«Млын» разгарнуў свае крылы (шмат фота)

25 жніўня на тэрыторыі Музейнага комплексу старажытных народных рамёстваў і тэхналогій адбыўся фэст «Млын», прымеркаваны да свята Трох Спасаў. Як і належыць народнаму святу, фэст «Млын» быў распачаты малебнам у гонар свята Трох Спасаў.



Гурт Крамбамбуля


Падчас малебну ў гонар свята Трох Спасаў праваслаўны святар асвяціў дарункі беларускай зямлі. А гэта садавіна і гародніна, беларускі мёд, хлеб з жыта новага ўраджаю і іншыя смачныя і карысныя прадукты.

Наведвальнікі фэсту спяшаюцца ў Дудуткі

Пасля гасцей фэсту запрасілі ў якасці экскурсіі наведаць канюшню, у якой утрымліваюцца дудуткаўскія коні. Гэта і беларускія вупражныя, і рускія верхавыя, і арабскія скакуны… Сярод гэтых прыгажуноў самую пільную ўвагу наведвальнікаў, асабліва дзяцей, прыцягваў сапраўдны волат — конь беларускай пароды вупражных Вітас, які рахмана вітаў усіх, хто падыходзіў да яго стойла. Іншым жа коням выпала прадэманстраваць сваё ўменне ў конным загоне — левадзе, дзе ўдзельніцы школы верхавой язды «Пегас» у грацыёзнай манеры выконвалі прыёмы выездкі і канкуру. Майстэрства і грацыя коней і іх наезніц былі адзначаны апладысментамі шматлікіх наведвальнікаў музейнага комплексу.

Наезніцы з клуба Пегас

Паміж рознымі часткамі праграмы фэсту «Млын» яго гасцям прапаноўвалася азнаёміцца з музейнымі экспазіцыямі комплексу (этнаграфічнай, рарытэтных аўто), а таксама з ганчарнай, сталярнай, ткацкай, лозапляцельнай і шматлікімі іншымі майстэрнямі, якія давалі ўяўленне пра прафесіянальнае майстэрства і быт нашых продкаў.

Мастайр па дрэву грае на сурме

Майстар-ганчар грае на акарыне

Вялікай папулярнасцю ў гасцей комплексу карысталіся кулінарныя майстэрні — хлебапякарня, сыраварня і бар “Шынок”, у якім прапаноўвалася прадэгуставаць мясцовыя ўзоры квасу і спірытусавых напояў, якія суправаджаліся смачным дранікамі, блінамі, салёнымі агурочкамі і мяснымі прадуктамі свойскага вырабу. Як кажуць, прайсці побач з гэтай смакатой было немагчыма!

Майстар-клас па старажытных танцах

Падсілкаваўшыся, наведвальнікі фэсту рушылі на цэнтральную сядзібу Музейнага комплексу, дзе свае задорныя рытмы ўжо разліваў па наваколлю гурт старажытнай музыкі «Яварына». Адна з «разынак» фэсту «Млын» — развучванне старасвецкіх танцаў і гульняў. Тут ролю завадатараў ўзялі на сябе ўдзельніцы вандроўнага тэатра «Гістрыён» і вядучы танцавальнага свята, бард Зміцер Сідаровіч. Разам з гледачамі яны развучылі некалькі танцавальных рухаў, што праз некаторы час пераўтварылася ў сеанс масавых танцавальных практыкаванняў на свежым паветры.

Гурт Яварына заклікае на галоўную плошчу патанчыць

Асаблівую цікавасць праграмы фэсту выклікала кулінарная віктарына знакамітага знаўцы беларускай нацыянальнай кухні, аўтара кулінарнай кнігі «Наша страва» Алеся Белага. Было вельмі прыемна, што на ўсе пытанні, якія задаваў слухачам спадар Алесь, гучалі дакладныя з гістарычнага і кулінарнага пункту гледжання адказы. Гэта сведчыць, што маладыя людзі цікавяцца старажытнай  галіной гаспадарчай дзейнасці беларусаў і, па ўсёй верагоднасці, нешта і самі гатуюць па даўніх рэцэптах, вернутых у побыт Алесем Белым.

Алесь Белы праводзіць віктарыну для знаўцаў беларускай кухні

З добрым настроем і шматлікімі сувенірамі, якія дасталіся пераможцам віктарыны ад Алеся Белага, наведвальнікі фэсту рушылі на музейную паляну, дзе ўжо адстройвалі гук хэдлайнеры фэсту «Млын» гурт «Крамбамбуля».

Як толькі паляна была запоўнена, на фестывальную сцэну выйшаў  Лявон Вольскі і абвясціў пачатак выступу свайго гурта. Нягледзячы на тое, што «Крамбамбуля» не часта гасцюе на беларускіх фэстах ці канцэртных пляцоўках, гледачы добра ведаюць творчасць каманды і яе нязменнага лідара Лявона Вольскага. Гурту з энтузіязмам падпявалі і дарослыя, і дзеці: «Турысты», «Госці», «Мама, дарагая», «Абсэнт» — усе гэтыя творы сталі прыкладам сучаснага харавога выкання на свежым паветры.

Фанк ад «Крамбамбулі»

Хачу адзначыць, што за апошні час «Крамбамбуля» са звычайнага поп-гурта трансфармавалася ў калектыў з больш складанай музыкай, якая стала бліжэй да фанку. У аранжыроўках гурта ўжываюцца больш складаная рытміка і разгорнутыя партыі духавых інструментаў (П. Арклян — саксафон, А. Якубчык — труба). Музыканты таксама могуць здзівіць слухачоў і джазавымі імправізацыямі. Надзеі слухачоў поўнасцю апраўдаліся, бо на канцэрце прагучалі не толькі старыя і новыя хіты «Крамбамбулі», але і песні Вольскага перыяду N.R.M. — «Партызанская», «Паветраны шар» і, канешне ж, любімыя моладдзю, вечна маладыя «Тры чарапахі»!

Адданыя прыхільнікі Крамбамбулі

Трэба падзякаваць супрацоўнікаў Музейнага комплексу старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» за тое, што іх намаганнямі наша фестывальная прастора папоўнілася яшчэ адным гісторыка-культурным святам, мэта якога — спалучаць веды пра мінулае беларусаў і даць уяўленне пра яе сучасны стан. У гэтым годзе гэтыя мэты дасягнутыя, і гэта дае фэсту «Млын» добрыя перспектыву на будучае.

Каментаваць