Мера адказнасці

Тэма рэстаўрацыі і захавання помнікаў беларускай архітэктурнай спадчыны і звязаныя з ёй юрыдычныя і маральныя аспекты зрабіліся прадметам абмеркавання ток-шоў «Выбар» на ОНТ. На праграме атрымалі слова прадстаўнікі арганізацый з рознымі, часам палярнымі, поглядамі на праблему. Той, хто меў магчымасць сачыць за размовай у студыі, памятае: пагаднення бакам дасягнуць не ўдалося.

(На выяве: Фарны касцёл у Гродна на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г.)



Тэма рэстаўрацыі і захавання помнікаў беларускай архітэктурнай спадчыны і звязаныя з ёй юрыдычныя і маральныя аспекты зрабіліся прадметам абмеркавання ток-шоў «Выбар» на ОНТ. На праграме атрымалі слова прадстаўнікі арганізацый з рознымі, часам палярнымі, поглядамі на праблему. Той, хто меў магчымасць сачыць за размовай у студыі, памятае: пагаднення бакам дасягнуць не ўдалося.

(На выяве: Фарны касцёл у Гродна на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г.)


Храм для вернікаў

Касцёл святога Іосіфа кляштара бернардынцаў, заснаванага ў цэнтры Мінска ў 1624 годзе, — старэйшы каталіцкі храм сталіцы, па-ранейшаму застаецца ва ўласнасці размешчанага ў ім дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. За вяртанне касцёла ўжо шосты год запар пад яго сценамі моліцца абшчына вернікаў, сабраўшы і перадаўшы прэзідэнту краіны яшчэ ў 2007 годзе больш 30 тысяч подпісаў.

Справа з месца пакуль не рушыцца. Больш за тое, кляштарныя будынкі, якія зараз рэстаўруе КУП «Мінская спадчына», мяркуецца прыстасаваць пад гасцініцу (каб годна прыняць, па словах Міхаіла Жыха, гасцей чэмпіянату свету па хакеі–2014). А гандлёвыя рады часткова музеефікаваць.

З 1863 года, пасля якога дзяржава забрала будынкі ў манахаў у пакаранне за іх прыхільнае стаўленне да ідэй Кастуся Каліноўскага, у іх размяшчаліся і суд, і ваенная камендатура, і пракуратура. Тэзіс Богу — Богава не спрацоўвае. Вяртанне гісторыка-архітэктурнаму комплексу яго першаснага прызначэння, насуперак просьбам вернікаў, нашчадкаў былых гаспадароў, адпрэчваецца. Аргументацыя дзяржаўных чыноўнікаў простая: мы ўкладаем у будынкі камунальныя грошы (як быццам горад і дзяржава паўтара стагоддзя не карысталіся не належнай ім па праве ўласнасцю), і таму хочам пакінуць касцёл з кляштарам у сваім распараджэнні. Маўляў, толькі дзяржаўныя арганізацыі могуць забяспечыць навуковае аднаўленне старых сцен.

Але будзем спадзявацца: зварот да тэмы зберажэння помнікаў, вельмі істотнай для захавання на беларускай зямлі для нас і нашых нашчадкаў культурнай аўры, атрымае працяг і ў дзяржаўных СМІ, і ў практыцы адказных за вырашэнне пытання ўстаноў.

Адказаў няма

Пакуль жа неабыякавыя ўдзельнікі «Выбару» выказваюць хутчэй расчараванне. Кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які пракаментаваў сітуацыю для «НЧ», з сумам адзначае: «Перадача «Выбар» адбылася не па сцэнары Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Чыноўнікі не адказалі на пытанні ні датычна гістарычнага цэнтра Мінска, ні датычна льгот, якія павінны суправаджаць працы розных арганізацый на гісторыка-культурных каштоўнасцях».

У працяг перадачы Астаповіч выступіў з дакладам на міжнароднай канферэнцыі па кансервацыі і рэстаўрацыі будынкаў, арганізаванай Беларускім саюзам будаўнікоў і «Строительной газетой» 25 жніўня. У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў архітэктуры і будаўніцтва, культуры, Дзяржкантролю. На падставе прыкладаў па гістарычным цэнтры кіраўнік таварыства аховы помнікаў чарговы раз давёў, што нарматыўна-прававая база пры работах з аб’ектамі, якія фармальна ахоўваюцца дзяржавай, ігнаруецца — пры пасіўнай падтрымцы кантрольна-рэвізійных і праваахоўных органаў. На жаль, і гэтым разам пасля выступлення ніхто з чыноўнікаў не задаў ніводнага пытання. Ніяк не адрэагаваў.

