, што ён будзе жыць вечна, гістарычныя постаці Купалы і Коласа, Багдановіча і Цёткі будуць жыць у народнай памяці, -- сказаў Марачкін. Ён уявіў, што ў будучым БСМ зможа зрабіць выставу “Якуб Колас “Новая зямля, прысвечаную эпічнай паэме, падобнай якой, як гаварыў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, не знойдзеш у свеце.

Выстава працуе да 28 кастрычніка.

Каментаваць