Мітрафан Доўнар-Запольскі — даследчык гісторыі трох народаў

Выстава пад такой назвай адкрылася 14 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



ЦНБ прадставіла каля ста адзінак захавання XVIII–XXI стагоддзяў са сваіх фондаў: працы Доўнар-Запольскага (кнігі, артыкулы, рэцэнзіі), у тым ліку прыжыццёвыя выданні, літаратуру пра жыццё і дзейнасць даследчыка, кнігі з яго аўтографамі і пячаткамі з асабістага кнігазбору навукоўцы, фотаздымкі і ўспаміны з асабістага архіва вядомага беларускага гісторыка і археографа Мікалая Улашчыка.

Дэманструюцца таксама копіі дакументаў з Санкт-Пецярбургскага філіяла Архіва Расійскай акадэміі навук, Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Украіны, Дзяржаўнага архіва горада Кіева, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі.Прычым многія з гэтых дакументаў прадстаўлены ўпершыню.

Падчас адкрыцця выставы навукоўцы Беларусі, Украіны і Расіі адзначалі, што Доўнар-Запольскі стаяў у вытокаў беларускай нацыянальнай ідэі, падкрэслівалі маштабнасць і грунтоўнасць дзейнасці гісторыка, характарызавалі яго як знакаваю постаць, якая аб’ядноўвае народы трох краін, прапанавалі стварыць міждзяржаўную камісію па выданню яго спадчыны і акадэмічнай біяграфіі, а таксама стварыць мастацкія творы, прысвечаныя гэтай выбітнай асобе. Выступоўцы называлі яго чалавекам неверагоднага патэнцыялу і веры, асобай, якая можа згуртаваць нацыю, заснавальнікам беларусазнаўства, адным з першым навукоўцаў, які ўбачыў магутны патэнцыял беларушчыны.

Адкрывальнік асобы Доўнар-Запольскага, доктар філілагічных навук Арсень Ліс падкрэсліў вялікую ролю гісторыка ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. “Як чалавек дэмакратычных перакананняў, ён шукаў ісціну і ўсё жыццё ішоў за ёю”, — сказаў Арсень Ліс. — Ён прапанаваў больш дакладна вывучыць бакінскі перыяд дзейнасці даследчыка, супраць якога выступалі ўлады БССР і называлі ”бацькам беларускіх нацдэмаў”.

Арсень Ліс

Мітрафан Доўнар-Запольскі (14.06.1867, Рэчыца Мінскай губерні – 30.09.1934) — заснавальнік беларускай нацыянальнай гісторыяграфіі, выбітны этнограф і эканаміст. Доктар гістарычных навук, прафесар. Працаваў у Беларусі, Украіне, Расіі і Азербайджане. На падставе аналізу гістарычных, этнаграфічных і эканамічных фактараў абгрунтаваў права беларускага народу на суверэннасць. Даказваў неабходнасць выдання “Метрыкі ВКЛ” як фундаментальнай крыніцы для засваення грамадзянамі Беларусі айчыннай гісторыі. Закончыў абагульняючае даследаванне “Гісторыя Беларусі”, у якім разгледзеў шляхі, пройдзеныя беларускім народам ад эпохі першабытнага ладу да пачатку 1920-х гадоў. Але ў 1926 годзе рукапіс у друк не трапіў, а ўбачыў свет только ў 1994 годзе. Да гэтай пары невядома, ці напісаў гісторык раздзелы, прысвечаныя XVII і XVIII стагоддзям.

Каментаваць