Як жа павінна выглядаць адказнасць дзяржавы за стан аб’ектаў, даўно атрыманых ці, часцей, гвалтоўна забраных ёй у папярэдніх гаспадароў? Як там ні было, дзяржаўныя органы і арганізацыі мусяць прызнаваць правапераемнасць сваіх маёмасных правоў і адказнасці за карыстанне аб’ектамі.

Эксплуатацыя будынкаў-помнікаў цягам дзесяцігоддзяў, якая даводзіць іх да стану руінаў, мусіць цягнуць пэўныя наступствы. Або ў выглядзе абавязкаў нарэшце пра іх паклапаціцца, альбо ў адмове ад нахабнага жадання атрымаць вялікія грошы, калі гістарычны аб’ект выстаўляецца на аўкцыён у пошуках новага ўладара, інвестара, а дакладней выратавальніка. Амаральна шукаць выгоды там, дзе ў якасці сплаты матэрыяльных і маральных запазычанасцяў дзяржавы новым (якія часам супадаюць са старымі) гаспадарам трэба прадставіць ільготы.

Руйнаваць — не будаваць

Зноў і зноў паўстае пытанне пра маральнасць. У выпадках часам надзвычай выразных, балючых, невытлумачальных з пункту гледжання элементарнай этыкі і культуры, калі гаворка ідзе пра знішчэнне помнікаў. Такіх, як старажытная гарадзенская фара Вітаўта — касцёл Дзевы Марыі. Помнік узарваны ў 1961 годзе. Ён паўстаў як драўляны храм у 1389 годзе па фундацыі Вітаўта ў яшчэ суцэльна праваслаўнай Гародні, быў рэканструяваны ў 1494-м і 1551-м з ласкі вялікага князя Аляксандра і каралевы Боны. Новая адбудова з цэглы выконвалася пад патранажам улюбёнага ў горад Стэфана Баторыя ў 1584–1587 гадах італьянскім архітэктарам Антоніем Дзікрыпам у рэнесансным стылі з элементамі готыкі. У гэтым выглядзе храм захаваўся для нашчадкаў на вядомай гравюры знакамітага Томаша Макоўскага 1600 года.


Фарны касцёл у Гродна на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г.


Пажары, разбурэнні горада, расійская акупацыя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у выніку якой касцёл пераўтварыўся ў 1804 годзе ў праваслаўную царкву, разам з далейшымі перабудовамі непазнавальна змянялі яго вонкавае аблічча. Але ён ганарліва ўзносіўся на плошчы побач з езуіцкім касцёлам і ратушай. Вернуты ў 1918 годзе каталікам у якасці гарнізоннага касцёла, ён перажыў не зусім дакладныя рэстаўрацыі-рэканструкцыі архітэктараў В. Генберга (1923) і А. Сасноўскага (1935), набыўшы падкрэслена гатычныя рысы.

Але ва ўсе часы заставаўся візітоўкай Гародні, адлюстраваны на шматлікіх гравюрах, карцінах, паштоўках. Пакуль у Гародню ў 1939 годзе не прыйшла савецкая ўлада і не зачыніла касцёл, брутальна ператварыўшы яго ў склад. Затым надышлі часы Хрушчова, калі ў Беларусі распраўляліся не толькі з нацыянальнай мовай і культурай. Будаўнікам новага ладу перашкаджала вера і старажытныя храмы. У 1961 годзе выбухнула ўнікальная Дабравешчанская царква ХІІ стагоддзя ў Віцебску. Дайшла чарга і да фары Вітаўта.

Калі нехта скажа, што людзі не супраціўляліся варварству, гэта няпраўда. Вялізны натоўп, сабраўшыся ў суседнім езуіцкім касцёле, не дапусціў яго знішчэння ў тыя ж самыя гады. З фарай Вітаўта савецкія герастраты паступілі больш жорстка: калі прыехала ленінградская брыгада падрыўнікоў, каб не дапусціць хваляванняў і беспарадкаў у горадзе, касцёл абкружылі аўтаматчыкі. Людзі, што прыйшлі на плошчу, чулі, як салдатам аддавалі загады страляць на паражэнне ў выпадку супраціву. 29 лістапада ўначы храм узняўся ў паветра і асеў вялізнымі глыбамі друзу ў аблоках чырвонага пылу. Улада баялася помсты: доўгія гады пасля вайсковая варта ахоўвала размешчаны непадалёк мост праз Нёман — пайшла чутка, што яго ўзарвуць у адказ за знішчэнне святыні. Чыноўнікі, якія падпісалі храму прысуд, — дырэктар краязнаўчага музея Собаль, намеснік старшыні выканкама Тупоўскі, архітэктар горада Маркаян. Двух апошніх потым выкінулі з працы, як скарыстаныя паперкі, каб супакоіць народ. Але фары Вітаўта ўжо не было.

