«Мерада»: крок да запаветнай мары

Думкі пра запіс і выданне сольнага альбома бударажылі выканаўцаў з гурту «Мерада» доўгі час. І вось нарэшце альбом «Проста вер» прадстаўлены слухачам. Ці ўдаўся гэты эксперымент музыкантам?



"Мерада"


Памятаю 1980–1990-я гады, калі Сціў Крамер — цяпер лідар гэтага гурта — пачынаў творчы шлях у маладым беларускім шоў-бізе ў якасці журналіста і музыканта-пачаткоўца. Ужо тады, працуючы ў гурце «Бонда» гукарэжысёрам, ён зразумеў важнасць якасці запісу, як і важнасць захавання нацыянальнай музычнай спадчыны сучаснасці.

Праз гады Сціў і Ганна Крамеры, ужо ўдзельнікі гурта «Мерада», паставілі перад сабой мэту набыць адпаведнае выканаўчае майстэрства і музычныя веды: Сціў — як гітарыст-блюзмэн і мультыінструменталіст, Ганна — як вакалістка.

Як толькі гэтая першапачатковая мэта была дасягнутая, музыкантаў захапіла звышмэта — ствараць беларускую сучасную музыку на сусветным узроўні. Крокам да мары музыкантаў гурта «Мерада» і стаў іх дэбютны дыск «Проста вер», выдадзены на фірме «ВІГМА».

Мы жывём у час, калі адбываецца новая камунікацыйная рэвалюцыя ў музычным бізнесе, калі прадзюсеры кажуць музыкантам, што эра СD скончылася, надышла эпоха інтэрнэту.

Не адмаўляючы магчымасцяў і карысці Сусветнага Павуціння, заўважым, што для паўнавартаснай раскруткі выканаўцаў не будзе лішнім і стары добры кампакт-дыск з музычным матэрыялам, над якім можна было б паразважаць, вызначыць памылкі і хібы, прэзентаваць альбом людзям, ад якіх залежыць ратацыя песень на радыё ці ў тэлеэфіры.

Так мыслілі выканаўцы з беларускага гурта «Мерада», калі вырашылі выйсці са сваім альбомам «Проста вер» да слухачоў і філафаністаў (калекцыянераў дыскаў) з інтэрнэту, дзе яны ўжо маюць дастатковую вядомасць. Ці ўдаўся гэты эксперымент музыкантам?

Першая ж кампазіцыя альбома «Проста вер» «Ваяр Святла» наводзіць слухача на сур’ёзны лад. Гэтая музыка далёкая ад сённяшняга мэйнстрыму, а створана для ўважлівага слухання і суперажывання. Кантрастная структура гэтай кампазіцыі, у якой меладычны запеў змяняецца эмацыйным прыпевам, дапамагае лепш успрыняць тэкст кампазіцыі.

Музыканты не хаваюць таго, што песня «Ваяр Святла» — гэта адказ гурту «Ляпис Трубецкой» і іх «Воину Света», але са свайго музычнага светапогляду. Своеасаблівую аўру гэтай песні ствараюць аранжыроўка і выкарыстанне шматлікіх гітар і выканаўчых прыёмаў, у вартасці якіх змогуць разабрацца і ацаніць адзінкі з тых, хто будзе слухаць кружэлку.

Такая архаічнасць гучання, недасягальная для вушэй сённяшніх аматараў «танцавальных блокбастэраў», можа саслужыць дрэнную службу выканаўцам, якія толькі ўваходзяць на айчынны музычны рынак. А ён настойліва патрабуе элементаў знаёмага большасці слухачоў гучання, рытмаў. Затое знаўцы і слухачы гітарнага «олд-скула» будуць задаволеныя: на запісе ёсць і акустыка, і steel-guitar, Сціў любіць граць са слэйдэрам на электрычных гітарах і іншых інструментах, у тым ліку і на рэдкім для нашай краіны электрычным «Хэманд-аргане»… Шкада, што такіх прыхільнікаў «року для дарослых» (AOR) нашмат менш, чым тых, хто гатовы ўсю рок-музыку мінулага называць «адстоем». Да гэтага варта быць падрыхтаваным сур’ёзным выканаўцам, у тым ліку і музыкантам гурта «Мерада».

Яшчэ адно нямоднае захапленне музыкантаў — фолк-рок з элементамі папулярнай у ЗША музыкі кантры і соул-спеваў. Тая песня на альбоме мае назву «Дзень народзінаў вясны». Парадокс, але калі паслухаць гэтую кампазіцыю пасля песень, напрыклад, гуртоў «KRIWI» ці «Ліцьвіны», то музыка «Мерады» падасца занадта амерыканізаванай, у якой чуваць уплывы кантры Д. Мітчэл, Д. Партан ці больш сучаснай Т. Свіфт. А вось на фоне гэтых выканаўцаў, іх мелодый і спосабы аранжыроўкі дуэта Сціва і Ганны Крамер выгадна вылучаюцца беларускім меладычным каларытам. Гэты парадокс не адмяняе абавязку сапраўдных беларускіх музыкантаў у будучым рабіць свае творы яшчэ больш нацыянальнымі па духу і зместу.

