Мінск у ценю Палесся: новы сезон спеўнага сходу (фота, відэа)

Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым распачаў новы сезон і адначасова — праект «Традыцыя». У Мінск завітаў гурт «Церабяначка» з Пінскага раёна.

Як распавёў Сяржук Доўгушаў, з палескімі спявачкамі ён пазнаёміўся сёлета на Троіцу, калі трапіў да іх на абрад ваджэння Кусты (НЧ пра яго пісаў). Жанчыны ўразілі яго сваімі песнямі і душэўным прыёмам, і вось атрымалася запрасіць іх у Мінск. За прышчэпленую прагу да этнаграфічных экспедыцый Сяржук падзякаваў даследчыцы Ірыне Мазюк, якая вывучае беларускую традыцыйную культуру ўжо амаль 20 гадоў. Ірына, у сваю чаргу, распавяла, як трапіла ў Церабень на пачатку сваіх палявых выездаў, а потым — у апошнія гады.


Файна, што песні не згубіліся, — кажа даследчыца. — Іх усё так жа спяваюць, ашчадна захоўваюць. І гэта нават у абрадавых песнях не адзінагалоссе, а гетэрафонія, там вельмі тонкія гукі”. Больш познія, пазаабрадавыя песні жанчыны спяваюць на 2 галасы. Пэўна, каб не “перанапружваць” публіку акурат іх і абралі для развучвання: “Там за гаем зеляненькім”, “Ой, шчо гэто за верба” з позняга пласта лірыкі можна пачуць амаль па ўсёй Беларусі. А вось са жніўнай “Ой жала я нэ лежала” складаней, яна без спеўнай падтрымкі “Церабяначкі” ў наведвальнікаў Спеўнага схода не атрымалася.


Як распавяла на пачатку сустрэчы Ірына Мазюк, вёска Церабень праз асаблівасці навакольнага ландшафту была даволі ізаляванай, што садзейнічала захаванню старажытных песень. Акрамя трох вывучаных з публікай жанчыны выканалі радзінную песню, вясельныя, вясновую, яшчэ адну жніўную.



Прадэманстравалі мінскай публіцы і абрад ваджэння Кусты. Ён пачаўся з пошуку дзяўчыны, ахвочай на гэту ролю. Быццам бы пабыўшы Кустай можна хутка пайсці замуж. Мабыць, дзяўчаты такое сваё жаданне дэманстраваць саромеліся, таму ў выніку лісцем і вяночкам упрыгожылі школьніцу, якая пад спевы “Церабяначкі” абышла залу, збіраючы падарункі. У асноўным давалі грошы, нехта пачаставаў дзяўчыну шакаладкай. Прагучала пытанне, што даюць спявачкам у іх роднай вёсцы. “Частуюць, — адказалі жанчыны. — Хто яйкамі… А ў вас жа ў Мінску яек няма!


Публіка сабралася рознага ўзросту, прыйшлі і ўдзельнікі спеўных гуртоў, і навукоўцы, і хіпстэры, і проста аматары. Некаторыя ўжо былі ў Церабні ў гасцях. Жанчыны запрашалі прыязджаць яшчэ, на Каляды, на Троіцу і проста ў госці.

У межах праекта “Традыцыя” плануецца акрамя звыклых спеўных сходаў выданне дыскаў, на што каманда праекту збірае грошы на краўдфандынгавай платформе “Талака”. Падтрымаць праект можна тут.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць