Міхась Чарняўскі. Вогнепаклоннік, сябар Расамахі, чалавек-інстытут

Мы пазнаёміліся ў 1974-м, калі спадар Міхась, ужо вядомы археолаг, кандыдат гістарычных навук і ўдзельнік «Акадэмічнага асяродку» — нефармальнага клюбу патрыятычнай інтэлігенцыі, быў выгнаны з Інстытуту гісторыі і зарабляў на хлеб ляўкасьнікам (грунтоўшчыкам палатна) на вытворча-мастацкім камбінаце Саюзу мастакоў. 



7.3.1938, вёска Круці, цяпер Мядзельскі раён – 20.1.2013, Менск. Пахаваны ў Круцях.​


Пра новую «пасаду» ён гаварыў з мудрым гумарам чалавека, непахісна ўпэўненага і ў сваёй праўдзе, і ў тым, што ўсё будзе добра і мы да гэтага дажывём. ​

Чарняўскі не памыліўся: імпэрыя, як ён і прадказваў нам, студэнтам-гісторыкам, калі эсэсэсэраўскі гмах яшчэ здаваўся непахісным, ляснулася, і мы дажылі да незалежнай Беларусі.​

Ён ня проста прарочыў, а набліжаў гэты дзень. Зьбіраў, здавалася б, ужо не патрэбныя нікому аскепкі гісторыі, выхоўваў – ня толькі ў навуцы – вучняў, шукаў і падтрымліваў аднадумцаў. 

Калі ў мяне, маладога настаўніка гісторыі, зьявіўся шанец перайсьці на працу ў наваполацкую гарадзкую газэту, Чарняўскі прачытаў мне цэлую лекцыю пра тое, якія магчымасьці гэта можа адкрыць для нацыянальнай справы. І не памыліўся. Досыць згадаць нашае літаратурнае аб’яднаньне «Крыніцы», адкуль выйшаў не адзін дзясятак вядомых літаратараў, якія тады, у маладосьці, пры канцы 1980-х здолелі ператварыць суполку пры газэце ўва ўплывовы дэмакратычны клюб. З «Крыніцаў» пачалася вядомасьць Ірыны Жарнасек, Вінцэся Мудрова, Алега Мінкіна, Сержука Сокалава-Воюша, Валянціны Аксак, Алеся Аркуша, Лявона Баршчэўскага, які стаў нашым дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі гістарычнага 12-га скліканьня.​

Кладучы цаглінку за цаглінкай у падмурак новага Адраджэньня, Міхась Чарняўскі працаваў, як цэлая ўстанова. ​

Дасьледаваў каменны і бронзавы век у Беларусі. Вывучаў сярэднявечны Мядзел і – разам зь Зянонам Пазьняком – замак у Лоску, дзе была славутая друкарня. Пісаў манаграфіі і кнігі для дзяцей (памятаю, як мае сыны Раман і Багдан упадабалі «Стралу Расамахі»). Рызыкуючы трапіць за краты, вывез з Зэльвы і захоўваў да лепшых часоў, а затым апублікаваў «Споведзь» Ларысы Геніюш. Ствараў «Мартыралёг» і БНФ. Адраджаў нацыянальную сацыял-дэмакратыю…​

З прыходам незалежнасьці спраў адно паболела. ​

Спадар Міхась браў удзел у падрыхтоўцы да друку новых навуковых шматтомнікаў і энцыкляпэдыяў, працягваў пісаць дзіцячыя кнігі, змагаўся за беларускамоўнасьць гістфаку БДУ, засноўваў арганізацыю «Вэтэраны Адраджэньня», адкрываў праўду пра паваеннае антысавецкае моладзевае падпольле на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне…​

Насуперак шматлікім скептыкам Чарняўскі заўсёды сьцьвярджаў, што пункту невяртаньня да мовы, да сваіх гістарычных падмуркаў мы не дасягнулі, а таму Беларусь ня страціла дэмакратычнай эўрапейскай пэрспэктывы. Іншая рэч, што за яе захаваньне трэба кожны дзень змагацца.​

Ягоны сыход стаўся цяжкай агульнанацыянальнай стратаю.​

Калі на пахаваньні заплакала дуда Зьмітра Сасноўскага, а ўсьлед за ёю не стрымалі сьлёз і сам славуты музыка, і загартаваныя, вядомыя ўсёй Беларусі людзі, – гэтая страта адчулася яшчэ глыбей…​

Клічучы замуж будучую жонку Сьвятлану, Міхась папярэдзіў: «Давядзецца выбіраць, выберу не цябе, а – Беларусь». ​

«І выберу Радзіму» – назваў свой прысьвечаны Чарняўскаму фільм ягоны сябар, рэжысэр Валеры Мазынскі.​

У фільме гучыць песьня «Ах, якія былі Пагоні», прысьвечаная лісоўчыкам – лёгкай ліцьвінскай кавалерыі, што праславілася ў войнах з Расеяй на пачатку ХVІІ стагодзьдзя, а затым пасьпяхова ваявала па ўсёй Эўропе. Тэкст і мэлёдыя створаныя Міхасём Чарняўскім, якому хапала таленту і на песьні.​

Ах, якія былі Пагоні! 

Ах, якія былі баі!

Быццам птушкі, ляцелі коні

На чатыры канцы зямлі!

Мы Масковію шабляй мералі,

Дзідай мералі ціхі Дунай.

Даляцелі б і да Амэрыкі,

Толькі вельмі ж далёкі край…

Не чакайце, шляхотныя пані –

Кавалеры ў стэпе ляжаць.

Будуць вечніцца нашы расстаньні

Без магілы, сьлязы і крыжа.

Хмарка лёгкая качыцай шэрай,

Прыплыві на радзімы парог,

Жменькай дожджу пастукай у дзьверы,

Прашапчы, што вярнуцца ня змог.

Ах, якія былі Пагоні…

www.svaboda.org

Каментаваць