Мастак свабоды

9 лістапада ў Мінскім Палацы Мастацтваў была адчынена  юбілейная персанальная выстава Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) пад назвай “Логіка руберойда. Імпрэзу адкрыцця выставы наведалі  выбітныя дзеячы культуры і навукі Беларусі, сярод якіх былі С.Законнікаў, Л.Лыч, Ул. Някляеў, Ул.Халіп, Ул.Содаль, А.Трусаў і іншыя.



9 лістапада ў Мінскім Палацы Мастацтваў была адчынена  юбілейная персанальная выстава Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) пад назвай “Логіка руберойда. Імпрэзу адкрыцця выставы наведалі  выбітныя дзеячы культуры і навукі Беларусі, сярод якіх былі С.Законнікаў, Л.Лыч, Ул. Някляеў, Ул.Халіп, Ул.Содаль, А.Трусаў і іншыя.

“Мастак выдатна ведае гісторыю, старажытнасць, вывучае фальклор, народную творчасць. Яго творчы ўздым і імпэт прымусіў у 90-ыя гады звярнуцца інтэлігенцыю да нацыянальных пластоў, — адзначыў на адкрыцці выставы старшыня суполкі “Пагоня Саюза беларускі мастакоў Генадзь Драздоў.

 “Творчасць мастака сцвярджае, што Беларусь — абсалютна развітая еўрапейская нацыя, і ёй ужо не ўласціва нацыянальная закамплексаванасць. Яго почырк — свежы, арыгінальны, сучаcны, — падкрэсліў  мастак Рыгор Сітніца.

Анатоль Вярцінскі павіншаваў аўтара з цудоўнай рэтраспекцыяй і прысвяціў яму верш, у якім ацаніў дзейнасць мастака, педагога і грамадскага дзеяча “Знакам адпаведнай маркі высокай пробы.

“Нядаўна мы разам з Аляксеем Антонавічам, — распавёў выдавец і мастак Уладзімір Сіўчыкаў, — выдалі кнігу. Яна зарадзілася з праекта “Жодзінцы, у які ўваходзілі партрэты выхадцаў з гэтага рэгіёну. Праца над “Жодзінцамі падштурхнула А. Марачкіна на  стварэнне цэлай графічнай серыі “Дзеячы гісторыі і культуры Беларусі з 35 выяваў, якая прадстаўлена ў экспазіцыі. Я ўпэўнены, што неўзабаве партрэты Сапегаў, Пацаў, Радзівілаў і іншых будуць вісець у кабінетах гісторыі, ўвойдуць у падручнікі.

Уладзімір Сулкоўскі, сябра і калега аўтара, падзяліўся ўспамінамі: “Аляксея Марачкіна я ведаю з 1968 года. Разам з ім мы вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, займаліся ў майстэрні Ахрэмчыка. З 90-ых гадоў нашыя майстэрні былі побач. Разам мы бралі ўдзел у пленэрах імя Язэпа Драздовіча ў Бычках, ездзілі за мяжу. Мастак зведаў розныя кірункі, у пэўны час адчуваў уплыў Пікасо. Але Аляксей эмацыйна не  затрымліваецца на нейкай адной тэхніцы, ён увесь – у пошуку, звяртаецца да старадаўніх матываў і аднаўляе іх на новым узроўні. Пейзажы, пленэры, рэалістычны жывапіс, графіка, малюнкі пяром — усё гэта цікавае і каштоўнае. Яго творчасць — няспынны шлях. Мне імпануе яго пазітыўная энергетыка, аптымізм!.



На выставе прадстаўлены шырокі дыяпазон тэхнік. Карціны вызначае філасофскі змест, адухаўляе лёгкасць мазка, плаўнасць ліній. На карцінах яго часта сустракаюцца выявы птушкі — сімвала волі.

У вялікай экспазіцыі  ўвагу прыцягваюць партрэты Веранікі і Максіма Багдановіча (1981), Кастуся Каліноўскага (1982), Зянона Пазняка (1991), інака Мікалая (Зніча) (1991), Алеся Пушкіна (1991) і іншых. Выклікаюць замілаванне вобразы “Маладая Беларусь, трыпціх  “Міленіум. Тут ёсць і прысвячэнне бацькам і дзядам — маці Хадоры і бацьку Антону.

 Аматараў прыцягваюць інсталяцыя “Прасніцы размаўляюць, маляваныя дываны, створаныя пад уплывам народна-ужытковага мастацтва, пейзажы.

“Творчасць мастака — люстэрка, адбітак часу. Яна набыла сёння гістарычную каштоўнасць. Удзячны спадару А. Марачкіну за яго грамадзянскі подзвіг, зычу здароўя, плёну і новых здзяйсненняў!“ — пажадаў сябра і  калега Віктар Маркавец.

На выставе прысутнічалі жонка сп. Аляксея, актывістка ТБМ, філолаг Ірына Сяргееўна Марачкіна і яго сын, прадаўжальнік у прафесіі  і педагог Ігар Марачкін.
 

Каментаваць