Мілавідскі фэст з караваем і Мужыцкай праўдай (фота)

У Баранавіцкім раёне 2 чэрвеня адбылося вялікае свята «Мілавідскі фэст 2013— памяці паўстанцаў 1863 года».



Мілавідскі фэст. Фота Сяргея Чыгрына


У свяце прынялі ўдзел беларусы з Баранавіч, Мінска, Слоніма, Гродна і іншых гарадоў Беларусі. Сярод гасцей былі вядомыя беларускія барды, гісторыкі, літаратары, мастакі. Спачатку ўсе наведалі Мілавіды, дзе ўсклалі кветкі да капліцы ў гонар паўстанцаў і да памятнага знака — каменя з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску «За вольнасць нашу і вашу». А потым свята працягвалася ў Баранавічах на сядзібе мясцовага ТБМ.

Свята адкрыў старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сірыца, які расказаў пра бітву пад Мілавідамі:

«У сярэдзіне мая 1863 года ў лагеры пад Мілавідамі сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў: Слонімскі (на чале з Ф. Юндзілам), Ваўкавыскі (Г. Стравінскі), Гродзенскі (А. Лянкевіч), Навагрудскі (В. Міладоўскі), Пружанскі (Ф. Уладак). Лагер паўстанцаў знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст—Бабруйск. Камандаванне аб'яднанымі сіламі ўзяў на сябе А. Лянкевіч. 21 мая паўстанцкія сілы ў мілавідскім лагеры інспектаваў Кастусь Каліноўскі.

На падаўленне паўстання царскія ўлады кінулі войскі са Слоніма і Нясвіжа. Першай падышла калона са Слоніма (3 роты Стараінгерманландскага пяхотнага палка з 4 гарматамі і коннай групай) на чале з падпалкоўнікам Булгарыным.

22 мая (3 чэрвеня) расійскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі адступілі на зыходныя пазіцыі, страціўшы 50 чалавек забітымі і параненымі. Хутка ім на дапамогу падаспела калона з Нясвіжа (2 роты Новаінгерманландскага палка), і назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер і разышліся ў розныя бакі (іх страты — 18 чалавек). Такім чынам, паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі.

Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы паводле загаду Булгарына былі пахаваны каля шашы ў розных магілах».

У гэты дзень на фэсце выступалі гісторык Язэп Янушкевіч, мясцовыя краязнаўцы, барды Зміцер Бартосік і Віктар Шалкевіч. Дарэчы, бардаў на фэсце апранулі ў беларускае адзенне XIX стагоддзя.

Усе ўдзельнікі фэсту паглядзелі выступленні рыцараў з Баранавіч, частаваліся караваем, выпечаным так, як пяклі ў тыя часы.

Да фэсту былі выдадзены прыгожыя паштоўка, буклет і спецыяльны нумар «Мужыцкай праўды».

Фота аўтара

 

 

Каментаваць