Адродзім сядзібу Язэпа Драздовіча

З заклікам адрадзіць сядзібу аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Драздовіча ў ягоным былым шляхецкім засценку Пунькі на Глыбоччыне выступіў мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.

Духоўныя сваякі Язэпа Драздовіча ля ягонага надмагілля працы Алеся Шатэрніка

Пра гэта Мікола Купава заявіў 15 кастрычніка падчас вандроўкі пуцявінамі вялікага беларуса — мастака, скульптара, этнографа, археолага і педагога Язэпа Драздовіча, што адбылася з нагоды 128-годдзя з дня ягоных народзінаў (13 кастрычніка 1888 года) на Глыбоччыне.


  Могілкі ў Ліплянах, дзе пахаваны Язэп Драздовіч


Да вандроўкі далучыліся аднадумцы — лінгвіст Наталля Качаноўская і сувязіст Уладзімер Джэйгала з Мінску, грамадская дзяячка Ада Райчонак, краязнаўцы Уладзіслаў Ляскоўскі і Аляксей Петухоў з Шаркоўшчынскага раёна, паэтка Марыя Баравік, краязнаўца Мар’ян Місевіч з жонкай Людмілай, мастак Віктар Арочка, журналісты Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач з Глыбоччыны.

Разам з жыхарамі вёскі Ліпляны яны наведалі магілу вялікага адраджэнца на мясцовых могілках, дзе ўсклалі і высадзілі кветкі. Вандроўнікі пабывалі на месцы, дзе нарадзіўся Язэп Драздовіч,  — у засценку Пунькі, што знаходзіцца прыкладна ў 2 кіламетрах на поўдзень ад Ліплян.


Прамаўляе Мікола Купава



У вёсцы Перадолы мы завіталі ў “Сядзібу, дзе жыве Беларусь”, якая належыць Мар’яну і Людміле Місевічам. Свой бацькоўскі дом пад бел-чырвона-белым сцягам яны прысвяцілі Бацькаўшчыне, яе гісторыі і нацыянальнай сімволіцы, а таксама дзейнасці створанага гаспадаром грамадскага турыстычна-асветнага цэнтру “Рамантык”. У падарунак ад гасціннай сямейкі мінчукі атрымалі восеньскія дары — кветкі і гарбузы.


“Сядзіба, дзе жыве Беларусь” Мар’яна і Людмілы Місевічаў


Як зазначыў ініцыятар вандроўкі Мікола Купава, Пунькі захоўвалі прыстойны выгляд да пачатку стагоддзя, пакуль там жыў засцянковы шляхцюк Артур Адахоўскі. У ягонай гаспадарцы было ўсё патрэбнае для самастойнага існавання, а выжыў спадар Артур пад саветамі толькі таму, што хаваўся ад іх пераследу ў Галубіцкай пушчы. Пасля скону гэтага гаспадара Пунькі здзічэлі.



Мікола Купава захацеў вярнуць гэта знакавае для Беларусі месца і звярнуўся з лістом да міністра культуры Барыса Святлова, які падтрымаў мастака.

Мікола Купава прапануе стварыць у Пуньках мемарыяльную сядзібу-музей “Радзіма Язэпа Драздовіча” з мастацкімі, літаратурнымі і этнаграфічнымі зборамі.


Кветкі і гарбузы мінчукам ад гасціннай Глыбоччыны (справа Людміла Місевіч)


Распрацоўку мастацкай часткі праекту Мікола Купава бярэ на сябе. Для рэалізацыі гэтай задумы ён лічыць неабходным узяць тэрыторыю засценку пад ахову дзяржавы, спыніць там усялякія гаспадарчыя працы, зрабіць абмеры і план Пунек, аднавіць іхны былы краявід, правесці археалагічныя даследаванні на месцы сядзібы Язэпа Драздовіча.

Мікола Купава звярнуў увагу на тое, што мясцовыя ўлады супраць гэтага праекту, і таму праігнаравалі запрашэнне паўдзельнічаць у вандроўцы.


