Мастак стагоддзя з Астравеччыны

28 студзеня 1995 года ў лонданскім хоспісе святога Крыстафера памёр жывапісец, матэматык, аўтар шэрагу кніг Мар’ян Богуш-Шышка, па вызначэнні крытыка Эрыка Ньютана — мастак стагоддзя.

Казка

Золак жыцця будучага мастака быў бясхмарна-лагодным. Мар’ян быў народжаны ў сям’і Антона Богуша-Шышкі і Станіславы (з Козелаў-Паклеўскіх) 16 лютага 1901 года ў Тракеніках, у якіх 40 кіламетрах ад сталіцы, і ахрышчаны ў Быстрыцкім касцёле. Заможныя гаспадары сядзібы, што вялі свой род ад старой беларускай шляхты, атулялі сына клопатам і пяшчотай. Жыў хлопчык нібы ў казцы.



28 студзеня 1995 года ў лонданскім хоспісе святога Крыстафера памёр жывапісец, матэматык, аўтар шэрагу кніг Мар’ян Богуш-Шышка, па вызначэнні крытыка Эрыка Ньютана — мастак стагоддзя.

Казка

Золак жыцця будучага мастака быў бясхмарна-лагодным. Мар’ян быў народжаны ў сям’і Антона Богуша-Шышкі і Станіславы (з Козелаў-Паклеўскіх) 16 лютага 1901 года ў Тракеніках, у якіх 40 кіламетрах ад сталіцы, і ахрышчаны ў Быстрыцкім касцёле. Заможныя гаспадары сядзібы, што вялі свой род ад старой беларускай шляхты, атулялі сына клопатам і пяшчотай. Жыў хлопчык нібы ў казцы.

Маленькага Мар’яна выхоўвала гувернантка-францужанка, але, пэўна ж, чуў ён легенды ды паданні роднага краю пра зачараваныя скарбы, пра блізкае ад іх сядзібы возера з дзіўнай назвай Бык. Хоць дзяржаўнай мовай і была на той час руская, на Астравеччыне, як амаль і на ўсёй Віленшчыне, паўсюдна гаварылі ды спявалі па-беларуску.


Сямейныя паходы да касцёлу ў нядзелю, прагулкі на конях разам з бацькам па алеях старога парку, хатнія канцэрты па вечарах, агромністыя (на дзіцячае ўспрыманне) муры бацькоўскай сядзібы, блакіт рачулкі ды таямнічая гамана чорнага лесу, бясконцая сінь нябёсаў, працавіты гул чмялёў над кветкамі і сакатанне конікаў у траве, нясцерпная зыркасць палаючага золатам сонца — усё чаравала моцнымі і чыстымі фарбамі. Свет наваколля перапаўняў прагна-чуйную душу дзіцяці. У чатыры гады Мар’ян спазнаў сапраўднае шчасце — пачаў маляваць.

Сонца 1988. М. Богуш-Шышка


Казка жыцця. Казка дзяцінства. Але ўсе казкі заканчваюцца... Калі разышліся бацькі, яму было восем. І хоць дзіця не засталося занядбаным і пакінутым без увагі — у Нарачанскім краі, у Верачаце (70 кіламетраў ад Тракенікаў) у сядзібе дзядоў ім апекаваліся Канстанцін і Філіпіна Козел-Паклеўскія, — але ўзнікла шчымлівае адчуванне адзіноты душы. Не надта ўтульна Мар’яну было ў Рускай гімназіі, у Вільні, куды яны пераехалі з дзедаўскай сядзібы ў 1912 годзе.

Падчас германскага наступлення 1915 года Мар’ян зноў вярнуўся ў Верачату. Жыццё не пеставала юнака, але прыродныя здольнасці і працалюбства, упартасць ратавалі ў няпростых жыццёвых варунках. Маючы на мэце стаць мастаком, ён паспяхова засвойваў матэматыку. Падчас першай сусветнай, па смерці дзеда і па ад’езду маці з айчымам, менавіта прыватныя ўрокі па матэматыцы, якія Мар’ян будзе даваць, выратуюць сям’ю бабулі ад голаду.

Час і рэаліі жыцця

Час і рэаліі жыцця з усёй непазбежнасцю ўцягнулі яго ў вір пераменаў і адбіліся на лёсе мастака. Юначая прага сапраўднага дзеяння павяла па неабсяжнаму колу моладзевых грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў.

