Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Новы калядны прынт Волі Кузьміч прысвечаны схаванаму сэрцу беларускай сталіцы

Мастачка Воля Кузьміч стварыла да Калядаў прынт «Менск» у пару выдадзенаму раней «Мінску».

Назва Мінск беларускай сталіцы была афіцыйна зацверджаная толькі 77 год таму, 29 ліпеня 1939 года пастановай Вярхоўнага Савету БССР горад быў перайменаваны ў Мінск. Але яшчэ ў пачатку 2000 у самым цэнтры гораду захоўваліся сляды «Менску». Насупраць дому Ураду ажно да рэканструкцыі плошчы Незалежнасці ляжаў люк каналізацыі з надпісам «Менск». Нехта з рабочых знёс яго і захоўвае цяпер да лепшых часоў.



«Менск – гэта не толькі гісторыя, гэта і мы сёння, – разважае мастачка Воля Кузьміч. – Мяне зачароўвае метафара з трэку «Схаванае сэрца» гурта IQ48 на словы Міхала Анемпадыстава: «Менск – схаванае сэрца беларускай сталіцы».


Слядоў гісторыі ў горадзе ўсё меней, не так проста нават адшукаць будынак, старэйшы за 1939 год, які б памятаў першую назву беларускай сталіцы.


«Мінск – сёння такі, якім мы яго любім, якім прымаем: старанна зачышчаны, сустракае з перону савецкім ампірам, паголенымі дрэвамі і шырокай панэльнай прасторай. Але Менск – схаваны ў Мінску. Гісторыя старажытнай еўрапейскай сталіцы дае ўрадлівую глебу для нараджэння сучаснай гарадской культуры», – гаворыць ілюстратарка.


«Сьвеціць тварам у твар мне горад герой,

Але ёсьць яшчэ іншы, але ёсьць яшчэ той,

Занядбаны, забыты, зацюканы брат,

Горад прыцемкаў, горад вар’ят.

Ён адкрые на хвілю свой скрыўлены твар,

Тады, калі восень і дрэваў пажар

Ужо дагарэў, і калі да зімы

Вымылі неба дажджы».

...

Міхал Анемпадыстаў



Новыя прынты «Менск» і «Мінск» выйшлі да святаў на паштоўках, магнітах і кубках. Набыць сувеніры можна ў краме «Кропка» на вуліцы Зыбіцкай, у «MushiShop» на Нямізе ды ў краме «Галерэі Ў».

generation.by

Каментаваць