Улада ўжо незалежнай Беларусі, быццам адчуваючы пераемнасць ад савецкіх дзікуноў, не толькі не спрыяе, але супраціўляецца ініцыятывам грамадзян па аднаўленні храмаў. Не зарэгістравана заснаванае ў 2000 годзе з мэтай адбудовы фары Вітаўта і падтрымання стану іншых помнікаў горада грамадскае аб’яднанне “Гарадзенскія муры. Неаднаразова знішчаліся высаджаныя грамадзянамі на месцы фары Вітаўта кветкі. Экскаватарам вывозілі камяні, якімі людзі спрабавалі пазначыць малюнак плана алтарнай часткі былой святыні. Знішчалася пастаўленая на яе месцы памятная табліца і мемарыяльны крыж. На сённяшні дзень ідэя аднаўлення храма не атрымала працягу.

Украінскі напамін

Напачатку 1990-х гадоў аўтар гэтых радкоў разам з гісторыкам мастацтва Аляксандрам Ярашэвічам прысутнічаў на канферэнцыі на Украіне ў Алескім замку, філіяле Львоўскай карціннай галерэі непадалёк ад Львова. Дырэктар галерэі, Барыс Рыгоравіч Вазніцкі, які дзесяцігоддзямі ратаваў абразы, скульптуру і іншае начынне з занядбаных у тыя часы храмаў, гасцінна запрасіў у фондасховішча, аформленае як дадатковая экспазіцыя.

Збор з соцень і соцень твораў мастацтва адчынялі 4 старажытныя, XVI стагоддзя, драўляныя фігуры апосталаў. “Яны з Беларусі, — заўважыў дырэктар і распавёў гісторыю, у якую цяжка было паверыць. У 1979 годзе здымачная група “Беларусьфільма на чале з рэжысёрам Валерыем Рубінчыкам у пашкоджаным часам, але тым не менш шыкоўным палацы XVII стагоддзя Канецпольскіх-Жэвускіх у Падгорцах, размешчаных у 5 кіламетрах ад Алеска, вяла здымкі фільма “Дзікае паляванне караля Стаха па аповесці Уладзіміра Караткевіча. Пасля здымкаў на снезе пад сценамі палаца засталіся 4 старажытныя скульптуры апосталаў, прывезеныя “Беларусьфільмам у якасці студыйнага рэквізіту і без усялякага спачування пакінутыя кінематаграфістамі на знішчэнне. Скульптуры ўратавалі простыя жыхары Падгорцаў, патэлефанаваўшы ў музей Вазніцкаму, калі невядомыя нягоднікі ўжо спілавалі на адной з постацяў галаву.

Касцёл Вітаўта перабудаваны ў царкву пасля рэканструкцыі 1896-1899 гг.

Кадр з фільма "Дзікае паляванне караля Стаха" (ля сцен замка палаца ў Падгорцах)

 

Тады, у 1990-я, Барыс Вазніцкі прапаноўваў зрабіць высакародны крок — вярнуць скульптуры ў Беларусь. І ўжо тады ў даследчыкаў паўставала думка: ці не звязаныя разьбяныя постаці — па часе іх паўстання, стылістыцы, вялікім маштабе — з фарай Вітаўта ў Гародні? Пасля знішчэння якой яны маглі трапіць у рэквізіт “Беларусьфільма.

* * *

“НЧ паспрабуе прасачыць гісторыю беларускіх скульптур у зборы Алескага музея і паспрыяць, калі магчыма, іх вяртанню на радзіму. І раскажа пра гэта чытачам. Што датычыцца касцёла св. Іосіфа і мінскіх бернардынцаў, то змаганне за храм працягваецца. 4 верасня ўвечары каля чырвонага касцёла святых Сымона і Алены быў затрыманы міліцыяй у час збору подпісаў за вяртанне касцёла св. Іосіфа вернікам лідэр незарэгістраванай партыі хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец. Але кожны, хто жадае перамагчы рудыментнае супраціўленне сістэмы, аднавіць справядлівасць і маральнасць, мусіць дзейнічаць. І нават прыносіць пэўныя ахвяры. Гэта — выбар.
 

Каментаваць