У студзені 1919 года вучань 7-га класа Мар’ян — сябра вайсковай арганізацыі, у складзе групы самааховы, поўны рашучасці бараніць Вільню ад бальшавіцкай навалы. Але, выконваючы загад, мусіць адправіцца ў Варшаву… давучвацца.

У красавіку 1919-га адбылася амаль выпадковая сустрэча з бацькам у Варшаве, якая, зрэшты, сталася і апошняй: той неўзабаве памёр.

Улетку 1920 года камандзір харцэраўскага ўзвода, сяржант Богуш-Шышка быў паранены ў баі на Нёмане пад урочышчам Пышкі (зараз раён Гродна). Рана неўзабаве загаілася, і Мар’ян з баямі вярнуўся ў Вільню.

Міжваенны перадых

Па заканчэнні вайны з бальшавікамі сяржант запасу Мар’ян Богуш-Шышка, з двума баявымі крыжамі на грудзях, у студзені 1921 года бліскуча вытрымаў іспыты і зрабіў крок насустрач сваёй мары — паступіў на мастацкі факультэт Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Як і Сергіевіч, і Жынгель, ён трапіў на навучанне да прафесара жывапісу Фердынанда Рушчыца. А неўзабаве, у 1923 годзе, за акадэмічныя поспехі быў накіраваны ў добра вядомую ў Еўропе Кракаўскую акадэмію мастацтва.

Працаваў на той час у горадзе і брат ягонага бацькі, знаны архітэктар Адольф Богуш-Шышка, творца сімфоній “застылай музыкі ў Львове і Кракаве.

Па першай сусветнай вайне ў мастакоўскіх колах Польшчы чуўся подых новых пластычна-выяўленчых павеваў, абумоўленых узаемнасцю дынамікі ўнутранага развіцця выяўленчага мастацтва і эстэтычным водгукам радыкальных падзеяў у Расіі і Германіі.

Пакладанне ў труну


Кракаўская акадэмія, знаная класічнымі традыцыямі — рэлігійным ды гістарычным жывапісам, сцверджаным яшчэ Матэйкам, — вядома, захоўвала свой “твар. Але і тут, нават у межах біблейскай тэматыкі (“П’ета, “Уцёкі да Егіпту, “Пакладанне ў труну, “Адам і Ева) — быў відавочны пошук новых выяўленчых формаў.

Маладога мастака, схільнага да эксперыменту і ад самага пачатку зарыентаванага на рэлігійны жывапіс, гэта, відаць, задавальняла. У яго творчасці знаходзілі сабе месца розныя жанры: партрэты сяброў-аднакашнікаў і знаёмых, краявіды, нацюрморты, кампазіцыі. У пошуках уласнай творчай манеры зазнаў Богуш-Шышка і ўплывы вядучых кірункаў тагачаснага еўрапейскага мастацтва. Дамінуючым жа творчым прыёмам Мар’яна наканавана было стаць своеасабліваму, экспрэсіўна-абагульненаму рэалізму.

Жанравы абсяг мастака шырокі. Першаасновай, стрыжнем творчасці, цягам усяго жыцця сталіся сюжэтныя кампазіцыі на рэлігійныя тэмы. І няма выпадковасці ў тым, што для выканання дыпломнай працы Мар’ян абраў вечную для хрысціянскіх творцаў, эпічную, трагічную і аптымістычную падзею — “Укрыжаванне, якую мусіў увасобіць у шматфігурнай кампазіцыі.

У 1927 годзе, закончыўшы Кракаўскаю акадэмію, але яшчэ не абараніўшы дыпломную працу, Мар’ян разам з жонкай Сафіяй едзе ў гарадок на рэчцы Мухавец, цэнтр Палескага ваяводства — Кобрын, каб працаваць настаўнікам малявання ў гімназіі. Тут ён — асоба спелая і загартаваная “вайной і мірам — нечакана для сябе зрабіў лёсавызначальнае адкрыццё. Прыйшло разуменне, што дзеці, якія не бачылі шырокага свету, неадукаваныя, не пеставаныя і не разбэшчаныя, здольны адчуваць, бачыць, усведамляць і перадаваць свет фарбамі больш шчыра, эмацыйна і натуральна, чым іх адукаваныя настаўнікі.

