Музейная ноч: алея закаханых, байкеры ды старыя друкаркі (+фота)

У ноч музеяў мінскія ўстановы працавалі хто да 2:00, а хто і да 5:00. Атмасфера была летняя, святочная і разняволеная, як на еўрапейскіх фестывалях. Хаця было прахалодна, і не так, як летняй ноччу, што апрані копту з доўгімі рукавамі — і гатова, а з халодным ветрам, так што многія прыхапілі тэрмасы.

Супрацоўнікі дома-музея РСДРП ужо заўважылі, што людзі падчас Ночы музеяў збольшага ідуць двума маршрутамі. Частка пачынае з Дома-музея і кіруецца «наверх», праз музей Янкі Купалы на Нямігу і вуліцу Карла Маркса. Іншыя, наадварот, пачынаюць «зверху» і сканчваюць шпацыр на іх музеі.
«Ноч музеяў» з беларускай літаратурай (фотарэпартаж)

Я абрала першы маршрут, бо выступала ў Доме-музеі са спеўным гуртком «Нямора». Мы зрабілі праграму з лірычных песень, прымеркаваных да вяснова-летняга перыяду. Для слухачоў падрыхтавалі паштоўкі з ілюстрацыямі да песень ды кавалкамі тэкстаў.


І ўнутры, і звонку музея Янкі Купалы (дабралася туды бліжэй да дзявятай вечару) нешта адбывалася: хтосьці разглядаў старыя вясельныя фотаздымкі на «Алеі закаханых», хтосьці – біжутэрыю ў рамесных шэрагах, грала ірландская музыка, потым – гурт «Лепшы квас», у залах музея праходзіў майстар-клас па беларускіх традыцыйных танцах… На любы густ. Можна было б хадзіць ад цікавосткі да цікавосткі цэлы вечар.


Ужо цёмна, кіруюся «наверх». У музеі Петруся Броўкі паказваюць фільмы з фестывалю Cinema Perpetum mobile, скончыўся чэмпіянат на старых друкарках, але працягваюцца чытанні Броўкі non-stop, настольныя гульні. Экскурсавод заводзіць групу ва ўнутраны дворык – светлавы калодзеж, чым выклікае абурэнне ахоўнікаў правапарадку: у гэтым жа будынку месціцца апорны пункт, які адказвае за бомбасховішча ў сутарэннях. Пасля ўласнай праграмы, што доўжыцца да 1:30, «броўкаўцы» збіраюцца наведаць калег у музеі Заіра Азгура, якія працуюць да 5-й ранку.



Пад адзінаццатую на будынку мастацкага музея — светлавое шоў, побач гойсаюць туды-сюды байкеры. Пачынаю адчуваць атмасферу еўрапейскага фестывалю — людзі гуляюць, вішчаць, сядзяць на асфальце, пераходзяць дарогу, як хто хоча… Нечакана для Мінска. Плынь людзей да музея не спыняецца, шмат хто кажа, што светлавое шоў на Мастацкім было ў гэту ноч абавязковым пунктам іх маршруту.


У дворыку гістарычнага музея — канцэрт і кірмаш. Фотавыстава Марыны Бацюковай, якую я, здавалася б, здымала палову мінулага тыдня падчас розных імпрэз, у начным святле выглядае зусім па-іншаму. На гэтым ваяж згортваю, спяшаюся на свой бараўлянскі аўтобус.


Ведаю, што музейныя гурманы рыхтуюцца да імпрэзы загадзя, купляюць квіткі, адкладаюць на таксі. Менш заможныя грамадзяне распрацоўваюць маршрут па музейных праграмах з вольным уваходам ды рыхтуюцца ісці дамоў пешкі.

Фота Алены Ляшкевіч і Андрэя Пуціліна.

Каментаваць