“Паланэз–2014” у Слоніме

У Слоніме адбыўся міжнародны фестываль “Паланэз-2014”. Праходзіў ён ужо дзесяты раз. У ім прынялі ўдзел 33 музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадаў Беларусі, а таксам з Літвы і Польшчы.



Месца фестывалю выбрана невыпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза "Развітанне з радзімай". У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя — канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа складаў музыку.

 Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і некалькі будынкаў той эпохі, а таксама мемарыяльная шыльда, адкрытая нядаўна на будынку Слонімскага драматычнага тэатра. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень іграў паланэз, як сігнал дакладнага часу.

Фестываль пачаўся традыцыйна ад пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Дома культуры. Там паланэзы Агінскага гучалі ўсюды: на сцэне, у грымёрках, на лесвіцы. Паланэзы гралі, танцавалі, спявалі на розных мовах. Па сутнасці, гэта фестываль аднаго твора, але ў кожнага выканаўцы ён гучаў па-рознаму, таму свята — ужо нешта большае, чым проста прыгожая музыка. Праўда, гучалі на свяце і іншыя музычныя творы польскіх, беларускіх і літоўскіх кампазітараў.

Фестываль адначасова працягваўся і пад адкрытым небам на набяражнай канала Агінскага. Дарэчы, у XVIII стагоддзі слонімскі мецэнат Агінскі практыкаваў выступленні свайго тэатра на самім канале.

Фота аўтара

Каментаваць