Звеставанне


З дасведчанага мастака і педагога Мар’ян ператварыўся ў іх вучня. І, відаць, адчуваў, што асноўнае для мастака, які шмат зведаў і адтаптаў дзесяткі дарог, — выйсці на шлях гэтай дзіцячай шчырасці і непасрэднасці. Бо дзеці яшчэ захоўваюць сваю непарыўнасць з космасам, трымаюцца пад Боскім апякунствам. Заварожаны ўласным адкрыццём, ён ашчадна захоўваў дзіцячыя малюнкі, экспанаваў іх у 1934 годзе ў Варшаве на конкурсе “Дзіцячае мастацтва.

Ростані жыцця

Скразная дарога Масква — Варшава, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, прывяла яго ў 1929 годзе на нейкі час з Кобрына ў невялічкі польскі гарадок Выбжаз.

У 1932-м у Гданьску, дзе Мар’ян тады жыў і працаваў, адбылася яго першая персанальная выстава, прыхільна сустрэтая гледачамі і станоўча ацэненая крытыкай. Гэта была першая ластаўка, бо да верасня 1939 года мастак правёў 18 паказаў сваіх твораў — у Гданьску, Любліне, Гдыні, Кракаве, Варшаве. Рытм жыцця быў значна больш напружаны, чым можна ўявіць. Пэўны час Мар’ян у якасці “вольнага слухача наведваў лекцыі і заняткі ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў, дзе атрымаў яшчэ адзін дыплом. Здаў дзяржаўны экзамен на права выкладання мастацтва ў школах і гімназіях, багата працаваў творча.

У 1933 годзе ў Мар’яна з’явіўся нашчадак, ахрышчаны Андрэем, — будучы архітэктар, рэстаўратар палацу на Вавелі ў Кракаве. Нягледзячы на вадаспад прыемна-адказных падзеяў і клопатаў, Мар’ян напружана працаваў. Закончыў кампазіцыю, якой аддаў больш за сем гадоў жыцця, — “Укрыжаванне. Апрача жывапісу, не пакідаў ён і заняткі матэматыкай.

Палон

Напярэдадні 1939 года Мар’ян працаваў настаўнікам матэматыкі і мастацтва ў ліцэі Гданьску, адкуль і быў мабілізаваны 24 жніўня 1939 года ва ўзвод марской пяхоты. Пасля нядоўгіх, але крывавых баёў з фашысцкімі войскамі, Польшча вымушана была капітуляваць. Богуш-Шышка трапіў у палон.

Пяць з паловай гадоў — ад верасня 1939-га да мая 1945-га, — якія мастак правёў у нямецкіх лагерах, былі цяжкімі, але і не страчанымі дарма.

Укрыжаваны Хрыстос


З дазволу лагернай адміністрацыі, Мар’ян наладзіў дзейнасць матэматычнага гуртка. Праводзіў лекцыі для нявольнікаў, што не згубілі цікаўнасць да жыцця. Адкрыў мастацкую студыю. Уражвае плён дзейнасці Богуша-Шышкі: апрача заняткаў па малюнку і жывапісу, за гэты час ён прачытаў больш за 200 лекцый па гісторыі і тэорыі мастацтва! Уласны даробак — каля 400 алоўкавых і жывапісных партрэтаў сяброў-нявольнікаў, побытавыя эпізоды з лагернага жыцця, накіды кампазіцый да Хрысталагічнага і Марыянскага цыклаў.

Духоўнае і творчае жыццё мастака не ўпадала ў летаргію бяздзейнасці і безнадзейнасці. Гэты перыяд у жыцці Мар’яна Богуша-Шышкі краязнаўца і даследчык Алесь Юркойць вызначае як “аналітычны рэалізм.

Гады няволі сталіся часам выпрабаванняў і далейшага гарту душы, дапамаглі адкарэктаваць уласную шкалу маральных вымярэнняў, пераканалі, што “самы вялікі дар, які чалавек можа даць другому чалавеку — гэта сяброўства. Вызваленага 2 мая 1945 года амерыканскімі войскамі з лагера Мар’яна ў жніўні таго ж года запрасіў у Італію яго стрыечны брат — генерал Зыгмунт Богуш-Шышка, намеснік начальніка штаба ІІ Польскага корпусу (паводле сведчання гісторыка Ю. Грыбоўскага, праз гэты корпус прайшло да 6 тысяч беларускіх жаўнераў).

На другім беразе

Сонечная Італія з яе гістарычнымі мясцінамі, помнікамі антычнай архітэктуры, жывапісам і скульптурай геніяў Адраджэння, радзіма гуманістычнага ўсведамлення чалавека, не магла не ўразіць мастака. Па загадзе галоўнакамандуючага генерала Уладзіслава Андэрса, Мар’ян узначаліў мастацкае аддзяленне ў дэпартаменце культуры ІІ Польскага корпуса. Пазней, з прапановы падпаручніка ваеннага часу Гедройца, Андэрс аддаў загад пра стварэнне Літаратурнага інстытута і рэдакцыі часопіса “Культура, дазволіў распаўсюджваць сярод жаўнераў газету “Беларускія навіны.

