Мулявін у «Добрых мыслях»

Мне здаецца, што, калі б Уладзімір Мулявін дажыў да свайго 70-годдзя і да 19 снежня 2010 года, то ў вечар таго дня ён быў бы ў цэнтры Мінска. Магчыма, нават з гітарай, і, перакрываючы гукі расійскай папсы, якая брынчэла з дынамікаў на Кастрычніцкай плошчы, спяваў бы. Магчыма, «Янку Купалу». Або якую яшчэ са сваіх балад. Бо Мулявін, хаця часам любяць падкрэсліць яго рускае паходжанне, быў беларускім музыкам. Беларускім чалавекам, цвёрдым воляю, як скала.



Мне здаецца, што, калі б Уладзімір Мулявін дажыў да свайго 70-годдзя і да 19 снежня 2010 года, то ў вечар таго дня ён быў бы ў цэнтры Мінска. Магчыма, нават з гітарай, і, перакрываючы гукі расійскай папсы, якая брынчэла з дынамікаў на Кастрычніцкай плошчы, спяваў бы. Магчыма, «Янку Купалу». Або якую яшчэ са сваіх балад. Бо Мулявін, хаця часам любяць падкрэсліць яго рускае паходжанне, быў беларускім музыкам. Беларускім чалавекам, цвёрдым воляю, як скала.

Гэта фантазія магчымая, бо Мулявін у сваёй музыцы быў настолькі вялікі і значны, што ў кожнага беларуса ёсць свой Мулявін. 22 студзеня ў мастацкай галерэі фальварка «Добрыя мыслі» ў Мінску адкрылася фотавыстава Яўгена Коктыша «Памяці Уладзіміра Мулявіна», прысвечаная 70-годдзю з дня яго нараджэння. Гэта — Мулявін Коктыша, пагодкі музыкі, выдатнага фатографа. 45 каляровых і чорна-белых фотаздымкаў. Асабліва выразныя — Мулявін у кажушку сярод ветак у шэрані і Мулявін на чоўне. Так і падмывае сказаць — на чоўне жыцця. У апошнія гады яму было брыдка ў гэтай краіне — і яго човен адплыў у вечнасць.

Таццяна Гаранская і Віктар Маркавец, такім чынам, наладзілі пятую персанальную выставу Яўгена Коктыша, пасля экспазіцый, прысвечаных Васілю Быкаву, Алесю Адамовічу, Міколу Селяшчуку і Стэфаніі Станюце. Мулявінская будзе працаваць да 31 студзеня, потым запланаваны яшчэ дзве персанальныя выставы Коктыша і выданне аўтарскага фотаальбома, прысвечанага 70-годдзю майстра.

На адкрыцці выставы адбылася, як заўсёды, цёплая гутарка, госці дзяліліся ўспамінамі. Каб зразумець здольнасць Яўгена Коктыша адчуць асабістасць свайго героя і ўмельства экспазіцыянераў перадаць гэта майстэрства, на выставу лепш схадзіць. А каб падкрэсліць думку пра тое, што «Песняры» ў кожнага ў Беларусі свае (тыя, першасныя), раскажу асабістую гісторыю. Паступіўшы ў Маскоўскі ўніверсітэт у 1980 годзе, я пазнаёміўся з масквічкай, другакурсніцай, Наталляй К., дачкой савецкага прадстаўніка ў Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэневе. Менавіта там «Песняры» давалі свой першы замежны канцэрт, і Наталля з першага погляду — і амаль на ўсё жыццё — закахалася ў Анатоля Кашапарава. Праз усе гады навучання ў Маскве маёй задачай падчас гастроляў там «Песняроў» зрабілася праходзіць за сцэну і выклікаць Анатоля на сустрэчу. Нават скончыўшы ў 1985 годзе МДУ, Наталля пайшла не ў гісторыкі, а ў карэспандэнты «Советского спорта» па гімнастыцы, каб часцей наведвацца ў Мінск, дзе гімнастычная школа ў тыя гады квітнела. Менавіта яна ратавала Анатолеў голас, калі ён садзіўся, дастаўляючы яму швейцарскія лекі. А я, выпадкова трапіўшы ў Нью-Ёрк, калі «Песняры» давалі там у рэстаране «Распуцін» канцэрт на сваё 25-годдзе, хацеў пра гэта пажартаваць, прыйшоўшы за сцэну да Анатоля.

На самай справе, канцэрт у «Распуціне» быў ужо закатам «Песняроў». Бо значна раней, у гады свайго трыумфу, Мулявін, насуперак халоднай вайне, адчыніў ключамі свайго магутнага таленту сэрцы мільёнаў меламанаў ЗША. І ўпершыню паказаў музычную Беларусь той краіне, якая ўвогуле не ўяўляла, што ў цэлым СССР ёсць іншая музыка, апрача гімнаў і ваенных маршаў. Мне ж знаёмства з «Песнярамі» падаравала адзін цуд. Неяк у выходны дзень, ідучы па вуліцы Мінска з фотаапаратам, я сфатаграфаваў сімпатычную маладую даму, і па-блюзнерску прадставіўся карэспандэнтам замежнай газеты. А дама, як высветлілася, вельмі перажывала з нагоды магчымага звальнення з работы свайго былога трэнера па мастацкай гімнастыцы, і спыталася, ці няма ў мяне сувязяў дапамагчы захаваць справядлівасць. Праз «Песняроў» у мяне быў выхад на «Советский спорт», і справядлівасць была адноўлена. А праз пару гадоў дама нарадзіла мне сына. У кожнага — свае «Песняры».
 

Каментаваць