«Мова з Імбрыкам»: каб вярнуць наш скарб — нашу мову

Пасля прэзентацыі ў віленскім Доме нацыянальных меншасцей, моўныя курсы «Мова з Імбрыкам», ініцыятарам якіх стаў вядомы беларускі прадпрымальнік і вытворца беларускай сувенірнай прадукцыі, уладальнік інтэрнэт-крамы imbryk.by Алесь Мазанік, былі прадстаўлены ахвочым і ў Мінску.



Алесь Мазанік запрашае на курсы "Мова з Імбрыкам"


Як зазначыў ініцыятар гэтага моўна-культурніцкага праекта спадар Алесь падчас прэзентацыі, мэта яго курсаў — матываваць беларусаў больш актыўна размаўляць на роднай мове, даваць адпор тым, што па саўковай завядзёнцы публічна і прыватна выказвае непавагу да беларускага Слова. Таму на курсах будзе аддавацца перавага жывой гаворцы, аповедам наведвальнікаў пра тое, што для іх азначае беларускае мова, якое значэння яна мае ў яго жыцці, якія перашкоды сустракаюцца ў іх на шляху да беларускасці.

Спадар Алесь падкрэсліў, што яго курсы не будуць паўтараць напрацоўкі напрыклад, ужо аўтарытэтных курсаў «Мова Нанова» ці іншых. Ён будзе шукаць новыя формы выхавання павагі да нашага агульнага моўнага скарбу. І таму на прэзентацыі, у якасці эксперыментальных сродкаў, першым наведвальнікам курсаў была паказана нізка матывуючых відэа-ролікаў, якія заклікаюць да вывучэння беларускай мовы.

Першыя курсанты

Думаю, што вядучы курсаў А.Мазанік і сам разумее, што калі чалавек звярнуўся па дапамогу ў вывучэнні роднай мовы, то яго асабісты шлях да беларушчыны — самы лепшы прыклад матывацыі для іншых. Таму спадар Алесь прапанаваў падзяліцца сваім досведам некаторых з прысутных. Цікавыя жыццёвыя прыклады прывёў ветэран нацыянальнага руху, журналіст і музычны крытык Вітаўт Мартыненка, які распавёў пра станаўленне нацыянальнай мас-культуры, пра выдадзеную разам з аўтарам гэтых радкоў кнігу «222 альбомы беларускага року і ня толькі…», пра яго асабістае змаганне за вяртанне ў беларускую мову рэпрэсаванага бальшавікамі гука «ґ» (выбуховага)…

Гэты аповед, а таксама конкурс сярод курсантаў на веданне твораў айчыннай папулярнай і рок-музыкі, выклікаў хвалю абмеркаванняў і, спадзяемся, жаданне працягу вывучэння беларускай мовы ў размоўным фармаце. Музычную частку прэзентацыі праекта А. Мазаніка «Мова з Імбрыкам» завяршыў бард Зміцер Захарэвіч, які напрыканцы выканаў некалькі аўтарскіх кампазіцый, у тым ліку на вершы са свайго першага паэтычнага зборніка, які хутка пабачыць свет.

Бард Зміцер Захарэвіч — ганаровы госьць курсаў

Абмеркаванне:

  • В. Аждунс
  • 2016-01-27 21:55:00
Прышпільна, што апэратыўна. Я сам там учора пабываў, было весела, атрымаў нават кніжку Вячаслава Адамчыка ў прыз за правільны адказ, якую даўно хацеў пачытаць (апошні прыжыцьцёвы збор апавяданьняў
"Нязрушаны камень"). А барда Зьмітра Захарэвіча адкрыў для сябе ўпершыню. Вельмі мудрая паэзія ў хлопца. У наступны аўторак таксама пайду, калі нічога ня зьменіцца.

Каментаваць