Галава генерала Андэрса. 1970. М. Богуш-Шышка


Апрача абавязковых прапагадысцкіх заданняў камандавання, арганізацыйна-адміністрацыйных клопатаў, Богуш-Шышка выкладаў малюнак і жывапіс у студыі для жаўнераў, праводзіў практычныя заняткі і чытаў лекцыі па гісторыі мастацтва для афіцэраў, ладзіў экскурсіі для вайскоўцаў па гістарычных мясцінах. Знаходзіў ён і час для творчай працы. Паказваў свае творы ў Рыме і Фларэнцыі, дзе здабыў ўзнагароды.

Час, праведзены ў Італіі, па прызнанні мастака, быў варты “пяці акадэміяў мастацтва.

У кастрычніку 1946 года ІІ Польскі корпус, які ад пачатку існавання быў уключаны ў склад узброеных сілаў Вялікабрытаніі, перакінулі ў Англію і пачалі дэмабілізацыю асабовага складу. 11 лістапада 1946 года мастак пераехаў у шатландскі горад Глазга, каб праз які тыдзень назаўжды перабрацца ў Англію.

Англія

Другую палову жыцця ён стала пражыў у гэтай арыстакратычнай краіне Старога свету. Пражыў не абы як, узняўся ў творчасці на прыступачку дзіцячай шчырасці ўспрымання і непасрэднасці мастацкага выражэння. У мастацкае жыццё многіх адкрытых краінаў таго часу ўваходзілі новыя творчыя накірункі, метады і напрамкі. Заваёўвала сваё права на існаванне канцэптуальнае мастацтва. З-за акіяна даносіўся голас Джэксана Полака, які абвяшчаў у чарговы раз пра “смерць станковай карціны. Абстрактныя экспрэсіяністы цураліся рэалістычных выяваў.

Мар’ян Богуш-Шышка быў прыхільнікам фігуратыўнага і рэалістычнага (хоць і не класічнага-акадэмічнага) жывапісу. Ахвяраваў жыццё на ўвасабленне вечных тэмаў. Тых тэмаў і сюжэтаў, што з’явіліся задоўга да Мар’яна і будуць прысутнымі ў свеце па завяршэнні яго ўласнага зямнога існавання.


Здзяйсняючы ўласны творчы пошук, Богуш-Шышка доўгі час кіраваў школай станковага і рэалістычнага жывапісу, якую скончылі многія славутыя майстры. Персанальныя выставы Мар’яна ў пасляваенныя часы, апрача Лондана, праходзілі ў Парыжы, у Гамбургу. Крытыкі былі ў захапленні. Пра мастака Богуша-Шышку пісалі ў шматлікіх тагачасных еўрапейскіх выданнях, прыглядаліся да яго акадэмічныя гісторыкі мастацтва (Лонданская галерэя Дрыян у 1977 годзе выдала альбом “Marian Bohusz; найбольш поўны індэкс артыкулаў, прысвечаных мастаку, укладзены ягоным біёграфам Я. Сянкевічам у кнізе “Marian Bohusz-Szyszko, Lublin, 1995).

І ўсе гэтыя гады мастак па-ранейшаму не здраджваў матэматыцы, па вызначэнню Леанарда да Вінчы, “самай дакладнай і самай матэрыялістычнай навуцы. Выкладаў матэматыку ў розных навучальных установах, атрымаў навуковую ступень, друкаваў артыкулы ў часопісах для адмыслоўцаў, выдаў падручнік па матэматычным аналізе.

Спадчына

Творчы здабытак Богуша-Шышкі значны і разнастайны, але, як і трэба было чакаць, расцярушаны па свеце. Яго жывапісныя творы ёсць у дзяржаўных і прыватных музейных сховішчах розных краін: Польшчы, Германіі, Італіі, Бельгіі, Францыі. Калекцыя акварэляў, малюнкаў і літаграфій, сямейны фотаархіў, асабістыя рэчы зберагаюцца ў сям’і сына ад першага шлюбу і ўнучкі Алы Богуш-Добаш, якія стала жывуць у Кракаве. Гэтая частка спадчыны будзе перададзена ў музей сям’і Богуш-Шышкаў у прадмесці Кракава, у Пшэгажалах. Найбольш жа цэласнае ўяўленне пра творчую манеру майстра, яго пластычныя здабыткі можа даць вялікая калекцыя (каля 60 твораў жывапісу), якая сваёй жыццядайнай энергетыкай падтрымлівае жыхароў хоспіса св. Крыстафера.

