Міністэрства культуры прыслухалася да Астаповіча

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры задаволіла прапановы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб ўнясенні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь шэрагу культавых збудаванняў.



Пра гэта паведаміў НЧ старшыня таварыства Антон Астаповіч. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра праваслаўныя і рыма-каталіцкія святыні Слонімскага і Лідскага раёнаў Гродзенскай вобласці, якія атрымалі статус помнікаў мясцовага значэння (трэцяй катэгорыі). 

Гэта царква Крыжаўздвіжанская першай паловы XIX стагоддзя з вёскі Збочна, царква святога Іллі першай паловы XIX стагоддзя з вёскі Клепачы, царква Раства Багародзіцы першай паловы XIX стагоддзя з вёскі Міжэвічы, царква святога Георгія сярэдзіны XIX стагоддзя з вёскі Пасінічы, царква святой Параскевы Пятніцы пачатку XIX стагоддзя з вёскі Старадзевяткавічы і царква святога Іллі першай паловы XIX стагоддзя з вёскі Сурынка (усе — на Слонімшчыне).

Названыя храмы месцяцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Слонімскага раёна, узведзены з дрэва практычна ў адзін храналагічны перыяд (з пачатку да сярэдзіны XIX стагоддзя),  уяўляюць сабою храмы базілікальнага тыпу, аднанефавыя, падоўжана-восевай кампазіцыі, аднаапсідныя. У архітэктурным вобліку цэркваў спалучаецца беларуская народная традыцыя і рысы прафесійных архітэктурных стыляў — барока і класіцызму. Гэтыя помнікі вылучае ўнікальная архітэктура, знаходжанне практычна ў адной частцы Слонімшчыны, удалая прывязка да навакольных пабудоў і акаляючага ландшафту, што робіць храмы архітэктурнымі дамінантамі гістарычных частак вясковых паселішчаў, дзе   яны ўзведзеныя.

Мураваны касцёл Перамянення Панскага 1932 году з вёскі Ваверка, што на Лідчыне, — прыклад міжваеннай архітэктуры на землях Заходняй Беларусі, у якой спалучалія рысы шматлікіх гістарычных стыляў дойлідства. Такое спалучэнне прывяло да фарміравання своеасаблівага, характэрнага для гэтага рэгіёну і перыяду архітэктурнага рамантызму ў драўляным і мураваным дойлідстве.

Як адзначыў Астаповіч, папаўненне спісу спадчыны новымі помнікамі культавай архітэктуры сведчыць пра тое, што не праходзіць дарма экспедыцыйная праца, якую Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ажыццяўляе ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Каментаваць