Толькі старая ліпа нагадвае пра месца, дзе 128 гадоў таму нарадзіўся Язэп Драздовіч


Ада Райчонак распавяла пра стварэнне ў роднай вёсцы Германавічы Грамадскага культурна-асветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, Музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча, што з 1996 года праводзяць пленэры памяці мастака. Спадарыня Ада паведаміла, што дагэтуль у вёсцы Дворнава Шаркоўшчынскага раёну жывуць унучатыя пляменніцы Язэпа Драздовіча — Марыя Баравік і Караліна Шыпіла — дзеці брата мастака, земляроба Гаруся, пахаванага ў Лужках. Маці Язэпа пахаваная ў Германавічах, а старэйшы брат Кастусь — у Дворнаве.



Землякі вялікага беларуса падзяліліся ўспамінамі пра яго.

75-гадовая Галіна Шантар з Ліплянаў распавяла, што Язэпа Драздовіча запомнілі хударлявым, высокага росту, у доўгім плашчы з берэтам з воўны на галаве і з ляскай у руцэ. Ён быў вельмі выхаваным, шчырым вернікам, цікава гуляў з дзецьмі. Мастак часта блукаў па лесе, шукаў пянькі для разьбы па дрэве, збіраў, сушыў грыбы і варыў з іх поліўку, а ноччу выходзіў на двор і разглядаў, што дзеецца на зорках. Драздовіч хадзіў па вёсках, па замовах размалёўваў мэблю і пісаў на палатне свае прыгожыя і яркія насценныя дываны з беларускімі кветкамі і роднымі краявідамі. “У кожнай хаце быў такі дыван, а ў нашай — з трыма красналюдкамі (марсіянамі. — М.Г.). Адзін у бубен біў, другі ў трубу трубіў, а што рабіў трэці — не памятаю. За працы браў тое, што давалі, і таму жыў бедна. З ім заўжды быў салдацкі кацялок. Ежу ён гатаваў сам: на вогнішчы ці керагазе. Усе ў наваколлі ведалі Язэпку Драздовіча і паважалі, а некаторыя нават і пабойваліся гэтага дзівака — мастака і вандроўніка”, — сказала жанчына.


Пра вялікага земляка апавядае ягоны сваяк Чэсь Карчэўскі


Паводле словаў далёкага сваяка мастака Чэся Карчэўскага, калі б у яго былі грошы, была б даўно адроджаная сядзіба Язэпа Драздовіча. “Бо духоўна ён мне вельмі блізкі. Гэты вандроўнік , як і я, любіў гісторыю нашага краю і неба над ім, беларускую мову, родную зямлю з азёрамі, крыніцамі, лясамі, палямі, сенажацямі і лугамі, з кожнай сцежачкай, дрэвам, кустом і травінкаю”, — падкрэсліў спадар Чэсь.

Марыя Баравік прачытала свае вершы ў гонар вечнага вандроўніка і назвала тых, каго сабраў Язэп Драздовіч, ягонымі духоўнымі сваякамі, а Наталля Качаноўская звярнула ўвагу на вялікую ролю, што адыгрывае гістарычная беларуская сімволіка, у тым ліку бел-чырвона-белыя стужачкі, значкі з нацыянальным сцягам і гістарычным гербам “Пагоня” ў выхаванні моладзі, якая часцяком нават і не ведае, што гэтыя сімвалы ў 1991–1995 гадах былі дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь.

Мікола Купава запрасіў удзельнікаў вандроўкі зноў сабрацца на радзіме Язэпа Драздовіча вясною наступнага года, каб талакою распачаць працы па адраджэнні сядзібы вялікага беларуса ў Пуньках.

Бюст мастаку ў Глыбокім. Дарэчы, у Траецкім прадмесці сталіцы стаіць адзіны ў Мінску помнік мастаку — менавіта вечнаму вандроўніку Язэпу Драздовічу аўтарства Ігара Голубева


Вандроўнікі шчыра ўдзячныя годнаму нашчадку старадаўняга роду беларускай шляхты гербу “Котвіч” Уладзімеру Джэйгалу, які за стырном машыны забяспечыў вандроўку на 500-кіламетровым маршруце Мінск—Глыбокае—Ліпляны—Пунькі—Перадолы—Мінск.

 

 

Каментаваць