Спадар Мар’ян пакінуў і немалую літаратурна-мастацтвазнаўчую спадчыну, цікавую ды актуальную і сёння.

Напрыклад, манаграфія “Леанарда да Вінчы была, імаверна, вынікам імкнення Богуша-Шышкі разгадаць шматгранны геній тытана Адраджэння, універсальнай асобай якога ён быў захоплены з юнацтва, а таксама сталася спробай спасцігнуць гуманістычны дух часу, суаднесці яго з ХХ стагоддзем. Тут нельга не адзначыць, што Мар’ян стварыў палатно “Тайная вячэра. Мяркуючы па рэпрадукцыі, спакусліва зрабіць выснову, што экспрэсіўна-выразная, з глыбокім філасофскім гучаннем, светланосная кампазіцыя, увасобленая ў індывідуальнай, “богуш-шышкаўскай манеры, па сваёй будове паўтарае загінулы манументальны твор вялікага папярэдніка 1497 года.

Зборнік крытычных артыкулаў і эсэістыкі “Аб мастацтве прыадчыняе таямніцы роздумаў мастака пра сутнаснае прызначэнне творчасці. Пра “залатое сячэнне жывапісу — суадносіны колераў, патэнцыйную мажлівасць матэматычна абгрунтаваць колеравую гармонію, правамоцнасць існавання розных творчых накірункаў (ад гісторыка-рэалістычнага жывапісу Матэйкі да сезанізму і пошукаў Пікаса). Роздумаў мастака пра тое, што нават таленту немажліва пазбегнуць уплыву сваёй эпохі, бо “яго фарміруе асяроддзе, час і рэаліі жыцця. У зборнік улучаны матэрыялы пра мастакоў сучаснікаў, ураджэнцаў Віленскага краю, а таксама агляды, рэцэнзіі на выставы, крытычныя артыкулы, якія дапамагаюць больш выразна ўявіць мастацка-культурны рух у Англіі і шырэй.

“Нарыс гісторыі выяўленчага мастацтва на землях Вялікага княства Літоўскага — зварот мастака да гістарычнай памяці, духоўнай повязі з ліцвінскай культурай. Гэта яшчэ адна вяршыня вялікага мастака з Астравеччыны, які пераступіў дзяржаўныя, этнічныя, эстэтычныя межы свайго часу, узвысіўся па-над тэмамі ХХ стагоддзя, узняўся да тэмаў “вечных. Багатая і рознабаковая мастакоўская спадчына абавязвае нас, яго нашчадкаў, перадусім да перакладаў мастацтвазнаўчых прац Богуша-Шышкі, да руплівага вывучэння і асэнсавання і папулярызацыі не спазнанай беларусамі спадчыны творцы.

Супраца, якая не адбылася

Некалькі прац мастака ёсць і ў Беларусі. Не цудам яны тут апынуліся.

Адам Мальдзіс, які адкрыў у 1993 годзе знанага ў Еўропе мастка з Астравеччыны, з вялікім імпэтам узяўся за справу “вяртання яго імя на Радзіму. Дзейнасць па прапрацоўцы ідэі стварэння музея ў Тракеніках, натуральна, пачалася з ліставання і тэлефонных перамоваў са спадчыннікамі мастака. Са шчырай цікаўнасцю і адкрытымі сэрцамі далучыліся да справы нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх Анджэй Цеханавецкі і тагачасны амбасадар Беларусі ў Аб’яднаным Каралеўстве Уладзімір Шчасны, які паабяцаў ад імя беларускай амбасады “аказаць любую магчымую дапамогу. Зацікаўлена і добразычліва паставілася да гэтай ідэі ўдава мастака, пані Сісіль Саўндэрс. Прыхільна ідэя была сустрэта і астравецкімі ўладамі.

