Міхась Раманюк адкрыў свету непаўторны беларускі строй

Вечарына памяці Міхася Раманюка адбылася вечарам 14 студзеня ў Мінску, у галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.



Выступоўца адзначалі вялікі ўнёсак славутага айчыннага мастацтвазнаўцы, мастака і этнографа, загадчыка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў акадэміі Міхася Раманюка (03.01.1944, вёска Кавалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці — 04.09.1997) у даследаванне традыцыйнай матэрыяльнай культуры і народнага мастацтва Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзяў.

 Міхась Раманюк распавядае пра выставу «Беларускі нацыянальны касцюм», што на Каляды 1996 года адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі

Калегі і вучні даследчыка гаварылі пра непаўторную харызму таленавітага педагога і навукоўцы Міхася Раманюка, які захапляў студэнтаў і калег сваёй энергіяй і апантанасцю, вельмі любіў Беларусь, сваю сям’ю, студэнцтва і акадэмію. Ён заўсёды падкрэсліваў сувязь часу і прасторы, праз фальклор і этнаграфію здзяйсняў сучасныя даследаванні, адным з першых пісаў пра вытокі сучаснага беларускага мастацтва. Ён зрабіў агульнанацыянальную справу, бо адкрыў свету ўсю прыгажосць і непаўторнасць беларускіх народных строяў. Ягоная выстава «Беларускі нацыянальны касцюм», якая ўпершыню экспанавалася ў Мінску, а затым ў Парыжы і Ліёне, сталася з’яваю беларускага нацыянальнага мастацтва пачатку 1980-х гадоў.  

 Фрагменты выставы

Гэты няўрымслівы чалавек бясконца ездзіў па краіне, каб адкрыць таямніцы народнага жыцця, паказаць іх беларусам і ўсяму свету. Ён выкладаў у акадэміі, рэдагаваў часопіс «Мастацтва Беларусі», пісаў артыкулы і кнігі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення XIX — пачатку XX стагоддзяў, ствараў сцэнічныя касцюмы для аматарскіх і прафесійных калектываў, у тым ліку для Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Ён быў сярод тых, хто заснаваў школу даследчыкаў традыцыйнай культуры і народнага мастацтва беларусаў.

 Фрагменты выставы

Міхася Раманюка ўспаміналі не толькі як навукоўцу, але і як сябра, паплечніка, добрага дарадца, які ў любы момант можа дапамагчы і параіць, адкрыць свае багатыя архівы. Ягоная майстэрня на паддашку на сталічнай вуліцы Астроўскага  была цёплым домам, дзе сябры і калегі натхняліся, абмяркоўвалі свае эскізы і рабілі новыя творы. Навукоўца запрашаў мастакоў ў экспедыцыі па роднаму краю, каб натхніцца ўзорамі вясковай архітэктуры, прылад працы, посуду і мэблі, вучыў размаўляць з людзьмі, каб яны адкрылі свае куфры, паказалі сямейныя традыцыйныя строі і нават дазвалялі іх прымерыць.  Міхась Раманюк быў адным з тых людзей, хто ствараў нацыянальнае асяроддзе — падмурак самасвядомасці беларусаў.   

 Фрагменты выставы

Вельмі цёпла гаварылі пра свайго настаўніка вучні і паплечнікі Міхася Раманюка.

Так, паводле словаў прафесара акадэміі Яўгена Шунейкі, сваім кароткім, але напоўненым радасцю творчасці і адкрыццяў жыццём, Міхась Раманюк даказаў, што важна не колькі, а як жыць. Шунейка назваў свайго настаўніка «ўзорам навукоўцы, інтэлектуала і патрыёта, маяком, які асвятляе нам жыццё і заўсёды з намі».  

 Фрагменты выставы

Выконваючы абавязкі загадчыка кафедры касцюма і тэкстылю акадэміі, вядомы беларускі мастак Юрась Піскун падкрэсліў, што «свет і дух народнага мастацтва беларусаў адрываўся не кожнаму, а менавіта Міхасю Раманюку, бо ён гэтага вельмі хацеў».  

А рэктар акадэміі Міхась Баразна прапанаваў зрабіць навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці даследчыка, традыцыйнымі.

Міхась Баразна

Падчас вечарыны дэманстраваліся фрагменты дакументальных стужак пра жыццё і творчасць навукоўцы, выступалі фальклорныя гурты і адкрылася выстава «Імя працягвае жыць…», што будзе працаваць да 10 лютага. У экспазіцыі — працы выкладчыкаў і студэнтаў, прысвечаныя памяці даследчыка, а таксама этнаграфічныя матэрыялы з музея акадэміі і мемарыяльныя рэчы Міхася Раманюка.   

Каментаваць