Бо, напрыклад, блізкая фолк-року ў яго квазіфэнтэзійным варыянце (вельмі пашыраным на расійская фолк-сцэне, літаратуры і кіно) кампазіцыя «Вядзьмак» некаторыя зацікаўленыя слухачы разглядаюць як крок у бок ад беларушчыны, хоць тэкст і аранжыроўкі кампазіцыі ствараліся ў разліку на іх. Якім чынам пазбегнуць новых хібаў і ўвабраць у сваю творчасць сучасныя рысы, якія б мелі нацыянальныя карані і пазнавальны каларыт, — гэта ўжо мэта чарговага альбома.

Увогуле, для гурта «Мерада» характэрна стварэнне песень незвычайнай для айчыннай рок-сцэны тэматыкі. Маю не ўвазе песню «Цягнік», створаную ў стылістыцы road-songs (песні для тых, хто ў дарозе). Тут рытмы кантры-біта, прыгожыя гітарныя сола Сціва Крамера ствараюць атмасферу настальгіі па родным краі, з якім не параўнаецца ні адна заморская краіна і яе райскія краявіды.

Асноўным аўтарам тэкстаў альбома з’яўляецца вакалістка гурта Ганна Крамер (яна, бывае, стварае тэксты і ў суаўтарстве разам з паэткамі Н. Гулак, А. Спрынчан і лідарам гурта С. Крамерам). Аўтару блізкія розныя тэмы, але найбольш пераканаўчымі можна назваць яе радкі пра каханне. Сапраўды, у песнях «Рака кахання», «Адзіны ты», «О, няхай вандруе любоў» можна адзначыць пераканаўчыя ўзоры так званай жаночай рок-паэзіі — пранікнёнай і эмацыянальнай, якая дазваляе прадэманстраваць вакальныя магчымасці салісткі. У гэтых песнях Ганне дапамагаюць бэк-вакалісткі Г. Янушкевіч, В. Расолька, Ю. Скварцова, Г. Якаўлева і іншыя сябры гурта. А на адной з кампазіцый («Адзіны ты») побач з вакалам Ганны саліруе легендарны вусны гармонік Ігара Варашкевіча. Недзе стылістычна блізкай да папярэдняй кампазіцыі адзначу песню «Бывай», якую па аранжыроўках і гітарных пасажах Сціва можна назваць наследаваннем гурту «Бонда», да творчасці якога музыкант мае вялікі сантымент.

А вось загалоўную «Проста вер» і філасофскую «Срэбны анёл» можна назваць эмацыянальнымі полюсамі альбома. Бо ў першай з іх спляліся стары блюз і славянская мелодыка і рытм, больш характэрныя для дахрысціянскіх спеваў. Магчыма, дзякуючы гэтым якасцям кампазіцыі, песня стала хітом і была ўганаравана першым месцам на Кіеўскім блюзавым радыё-фэсце. А цяпер і беларускія слухачы могуць з ёй пазнаёміцца, прычым на роднай мове.

Калі песня «Проста вер» мае багатую рытмічную структуру і незвычайнае для гурта выкананне, то «Срэбны анёл» — кампазіцыя з найбольш узвышаным сімвалізмам, глыбокімі думкамі і развагамі, якія характэрны для чалавека, які шмат перажыў стратаў, доўгія гады падарожнічаў і жыў на чужыне і ўрэшце вярнуўся на родную зямлю.

Сэнс гэтых перажыванняў і вытокі светлага суму, якая прысутнічае ў гэтай і іншых кампазіцыях альбому становіцца зразумелым, калі слухач убачыць у буклеце фота сур’ёзнага маладога чалавека ў чорнай жалобнай рамцы і надпіс: «Альбом прысвячаецца майму сыну Алану (1980–2013)». Алан трагічна загінуў у аўтакатастрофе.

Абмеркаванне:

  • Уладзімір
  • 2015-08-23 14:01:08
Знайшоў дыск на глярэі "Ў", цяпер слухаю. Афігіцельна прафэсыйны падыход да запісу, але чаму ў сеціве мала інфармацыі пра гурт. Затое на радыё "Сталіца" яны ўжо каторы
месяц у топ-10 http://radiostalica.by/peredachi/interactive/veday-nashykh/ з найноўшай песьняй "Твой шанец"

Каментаваць