Дзедаўская сядзіба ў Верачаце


З ласкі ўдавы і дзякуючы непасрэдным высілкам Уладзіміра Шчаснага ў Беларусь была перададзеная невялічкая калекцыя твораў Богуша-Шышкі. У Тракенікскай бібліятэцы экспануюцца “Святы Хрыстафор, “Маці Боская, “Трыпціх (Нараджэнне, Укрыжаванне, Уваскрэсенне) ды філасофска-алегарычная кампазіцыя “Птушкі з касцёлу ў Быстрыцах. Навукова-даследчаму Цэнтру імя Францыска Скарыны быў прэзентаваны “Аўтапартрэт. У астравецкую бібліятэку, трапіла экспрэсіўная кампазіцыя “Сонца. Выбухова-жыццядайнае святло, што рытмічна пульсуе з невялічкага палатна, скіроўвае душу гледача да часоў, у якія паўстаў аддзелены ад цемрадзі Свет. Амаль умоўна азначаныя і перададзеныя, на першы погляд, хаатычнай віхурай фарбаў: і сінь неба, і бурштынавыя ствалы соснаў, і сакавітасць маладой травы. Усё гэта западае ў душу з дзяцінства, утварае дзівосную сімфонію Быцця. Нараджае адчуванне еднасці ўсяго з усім. Перадусім — чалавека з Небам. Усё проста, гэта такая малітва ў фарбах.

Пытанне стварэння музея ў Тракеніках некалькі разоў уздымалася на пасяджэннях беларуска-польскай камісіі па абмену мастацкімі каштоўнасцямі, якая таксама вітала ініцыятыву. Але сям’я мастака мусіла была быць упэўнена, што такі музей паўстане, што сядзіба ў Тракеніках стане адкрытым цэнтрам культурнай супрацы народаў-спадчыннікаў Вялікага княства Літоўскага. Трохі насцярожана паставілася да ініцыятывы ўнучка мастака з-за таго, што “Мар’ян Богуш-Шышка будзе прадстаўлены не як польскі, а як беларускі мастак. З’явіліся супярэчнасці ў меркаваннях прадстаўнікоў розных галінаў спадчыннікаў. Але і гэта не асноўнае. Паўсталі і іншыя праблемы. Як сказала тагачасная загадчыца аддзела культуры райвыканкама Данута Францаўна Чарнушэвіч, “надта непрэзентабельны быў стан саміх Тракенікаў, грамадска-палітычная няпэўнасць, і, як заўжды, адсутнасць грошай. Сукупнасць гэтых праблемаў, а галоўнае — “адсутнасць рухавіка з беларускага боку, зрэшты, і прывяла актуальную ініцыятыву да “каматознага стану.

На зыходзе ліпеня 1996 года англійская арыстакратка больш чым шаноўнага ўзросту, баранеса Сісіль Саўндэрс, насуперак кракаўскім спадчыннікам, наведала Тракенікі. Вядомая ў Англіі як доктар медыцыны, аўтар шэрагу навуковых прац і апякунка хоспіса святога Крыстафера, чыёй нястомнай дзейнасцю гэтая медычная ўстанова стала лепшай у Еўропе, спадарыня Саўндэрс агледзела радавую сядзібу Богуш-Шышкаў, наведала Быстрыцкі касцёл, дзе ксёндз Пікула справіў імшу па мастаку, пакінула каменьчык з магілы мастака, узяла памятку з яго Радзімы і з’ехала. Няўжо ўсё?

Вяртаюся да пагруднага “Аўтапартрэта (40х30) на фоне амаль прывіднага інтэр’еру, выкананага каляровымі алоўкамі на паперы. Намаляваны ў чэрвені 1985 года, калі мастаку ішоў дзевяты дзесятак, але ў карціне адчуваецца прысутнасць маладой і бадзёрай душы. Выява зроблена лёгка, “гуляючы, амаль імпрэсіяністычна, у кранальна-адухоўленай каларыстыцы. Спалучэнне пяшчотна-травяністых і блакітных колераў вопраткі і фону з залаціста-бурштынавай нотай твару героя надае выяве высакароднасць і цеплыню. Спярэшчаны зморшчынамі твар мастака — яго біяграфія і жыццёвыя шляхі. Моцная лепка і добрая прапрацоўка галавы, амаль “скульптурны высокі лоб старога выкрывае ў ім філосафа, перадае высокі інтэлект асобы, гарт яго характару.

Інтэлігентнага выгляду стары джэнтльмен глядзіць на нас скрозь тоўстае шкло акуляраў. Глядзіць годна, пільна і думна. Але разам з тым і зусім па-дзіцячаму. З інтрыгуючай хітрынкай. А мо з лёгка-іранічнай весялосцю. Быццам даўно збіраецца штось запытаць у нас, беларусаў.

Каментаваць