Мінкульт не супраць «Смерці Сталіна»

Начальнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Аляксандр Рыдван заявіў Tut.by, што фільм «Смерць Сталіна» можа быць паказаны ў беларускіх кінатэатрах – Мінкульт ня супраць. Нагадаем, што стужка выклікала шал у Расіі, пасля чаго была там забароненая.
У час прагляду фільму адмыслоўцамі Мінкульту ніякіх парушэнняў заканадаўства Беларусі ня выявілі, дадаў Аляксандр Рыдван. Дадаткова накіроўваць стужку ў рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і экстрэмізму ён не лічыць мэтазгодным.

Прэсавая сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава пацвердзіла, што спецыялісты міністэрства паглядзелі фільм і не пярэчаць, каб «Смерць Сталіна» была паказана ў кінатэатрах краіны. Спецыялісты не знайшлі падставаў, каб накіроўваць фільм у Рэспубліканскую экспэртную камісію па папярэджанні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.



Дырэктарка па рэпертуарным планаванні сеткі SilverScreen Анастасія Гурына пацвердзіла, што яны атрымалі «дабро» ад Міністэрства культуры.

Мы вельмі радыя, што беларускія чыноўнікі зрабілі крок наперад, адмовіліся ад цэнзуры, як гэта здарылася ў Расеі. У нашых кінатэатрах фільм пакажуць з 8 па 21 лютага ў кінатэатрах Silver Screen у гандлёвых цэнтрах Galileo и Dana Mall. Літаральна праз пару гадзін мы выставім на сайце нашай сеткі кінатэатраў, — кажа Гурына.

Ці возьмуць фільм у пракат дзяржаўныя кінатэатры, пакуль невядома.

Сусветная прэм'ера брытанскай сатырычнай камэдыі «Смерць Сталіна» адбылася ў верасні 2017 году. Сюжэт кінакарціны засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасля смерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе. Фільм атрымаў высокія ацэнкі крытыкаў: 97% пазітыўных рэцэнзіяў на Rotten Tomatoes і 8.3 балы з 10, а таксама 88 балаў са 100 на Metacritic.

Паводле Радыё Свабоде


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць