Музычнае свята на траве

Нарэшце заўзятары сапраўднай беларускай музыкі дачакаліся свайго свята, якое, не па віне арганізатараў, адклалася амаль на тры тыдні: 11 чэрвеня ўсё ж адбыўся “Канцэрт на траве з удзелам як маладых выканаўцаў, так і сапраўдных волатаў (адзін толькі Лявон Вольскі чаго варты!) айчыннага альтэрнатыўнага музычнага мастацтва.



Нарэшце заўзятары сапраўднай беларускай музыкі дачакаліся свайго свята, якое, не па віне арганізатараў, адклалася амаль на тры тыдні: 11 чэрвеня ўсё ж адбыўся “Канцэрт на траве з удзелам як маладых выканаўцаў, так і сапраўдных волатаў (адзін толькі Лявон Вольскі чаго варты!) айчыннага альтэрнатыўнага музычнага мастацтва.

На фэст, які быў зладжаны на хутары “Шаблі ў вёсцы Малое Запруддзе, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, сабраліся сотні людзей. Многія прыязджалі цэлымі сем’ямі. Арганізатары “Канцэрта… зрабілі так, каб усе жадаючыя за невялікую дадатковую плату змаглі нават пераначаваць у “Шаблях, балазе на хутары былі прадугледжаны і парковачныя месцы для прыватных аўтамабіляў, і пляцоўка пад намётавы лагер. Таму яшчэ задоўга да пачатку самога мерапрыемства ужо былі разгорнуты дзясяткі намётаў, а будучыя гледачы ўжо смажылі на адмыслова прадастаўленых месцах барбекю ды шашлыкі.

Хто прыехаў раней, гулялі ў пінг-понг і валейбол ці проста загаралі на сонцы, бо і надвор’е, калі не лічыць невялікага летняга “сляпога дожджыка, спрыяла і файнаму настрою, і адпаведнаму часаправоджанню. Іншыя маглі адправіцца на экскурсію па гістарычных мясцінах – Лоск і Крэва.

Тут жа, ля канцэртнай пляцоўкі, можна было паласавацца сапраўдным дэлікатэсам – у невялічкім закутку мясцовыя кухары прапанавалі пачаставаць гуляш з… “страусяціны ды хатнія блінчыкі з гэткім жа змесцівам. Справа ў тым, што зусім побач з “Шаблямі знаходзіцца гаспадарка, дзе на вытворчым узроўні вырошчваюць чорных афрыканскіх страўсаў, вось адтуль і дэлікатэсы.

Прыкладна гадзіне а трэцяй па апоўдні пачаўся канцэрт. Напачатку выступалі гурты больш маладыя – “Йо-Йо, “2MORROW2LATE, “9 міліметр, “Далі. А 19-й на подыюме з’явіўся Лявон Вольскі, які першую гадзіну ўпершыню на вольным паветры прэзентаваў сваю новую сольную праграму на вершы беларускіх класікаў “Белая яблыня грому (першы паказ гэтай праграмы летась у канцэртнай зале “Мінск меў велізарны поспех). Узвышаны настрой “зубра беларускага року тлумачыўся тым, што ў гэты дзень у ягонай жонкі Ганны Вольскай, якая адначасова з’яўляецца і прадусарам яшчэ аднаго праекта Лявона “Крамбамбуля, быў дзень народзінаў, таму Вольскі і прысвячаў сваё выступленне любай жанчыне. Гадзінай пазней, праз дзесяціхвілінную паўзу, Вольскі выступаў ужо разам з “Крамбамбуляй, прадставіўшы гледачам новы альбом “Драбадзi – Драбада. Публіка проста шалела ў экстазе! І не дзіва, бо, як вядома, “Крамбамбуля трапіла ў так званы “чорны спіс беларускіх выканаўцаў, і ўбачыць зараз музыкаў жыўцом у Беларусі – вялікая рэдкасць. А яшчэ калі Вольскі злавіў кураж, то тут ужо не вытрымае нават слуп. Сярод тых, хто атрымліваў асалоду ад выступаў беларускіх выканаўцаў, быў і пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан – “самы беларускі замежны амбасадар, які не прапускае, бадай, аніводнай сапраўды беларускай культурніцкай падзеі. 

Выступае гурт Далі

Лявон Вольскі з фанаткамі пасля канцэрту

Лявон Вольскі прэзентуе Белую яблыню грому

   
Ужо калі сцямнела, на сцэну выйшлі яшчэ адныя любімцы публікі – “J:Mors, якія явілі народу праграму “Многа Неба. Лідэр калектыву Уладзімір Пугач таксама быў у асаблівым гуморы, бо ягоная дачка скончыла школу, і менавіта 11 чэрвеня ў яе быў выпускны баль, адкуль Валодзя, уласна кажучы, і прыехаў на канцэрт. Лішне казаць, што і ён выступаў на вялікім уздыме, а публіка прымала яго не горш за Лявона. 

Асаблівую падзяку і гледачы, і музыкі выказвалі арганізатару “Канцэрта на траве Валодзю Шаблінскаму – можна толькі сабе ўявіць, колькі высілкаў яму каштавала і дабіцца дазволу мясцовых уладаў на правядзення фэсту, і заключыць дамовы з міліцыяй, аховай, “хуткай дапамогай, пажарнікамі, забяспечыць харчаванне гацей і гэтак далей. Сапраўдны профі сваёй справы! 

Карацей, свята жыцця ўдалося! Цяпер хочацца працягу. Вельмі-вельмі!

Публіка фанацее пад Крамбамбулю

Тут частавалі страўсяцінай


У Шаблях створаны ўсе ўмовы для гледачоў
 

----------------------------------------------------------

Фота аўтара

Каментаваць