Мінск Барыса Аракчэева

Жыць успамінамі, памятаць, любіць чалавека, адчуваць яго прысутнасць унутры душы і чуць падказкі — так адбываецца тады, калі побач няма самых блізкіх людзей, але ж глыбінная сувязь застаецца нязменнай.


Мастачка Аксана Аракчэева, дачка Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева, пра нябачную, цесную сувязь з бацькам расказвае з усмешкай. У яе жыцці бацька адыгрываў важную ролю, акрамя гармоніі ў сям’і, дабрабыту і шчаслівага дзяцінства, ён падарыў ёй урокі мастацтва, ведамі ад якіх Аксана Аракчэева карыстаецца да сённяшняга дня. За гэта і дзякуе роднаму чалавеку.

На працягу года Аксана Аракчэева рэалізоўвае мастацкі праект, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння яе бацькі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева.


Першая выстаўка адбылася ў красавіку, яна пазнаёміла мінчан з работамі аўтара, якія не выстаўляліся раней. Наступная экспазіцыя «Яраславія» дэманстравалася летам, тут былі  работы, прысвечаныя радзіме аўтара. Ну а цяпер у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага дэманструецца выстава «Мінск Барыса Аракчэева», якая адкрывае погляд аўтара на горад, дзе ён здзейсніў адну з галоўных мар — стаў мастаком.

Выстава ўяўляе сабой рэтраспектыўны погляд на Мінск. На палотнах аўтара захоўваюцца элементы горада, якіх сёння ўжо не сустрэнеш. Кожная работа практычна гістарычны дакумент, факт, які дазваляе ўспрымаць сталіцу без люстраных бізнэс-цэнтраў, глянцавых вітрын фірменных магазінаў і патоку дарагіх аўтамабіляў. У гэтым напэўна адна з галоўных каштоўнасцей выстаўкі.


Палотны ў экспазіцыі ахопліваюць абсалютна ўсе поры года. Тут можна апынуцца ў восеньскім парку альбо выйсці на вуліцу зімовай, марознай раніцай ці вярнуцца на тыдзень-два раней і зноў убачыць летняе сіняе неба. Гуляеш па выставачнай залі і разумееш, што для Барыса Аракчэева Мінск быў месцам, дзе жыццё не сціхала нават ноччу, дзе з нараджэннем наступнага дня з’яўлялася абсалютна новыя мэты і жаданні.

Для аўтара магчымасць захоўваць гісторыю была важная. Колькі ў яго жыцці было момантаў, калі ён праходзіў па вуліцы бачыў пэўнае дзеянне і зноў вяртаўся дадому, каб хутчэй у руку ўзяць пэндзаль. Напрыклад, работа «Ужо не патрэбныя. Парк Горкага» была зроблена ў дзень, калі мастак ішоў па парку і ўбачыў дэмантаваныя скульптуры, якія калісьці ўпрыгожвалі лесвіцу на вуліцы Карла Маркса. Адразу ж узнікла жаданне захаваць гэтых цудоўных істот хоць бы на палатне. А карціна «Раніца працоўнага дня» дэманструе звычайную мітусню зімовага горада, дзе цемра яшчэ не сышла, і толькі актыўнасць на вуліцы нагадвае, што скора пачне святлець. На гэтым жа палатне ёсць і маленькая Аксана Аракчэева, якая абуджаючыся марозным паветрам, ідзе ў дзіцячы садок. А на палотнах «Дворык кансерваторыі», «Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі» мастак адлюстроўвае этапы разбурэння былога гарадскога тэатра — помніка архітэктуры XIX стагоддзя.


На многіх работах мастака мы бачым Плошчу Свабоды (раней Саборную плошчу), якая заўсёды заставалася цэнтрам самых маштабных падзей горада. Тут адбываліся масавыя гулянні альбо афіцыйныя мерапрыемствы.  Мастак, як чалавек дапытлівы і актыўны, хутчэй спяшаўся захаваць гэтыя падзеі ў скарбонцы. З вокнаў майстэрні ён сачыў за жыццём горада, які заварожваў і натхняў яго ў любую пару года.

Мастак Барыс Аракчэеў акрамя таго, што ўвайшоў у свет мастацтва, стварыў унутры творчага працэсу менавіта свой уласны свет і атмасферу, якая безумоўна прываблівае, захапляе энергетыкай любові да жыцця. Дзякуючы Аксане Аракчэевай, творчая спадчына яе бацькі не пакінута на паліцах  майстэрні, а выходзіць за межы. І гэта ўнікальная магчымасць  для аматараў мастацтва глыбей раскрыць асобу таленавітага аўтара, мастацтва для якога стала жыццём.

Выстава будзе працаваць у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага да 18 верасня.


Каментаваць