Міхал Анемпадыстаў: У сённяшняй сітуацыі Міжмор’е – палітычна абсалютна нерэальны праект

Апошнім часам мы адчуваем зацікаўленасць да ўкраінскай, польскай культуры, і з іх боку таксама ёсць цікавасць да нас, бо ў нас ёсць падабенствы і агульная культурная спадчына – ВКЛ і Рэч Паспалітая, лічыць культурны дзеяч, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» прыводзіць разважанні мысляра адносна рэгіёна Інтэрмарыюму, ці Міжмор’я, і магчымай ролі нашай краіны ў ім.
Фота: Лятучы ўніверсітэт

Фота: Лятучы ўніверсітэт


У аснове ідэі Міжмор’я — геаграфічнае становішча. Мы знаходзімся на водападзеле, ад нас цякуць рэкі ў Балтыйскае і Чорнае мора, басейны якіх такім чынам спалучаюцца на нашай тэрыторыі.

Падобныя ўтварэнні, якія спалучалі гэтыя басейны,  сталі ўзнікаць яшчэ ў дагістарычныя часы, і першае зафіксаванае з іх — так званы “Бурштынавы шлях” з Усходняй Прусіі ажно ў Рымскую імперыю. Галоўнай артэрыяй гэтага шляху была Вісла. Другое ўтварэнне — шлях “З варагаў у грэкі”. Пазнейшыя “міжморавыя” фармаванні – Вялікае княства Літоўскае, якое таксама было “ад мора да мора”, Рэч Паспалітая, што не толькі спалучала два марскія басейны, але і два розныя дзяржаўныя ўтварэнні.

— Цяпер цікаўнасць да гэтай ідэі не спадае, а наадварот, расце, пра што сведчаць заявы Анджэя Дуды пра намер вярнуцца да ідэі Міжмор’я, — зазначыў Міхал Анемпадыстаў.

Ідэя стварэння Балта-Чарнаморскага рэгіёну не новая. Падмуркі адзінства Польшчы, Літвы (Беларусі) і Русі (Украіны) закладаюцца яшчэ ў часы Крэўскай уніі (1385 г.), і пасля падмацоўваюцца Гарадзельскай (1413), Люблінскай (1569), Гадзяцкай (1658) уніямі, карпарацыяй Канвент Палонія ў 1828 г. Разуменне адзінай дзяржавы прасочваецца і ў філаматаў і філарэтаў. У тры апошнія фармаванні ўваходзілі продкі цяперашніх беларусаў, таму можна сказаць, што найбольш інтэнсіўна ідэя Міжмор’я фармавалася на тэрыторыі Літвы-Беларусі.

У 1832 — 1861 гадах Інтэрмарыюм існуе ў выглядзе так званага плана Адама Чартарыйскага. Але, па словах Міхала Анемпадыстава, “досыць хітра”: Літва і Русь там не згадваюцца, у разуменні Чартарыйскага гэта ўсё Польшча, да якой ён прыцягвае Чэхію, Славакію, Румынію Венгрыю і ўсіх паўднёвых славян. Аднак план Чартарыйскага ў 1861 годзе распаўся з-за браку фінансавання. Але сама ідэя Міжмор’я з гэтым не знікла.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя яна адыходзіць на другі план, а наперад выходзіць палітычная і сацыяльная барацьба. Сітуацыя змяняецца з рэвалюцыяй 1905 года, калі зноў адбываецца рост нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У 1904 годзе англічанін Хэлфард Маккіндэр агучвае канцэпцыю Хартлэнду —  “сярэдзіннай зямлі”. Яна палягае на тым, што агромная частка еўразійскай сушы не мае выйсця да басейнаў Балтыкі і Чорнага мора. Паводле Маккіндэра, існуе Рымлэнд — Еўропа, і гэты самы Хартлэнд — Расія, якая з усіх бакоў адрэзаная ад цывілізацыйных кантактаў прыроднымі перашкодамі, і адзіны “ключ” да Хартлэнда палягае з Рымлэнда праз Усходнюю Еўропу.

— Гэты Хартлэнд накладаецца на цяперашняе расійскае еўразійства, галоўным ідэолагам якога цяпер з’яўляецца Дугін і ў выніку якога ўтварыўся ЕАЭС, — звяртае ўвагу Міхал Анемпадыстаў. — Адбылася перамога еўразійства, і вельмі важна, што ў гэта ўцягнута Беларусь. Бо без Беларусі тут “еўра-“ няма і ўсе гэтыя палітычныя праекты не працуюць.

Досыць паслядоўна ідэю Міжмор’я спрабаваў рэалізаваць Юзаф Пілсудскі, які лічыў, што такая канфедэрацыя дапаможа пазбегнуць дамінавання Германіі і Расіі. А яшчэ раней за Пілсудскага, у 1916 годзе, падобную мадэль Балта-Чарнаморскай садружнасці прапанаваў дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння Антон Луцкевіч, які мроіў стварыць нешта накшталт злучаных штатаў.

Аднак у рэалізацыі Міжмор’я была вельмі незацікаўлена Савецкая Расія. Пакрысе да яе адышлі Украіна і Беларусь, Літва (зрэшты, як і цяпер) вельмі насцярожана паставіліся да такога геапалітычнага праекту, і ідэя не тое што згасла, а маргіналізавалася. Пасля распаду Савецкага Саюза зноў пачала ўзнікаць тэма Міжмор’я, але далей за размовы справа так і не дайшла.

— Для мяне ў сённяшняй сітуацыі палітычна гэта абсалютна нерэальны праект, і калі яго разглядаць, то толькі ў культурніцкім плане і ў галіне экалогіі, — мяркуе Міхал Анемпадыстаў.

На яго думку ініцыятарам культурнага кірунку магла б выступіць менавіта Беларусь.

— Навошта нам гэта трэба? Каб быў брэнд і каб у шырокім значэнні прадавацца, — падсумаваў дызайнер.


Каментаваць