«Мінскае кола» па шляхецкіх сядзібах — ужо 25 лістапада

Усіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй запрашаюць у цікавую і насычаную вандроўку па маршруце: Менск — Прылукі — Гарадзішча — Новае поле — Сёмкава — Лагойск — Смілавічы — Менск. Вядучы экскурсіі — Павел Каралёў.



Сотню гадоў таму пад Менскам жылі сусветна вядомыя людзі: кампазітары, навукоўцы, мастакі, якія вярталіся ў родныя мясціны пасля навучання і вандровак па Еўропе. Пад уплывам апошніх еўрапейскіх плыняў у архітэктуры і мастацтве, яны будавалі пад Мінскам свае сядзібы. Сярод іх — сусветна вядомы кампазітар Станіслаў Манюшка, фатограф Ян Булгак, мінскі гарадскі галава Караль Чапскі, апошні мінскі ваевода Адам Хмара. А таксама — прадстаўнікі вядомых шляхетных радоў Ельскіх, Ваньковічаў, Тышкевічаў і шмат якія іншыя вядомыя асобы. Іх імёны напоўняцца для вас новым сэнсам, калі вы далучыцеся да унікальнай экскурсіі!

Падчас вандроўкі "Мінскае кола" мы, натуральна, зробім кола вакол беларускай сталіцы, каб наведаць і пабачыць гістарычныя мясціны:

  • рэзідэнцыю апошняга мінскага ваяводы ў Сёмкава, 
  • унікальны захаваны архітэктурны ансамбль ў вёсцы Новае Поле,
  • колішняе ўладанне знакамітых братоў Тышкевічаў у Лагойску,
  • палацава-паркавыя комплексы Чапскіх у Прылуках і Манюшак у Смілавічах.


Таксама да 950-годдзя Менску мы наведаем Гарадзішча — унікальнае месца на рачулцы Менцы, адкуль першапачаткова пачынаўся наш горад, і першымі ўбачым новы помнік.

Гэтая вандроўка таксама будзе аздобленая жывым акампанементам на скрыпцы! У музеі Хаіма Суціна ў Смілавічах будуць выкананыя вальсы Станіслава Манюшкі і яго творы “Праснічка” і “Арыя з курантамі з оперы “Страшны двор”. Прагучыць і “Развітанне з Радзімай” Міхаіла Клеафаса Агінскага. 

Напрыканцы вандроўкі пройдзе тэматычны конкурс з прызамі.

Запіс на вандроўку і ўся дадатковая інфармацыя па тэлефоне: +375-29-755-68-85.



Каментаваць